Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Магілёў: розныя падыходы да адаптацыі інвалідаў


Радыё Свабода, Магілёў Тэма грамадзкага рэдактара тыдня Дар’і Ліс Адаптацыя інвалідаў да паўнавартаснага жыцьця ў грамадзтве адна з найвастрэйшых сёньняшніх праблемаў у Беларусі. З гэтым пагаджаюцца і ў дзяржаўных і ў недзяржаўных арганізацыях. Як працуюць гэтыя арганізацыі дзеля вырашэньня злабадзённай праблемы? Гэтае пытаньне вывучаў наш магілёўскі карэспандэнт.

У Бялыніцкай спэцыялізаванай школе-інтэрнаце бальшыня гадаванцаў – дзеці сацыяльныя сіроты. Навучаньне праходзіць паводле адмысловых карэкцыйных праграмаў:

Гаворыць дырэктар школы-інтэрнату Мікалай Дзерапоўскі:

“Дзеці-сіроты сацыяльныя трапляюць ва ўстанову з нэгатыўным жыцьцёвым досьведам. Наша задача гэты досьвед зьменшыць і настроіць яго на пазытыўны лад. Новымі распрацоўкамі пэдагагічнымі карэкцыйнымі займаецца інстытут пасьля дыплёмнай адукацыі ў Менску”.

У перадвыпускных клясах дзеці атрымліваюць веды з жывёлагадоўлі, агародніцтва, сьлесарства ды будаўнічых спэцыяльнасьцяў. Намесьніца дырэктара Людміла Койда прызнае: што прыстасаваньне гадаванцаў да жыцьця нялёгкая задача:

“Вось у школе мы іх вядзём, апякаем. Рыхтуем да жыцьця. Стараемся праз усе школьныя прадметы, каб дзеці набывалі сацыяльна значныя веды, тыя, якія спатрэбяцца ім у жыцьці. Ну а адаптацыя... У нас ёсьць шмат прыкладаў, дзе нашы дзеці добра ўладкаваліся. А ёсьць і ня добрым лёсам”.

Паводле Мікалая Дзерапоўскага, школа-інтэрнат няблага фінансуецца. Нядаўна тут зьявілася кампутарная кляса. Дапамагаюць замежныя спонсары. Некалькі год запар прадстаўнікі італьянскага фонду “Форум” рамантуюць сантэхнічнае абсталяваньне.

А вось Сьвятлана Пагірская не змагла працаваць у дзяржаўнай сацыяльнай арганізацыі. Пяць год таму яна сышла з кіраўнічай пасады і заснавала дабрачынны фонд “Блакітныя берагі”. Фонд аказвае паслугі для 150 чалавек. Значная частка якіх – інваліды.

Чаму Сьвятла Пагірская вырашала сысьці з кіраўнічай пасады?

Пагірская: “Тое, што я не магу зрабіць тое, што лічу патрэбным. Любая арганізацыя павінна не проста працаваць. Яна павінна вырашаць нейкую праблему. Вынік павінен быць відавочным і запатрабаваным. Год скончыўся – выпускнікі прайшлі маніторынг, і калі яны стаяць у чарзе ў цэнтар занятасьці, тады давайце нешта мяняць. Розьніца ў тым, што ты ня ў стане сказаць, што ты думаеш”.

Свой фонд Сьвятлана Пагірская стварала безь дзяржаўнага фінансаваньня. Дзеля чаго?

“Асноўная мэтавая група – дзеці хворыя, а ў іх па жыцьці такі стан, што яны тонуць. Тонуць яны, што тут казаць. Наш фонд стварыўся дзеля чаго – каб дзяцей навучыць плаваць. Ты плыві, даплывеш да гэтага берага і ўбачыш рэальную мару. У нас даплыў – значыцца навучыўся канкрэтнай справе”.

У фондзе пазьбягаюць прамаўляць слова “інвалід”.

“Інвалід – гэта мэдычны панятак. Аднаму чалавеку ён выстаўлены, другому не. Выстаўлены таму, што ён падпадае пад нейкія крытэры мэдычныя. А хто іх пісаў? Людзі. Цяжка правесьці градацыю правесьці. Разуменьні ў людзей якое? Калі ў чалавека нага на месцы, ён ідзе. Значыцца, ён здаровы чалавек. А калі нехта кульгае – ён інвалід”.

Што непакоіць, чаму радуюцца і што зычаць дзеці-інваліды здаровым людзям? Адказваюць гадаванцы фонду “Блакітныя берагі”:

“Раўнадушша простых людзей, якія не разумеюць, што інваліды таксама людзі, як яны. Хачу выпусьціць першы зборнік сваіх вершаў”.

“Тут цікава, тут сяброў шмат. ну і дома ня хочацца сядзець. Я нідзе не працую, проста сяджу дома. У мяне яшчэ няма мары”.

“Каб ва ўсіх сьвяцілася ўсьмешка. Дабрыня выратуе сьвет”.

Кіраўніка яшчэ адной з грамадзкай арганізацыі Магілёўшчыны “Жаночы цэнтар падтрымкі і самаадукацыі” Валянціна Гвазьдзёва кажа: на сёньня сацыяльныя няўрадавыя арганізацыі ўспрымаюцца дзяржавай крайне стэрэатыпна. Іхны патэнцыял у адаптацыі слаба абароненых груп насельніцтва застаецца незапатрабаваным:

“Дзяржаўныя арганізацыі ў прынцыпе ствараюць сыстэму. Гэтая сыстэма не даходзіць да асобнага маленькага чалавека. А грамадзкія арганізацыі сустракаюцца з канкрэтным чалавекам. Грамадзкія арганізацыі маюць замежных партнэраў. Яны могуць прыносіць дадатковыя рэсурсы для вырашэньня гэтай праблемы на дзяржаўным узроўні”.

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня Дар’я Ліс:

“На шчасьце, у мяне ёсьць дом і сям’я – я магу разважаць над праблемай хіба тэарэтычна, з боку, так бы мовіць…

Як чалавек трапляе ў дом-інтэрнат і чаму? Бацькі адмаўляюцца ад сваіх дзяцей (дзеці – ад бацькоў) або паміраюць, і тыя застаюцца без падтрымкі блізкіх. Зразумела, тут цяжка жыць. На хворага цалкам звальваюцца занадта сур’ёзныя праблемы. І тады яму застаецца зьвяртацца па дапамогу дзяржавы.

А яе, на жаль, вельмі часта не стае. І тады нараджаецца яшчэ адна страшная, па сутнасьці, праблема. Гэта – алькагалізм. Так, той сацыяльнай хваробай пакутуе ўсё грамадзтва, аднак у асяродку людзей з абмежаванымі магчымасьцямі яна абарочваецца асабліва вострымі наступствамі.

Ёсьць зусім сьвежыя страшныя выпадкі, калі жыхара аднаго з гомельскіх інтэрнатаў, які выйшаў за бутэлькай “чарнілаў”, забіў іншы, здаровы алькаголік: маўляў, гэта ж трэба – калека, а не падзяліўся! Узяў тады ды скрэмзаў нажом.

Хоць дзеля праўды варта сказаць: сустракаюцца таксама людзі, якія і ў доме-інтэрнаце не апускаюць рукі. Жывуць, сябруюць, набываюць кампутары і нават карыстаюцца спадарожнікавым інтэрнэтам… Малайцы!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG