Час ад часу даводзіцца чуць, што кіно хутка памрэ. Бо хутка яго заменяць кампутарныя гульні. Але нават калі кінэматограф ня мае будучыні – у чым я асабіста сумняюся – яму безумоўна належыць шыкоўнае мінулае.
Сярод найцікавейшых кінападзеяў апошніх тыдняў – гістарычная брытанская драма “Залаты век”. Рэжысэр Шэкар Капур празь дзевяць гадоў вяртаецца да сваёй улюбёнай тэмы – гісторыі славутай каралевы Лізаветы Першай. У свой час стужка Капура “Лізавета” прынесла сусьветную славу рэжысэру. І адпаведна – выканаўцы галоўнай ролі Кейт Бланшэт. Гэтым разам яны сышліся зноў: Капур, Бланшэт і іх ганарыстая гераіня.
Радуе вочы адметная якасьць карцінкі і віртуозная праца рэжысэра. Але “Залаты век” – гэта перадусім акторскае кіно. Лізавета ў выкананьні рудавалосай Кейт Бланшэт уражвае і зачароўвае. Жанчына-маланка, жанчына-ціша, жанчына-пяшчотны дождж, жанчына-выбух… Скуль гэта ўсё бярэцца ў хударлявай акторцы? Няма адказу. Бо няма тлумачэньняў цуду. Глядзіш у захапленьні кіно пра брытанскую гісторыю. І сам у сябе пытаесься: а калі ў нас зьявяцца нармальныя фільмы пра нашую мінуўшчыну? Беларускіх Лізаветаў хапае. Ды нешта Капураў не відаць.
Галоўнае адмоўнае ўражаньне – амэрыканскі трылер “Мёртвая ціша”. Цікавы прыклад фільму, зробленага з выдатным густам і пачуцьцём стылю, але пры гэтым ня здольнага крануць глядацкае сэрца. Магчыма, рэжысэр Джэймз Уан папросту трапіў у закладнікі да шаблённага сюжэту, прысьвечанага лялькам-забойцам.
Амэрыканская готыка – то бок сьвет правінцыйных жахавак – прарастае ў гэтым кіно скрозь старыя могілкі і спарахнелыя сямейныя таямніцы. Гэта жудасны тэатар марыянэтак, дзе кожны лічыць сабе гаспадаром. Цікава? Магчыма, але толькі на пачатку прагляду. Бо потым аўтары нечакана і незваротна губляюць усе свае набыткі. А разам зь імі – і давер гледача.
А зараз – мой асабісты выбар гэтага тыдня. У нашыя крамы трапіла калекцыйнае выданьне чарговага дыснэеўскага шэдэўру. Маю на ўвазе “Кнігу джунгляў”. Анімацыйны пераказ вядомай гісторыі пра хлопчыка-ваўка традыцыйна аздобілі бадзёрыя песенькі. А сьпяваюць іх мядзьведзі, сьцярвятнікі ды малпы.
Шмат хто ўпарта лічыць найлепшай вэрсіяй казкі Кіплінга стары савецкі мульцік. Але, як на мяне, стужка Дыснэя нічым ня горшая. Можа, тут сапраўды недахоп драмы і гераічнага патасу. Затое ёсьць сымпатычныя героі, выдатная графіка і шалёны драйв.