ЛІТПРАЦЭС
БАРЫС ПЯТРОВІЧ: “ШКАДУЮ, ШТО ЗА ПЯЦЬ ГАДОЎ У “ДЗЕЯСЛОВА” НЕ ЗЬЯВІЛАСЯ ПАСЬЛЯДОЎНІКАЎ”
Незалежны літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў” днямі адсьвяткаваў сваё пяцігодзьдзе, выдаўшы з часу заснаваньня трыццаць нумароў. Ён узьнік як пратэст супраць аб’яднаньня ў гэтак званы холдынг дзяржаўных літаратурных часопісаў, увядзеньня ў іх цэнзуры. Нягледзячы на фінансавыя складанасьці, перашкоды з боку ўладаў на свабодны распаўсюд, нават адсутнасьць памяшканьня для рэдакцыі, “Дзеяслоў” сфармаваў вакол сябе таленавіты аўтарскі актыў і заваяваў шырокае чытацкае кола. З галоўным рэдактарам “Дзеяслову” Барысам Пятровічам гутарыць Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: “Добрых ідэяў, якія нараджаюцца ў розных беларускіх кампаніях, шмат. Аднак далей за застольную гамонку яны ў сваёй бальшыні не сягаюць. Ведаючы гэтую нацыянальную адметнасьць, былі скептыкі, якія ня верылі, што нешта выйдзе і з вашай задумы выдаваць пэрыядычны “тоўсты” літаратурны часопіс. А самі вы тады, у 2002 годзе, ці верылі, што пратрымаецеся хаця б нейкі час, хаця б пару-тройку нумароў выдадзіце, а ня тое, што пяць гадоў асягнеце ды трыццаць нумароў пусьціце ў чытацкі сьвет?”
Барыс Пятровіч: “Ня думаў тады, што давядзецца так надоўга затрымацца на гэтым полі. Думаў: ну сапраўды, вось ёсьць цудоўная ідэя, ёсьць хлопцы – чаму б нам не паспрабаваць зрабіць пару-тройку, як вы кажаце, нумароў, не засьведчыць тое, што і мы нешта можам, што мы не скарыліся. Холдынгавая ідэя ад пачатку была заганная, і думалася, што, можа быць, апамятаюцца тыя людзі, якія ўтварылі гэты холдынг. Я вось згадваю дахолдынгавыя часы: цэнзура была, але цэнзура пасьля выхаду часопісу. Сьмеласьць выданьня шмат у чым залежала ад пазыцыі галоўнага рэдактара – мог ён сабе дазволіць друкаваць Быкава ці іншых аўтараў, на той час забароненых, ці ня мог. А ўжо потым, калі выйдзе нумар, яго выклічуць некуды на дыван і будуць разьбірацца. Але гэта будзе потым, і гэта будзе ведаць адзін ён, наколькі цяжка ў гэтай сытуацыі працаваць. А для чытачоў самае важнае будзе тое, што ёсьць нумар, ёсьць тэксты. Такім чынам мы і працавалі ў дзяржаўных часопісах да 2002 году.
Верылася, што гэтая сытуацыя можа вярнуцца. Але іншыя людзі, якія стваралі холдынг, думалі іначай. Таму нам давялося рэгістраваць незалежны “Дзеяслоў”, што было вельмі няпроста. Мы паставілі перад сабой мэту быць выданьнем сур’ёзным, а сур’ёзнае выданьне мае на ўвазе найперш пэрыядычнасьць. Сказаўшы А, трэба казаць Б, В – і так да канца алфавіту. Карацей, гэтая справа нас зацягнула ў сябе, і мы вось так, не агледзеўшыся нават, і прайшлі гэтыя пяць гадоў на адным дыханьні”.
Аксак: “Тое, што да вас панесьлі свае творы ўжо вядомыя літаратары, якія ведалі пра стварэньне новага часопіса і не захацелі друкавацца ў падцэнзурных дзяржаўных выданьнях, – гэта натуральна. А вось маладыя, нікому не вядомыя пачаткоўцы, як яны трапляюць на старонкі “Дзеяслова”? Адкуль дазнаюцца пра часопіс, назву якога не сустрэнеш ні на старонках афіцыйных газэт, не пачуеш ні з экрану тэлевізара, ні з вуснаў выкладчыцы роднай літаратуры?”
Пятровіч: “Адным з нашых галоўных прынцыпаў, калі мы пачыналі ствараць часопіс, быў той, што мы павінны даць альтэрнатыўную недзяржаўную трыбуну маладым літаратарам. Каб у іх быў выбар: несьці свае творы ў падцэнзурныя выданьні альбо ў незалежныя. І таму зь першых нумароў мы пачалі друкаваць творы маладых у рубрыцы “Дэбют”. Прычым друкуем абсалютных дэбютантаў, тых, хто сапраўды ўпершыню адважыўся паказаць свае творы шырокаму чытачу. Такіх дэбютантаў у нас за гэтыя пяць гадоў больш за пяцьдзесят. Як яны даведваюцца пра часопіс? Дзякуй Богу, цяпер ёсьць інтэрнэт, а ў інтэрнэце ёсьць “Дзеяслоў”.
Аксак: “А зараз паслухаем адну з адкрытых часопісам маладых паэтак Лізавету Дамініку Панамарову, якая днямі стала першым ляўрэатам заснаванай “Дзесловам” прэміі для дэбютантаў імя Анатоля Сыса”.
Панамарова: “Для мяне “Дзеяслоў” быў вельмі недасягальнай планкай, але вось неяк дасягнула нават прэміі. Дзякуй! І прапаную новы верш:
Амаль разднела, і туман далёкі Сьцяліў холадам мокрыя травы, Гучэў хор, адганяў аблокі, Аблокі з водарам кавы. Першай кавы за суткі Каб забіць сон, Ідучы ў працэсіі да Твайго храму. Дай мне ранішні радасны звон, Дай мне веру ў зьдзяйсьненьні, мама...
Аксак: “І апошняе пытаньне да спадара Пятровіча. Калі б сёньня перад вамі зноў, як пяць гадоў таму, паўстала такая задача – стварыць новы часопіс, ці пайшлі б вы зноў на гэта? Іншымі словамі, ці не шкадуеце пра той першы крок, які, як вы сказалі на сьвяточнай вечарыне, павёў вас да справы, якая, магчыма, стане, ці мо ўжо стала справай жыцьця?”
Пятровіч: “Шкадую пра іншае. Шкадую, што за гэтыя пяць гадоў у нас не зьявілася пасьлядоўнікаў. Адзін часопіс для вялікай краіны Беларусі – гэта вельмі мала. На літаратурным полі хопіць месца ўсім. Добра было б, каб зьявілася падобнае выданьне для моладзі, для тых, хто займаецца літаратурнымі экспэрымэнтамі, каб сярэдняе пакаленьне займела свой часопіс... А пра сябе я не шкадую, вядома. І не ўяўляю сёньня, як бы я працаваў у тым жа холдынгавым “Полымі” альбо “Маладосьці”, і дзе б я сёньня мог працаваць і займацца той справай, якая ёсьць справай жыцьця. Я спадзяюся, што гэтая справа ня марная, што яна дала надзею і многім беларускім літаратарам, і проста беларусам, тым, хто перажывае за нашу мову, за нашу культуру, за нашу літаратуру, і што будуць усё-ткі зьяўляцца новыя “Дзеясловы”, якія будуць працягваць нашу справу”.
АЎТАР І ТВОР
РЫГОР СІТНІЦА: “КАЛІ МНЕ НЯ ПІШАЦЦА, ТО І НЕ МАЛЮЕЦЦА”
Рэдакцыя часопісу “Дзеяслоў” чатыры гады таму заснавала літаратурную прэмію “Залаты апостраф”. Яна ўручаецца ў трох намінацыях – за лепшы дэбют, за лепшую празаічную публікацыю і за лепшую публікацыю ў жанры паэзіі. Сёлета прэмію атрымалі: Вольга Іпатава – за раман “Ахвяры сьвяшчэннага дуба”, Рыгор Сітніца – за нізку вершаў, і Лізавета Дамініка Панамарова – за лепшы паэтычны дэбют мінулага году. З адным зь ляўрэатаў “Залатога апострафу” паэтам Рыгорам Сітніцам сустрэўся Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Рыгор, прыміце віншаваньні з нагоды атрыманьня прэміі. Вы штогод друкуецеся ў “Дзеяслове”, вы – ягоны сталы чытач. Калі б былі ў журы і каб у вас гэтая прэмія была не адна, каго б з аўтараў часопісу адзначылі?”
Рыгор Сітніца: “Дзякуй за віншаваньне, але я цьвярозы чалавек і разумею, што быць узнагароджаным за публікацыю, поруч зь якой былі публікацыі Рыгора Барадуліна, Уладзімера Някляева, Леаніда Дранька-Майсюка, – гэта вялікі аванс. Згадваю, у 2006 годзе ў тым самым “Дзеяслове” быў надрукаваны геніяльны верш Някляева, прысьвечаны Ларысе Геніюш. Гэты верш варты ня толькі “Залатога апострафа”, але й Нобэлеўскай ці Дзяржаўнай прэміі. Зрэшты, апошнюю Ўладзімер Пракопавіч мае... Вартыя самай паважнай адзнакі і дзьве другія ягоныя публікацыі – эсэ пра Янку Купалу і Якуба Коласа. Гэта ўнікальныя дасьледаваньні, так пра нашых геніяў не пісаў яшчэ ніхто”.
Скобла: “Дзіўная рэч, у нашай краіне ня першы год зусім не ўручаюцца Дзяржаўныя прэміі па літаратуры. Адзначаюцца мастакі, архітэктары, матэматыкі, а пісьменьнікі – не. Як вы лічыце, чаму?”
Сітніца: “Што ж тут дзіўнага? Каб даваць прэміі за творы, трэба гэтыя творы прачытаць. А я моцна сумняваюся, што людзі ва ўладзе чытаюць беларускую літаратуру. Калі б нашы кіраўнікі ўдумліва прачыталі кнігу Някляева “Так”, калі б яны гэтак жа ўдумліва прачыталі кнігу Барадуліна “Ксты”, то ў іх кардынальна памянялася б стаўленьне да беларускай мовы і да беларускай літаратуры. Але, паколькі грэблівыя адносіны зь іх боку да нацыянальнай культуры захоўваюцца, відавочна – не чыталі”.
Скобла: “На нашых вачах адбылася падмена – Дзяржаўная прэмія Беларусі саступіла першынство прэміі “За духоўнае адраджэньне”, якую ўручае асабіста кіраўнік краіны на вялікай сцэне Палацу рэспублікі. Падобнае адбылося і з ордэнам Францішка Скарыны, які спачатку лічыўся галоўнай узнагародай краіны. Ці ўплывае на прэстыж дзяржавы тое, якія прэміі і ордэны ў ёй – галоўныя?”
Сітніца: “Безумоўна, уплывае. Некаторыя атрыманцы ордэну Скарыны ня ведаюць, хто такі Скарына, гэта мужчына ці жанчына... Тыя ж Мікалай Баскаў, ці Надзея Бабкіна... І шмат іншых людзей, якія ня ведаюць, чым займаўся той Скарына, а ордэны маюць. За якія заслугі – гэта тэма асобная. На вялікі жаль, гэта ня лепшым чынам уплывае на прэстыж дзяржавы. Бо ўсё ж галоўнай прэміяй краіны павінна быць прэмія ад дзяржавы, а не ад асобы. А галоўным ордэнам павінен быць ордэн найвыбітнейшай асобы гэтага народу – Скарыны ці Эўфрасіньні Полацкай”.
Скобла: “Падчас уручэньня вам прэміі “Залаты апостраф” нехта ў залі ўголас падумаў: “Ну ўсё, закіне Рыгор сваю графіку, будзе цяпер толькі вершы пісаць. Няўжо й сапраўды паэт Сітніца адсуне ў цень мастака Сітніцу?”
Сітніца: “Цяпер мне сапраўды надзвычай цяжка падзяліць гэтыя дзьве творчыя іпастасі. Паэзія і выяўленчае мастацтва – гэта розныя формы выказваньня, розныя матэрыялы, але ж выказваецца адзін чалавек. І сёньня для мяне гэты працэс непадзельны. Я даўно за сабой заўважыў: калі мне ня пішацца, то ня дужа й малюецца”.
Скобла: “Прайшло ўжо гадоў сем з таго часу, як вы, выступілі ў друку як паэт, і часта чытаеце свае вершы на розных літаратурных імпрэзах. Калі зьявіцца кніга?”
Сітніца: “Я сам сабе даўно задаю гэтае пытаньне. Бо твораў у мяне назьбіралася ўжо не на адзін зборнік. Але я даволі жорсткі цэнзар у адносінах да самога сябе. І ўсё ж кнігу трэба рабіць. Набліжаецца мой юбілей, якога, праўда, я пакуль не адчуваю. Але, думаю, гэтая дата прымусіць мяне сканцэнтравацца і падсумаваць свае творчыя набыткі. Магчыма, недзе зімой-вясной адбудзецца мая пэрсанальная выстава. І, калі дасьць Бог сілаў і сродкаў, да таго часу думаю адужаць і паэтычны зборнік”.
РЫГОР СІТНІЦА. З БУДУЧАЙ КНІГІ “ТРЫСЬВЕЧНІК”
* * *
Зьвечарэламу пляжу за дзень надакучыла перасыпаць Сваю зыбкую сутнасьць пад цяжарам тысячаў целаў. І як файна цяпер яму быць давідна апусьцелым, І змарнелае сонца зьбіраецца класьціся спаць, Галаву, як дзіця, накрываючы коўдраю мора. А схуднеламу дню самы час падавацца ва ўчора.
Я да ростаняў дальніх паглядам праводжу яго, І аблашчыць душу маю цуду біблейнага подых. І між хваляў барвяных пазнаю аблічча Таго, Хто на сьвеце адзіны ступаць умее па водах.
* * *
Жоўтае лісьце на мокрым асфальце Пераступаем, шукаючы выйсьця. Гэта было – прыгадай, у Вівальдзі – Сьцежкі вільготныя, жоўтае лісьце.
Гэта пасьля паўтаралася з намі, Гэта вяртаецца крозамі, снамі. Гэта ў душы маёй перапляліся Гукі Вівальдзі і жоўтае лісьце.
* * *
Я прашу – прыпынецеся, мэрс і таёта, і форд. Пэўна, будзе нялішняю гэткая перасьцярога, Калі жоўтае лісьце, нягледзячы на сьвятлафор, Як дзятва неразумная, перабягае дарогу.
* * *
Здарожаная завіруха за вокнамі завывала, А кволай маленькай скрыпцы клопату было мала.
Займала абшар завея з надзеяй, што назаўсёды, А скрыпка сабе іграла папросту і без нагоды.
Іграла юная скрыпка, як тое ёй і належыць, Як часам, бывае, хочацца душу сваю разнасьцежыць.
Як хочацца часам выказаць ці бліжняму, ці далёкаму, Каму – неістотна, ды важна, каб выслухаць вас было каму.
Іграй, мая скрыпка мілая! Празь цемру і праз завею, Ня ведаю, як астатнія, ды я цябе разумею.
Бо часам і сам спрабую між скрухай і завірухаю Праціснуцца, дагукацца, калі аніхто ня слухае.
Наіўна – разьясьніць цемру, наіўна – журбу расчуліць... І ўсё ж гучы, мая скрыпка, каб ведалі і каб чулі.
Між хэві-мэталу гітарнага, скуголеньня, скрыгату, скрыпу Сястрой міласэрнай ахвярнаю застанься, маленькая скрыпка.
Для роспачных – ціхай надзеяю, для скрушных – усьмешкай на твары, Паводле правоў, што надзелена ты Госпадам і Страдывары.
Дарма, што бракуе прамоцыяў ад перапялёсага лёсу, Ты сёньня каханкай у Моцарта, а значыць – жыцьцё адбылося.
А значыць – нішто ня марнае ва ўсіх безнадзейных дзеях. І будзе сьвятло на тварах, і ў душах будзе надзея.
КРЫТЫКА
АЛА СЯМЁНАВА. СЬВЕЧКА ЛЮБОВІ
Валянціна Коўтун. Сьвяча любові: Выбраная паэзія. Лімарыюс, 2006.
“Раскрыйся, зорны парасон…” – напісала некалі Валянціна Коўтун. І наноў паўтарыла гэта ў сваім выбраным “Сьвяча любові”. Паэтка, празаік, дасьледчыца, ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, аўтар шматлікіх кніг паэзіі, раманаў – пра сьвятую Эўфрасіньню Полацкую, пра паэтку Цётку, старшыня Ўсебеларускага жаночага фонду сьвятой Эўфрасіньні Полацкай Валянціна Коўтун заўсёды разумее шлях жыцьцёвы і шлях творчы як “дарогу да… горніх вяршыняў быцьця”.
“І зорны ключ павернецца ў замку”, – пазначыла яна, – “Пісьмёны разгадаць, як разгарнуць нябёсы…” І пра Ўладзімера Караткевіча прамовіла не інакш, як –“бяссонны рыцар зорных сутарэньняў”… І не забылася падкрэсьліць: “Мэлёдыі гукаў снуюцца ў паветры, як матылі ці сьняжынкі. Калі паэзія ўбіраецца і ў душу, і ў цела праз само бачаньне і адчуваньне сьвету”.
“Раскрыйся, зорны парасон…” – так называўся некалі і мой літаратурны этуд паводле кнігі паэзіі Валянціны Коўтун “Мэтраном”. Там чыталася і гэта: “У сынтаксысе праўды і маны перахварэю знакамі прыпынку”. Са знакаў прыпынку, здаецца, і тады, і цяпер паэтка аддае перавагу клічнікам. Імклівасьць думкі, упартая моц духу, узбуджаны пульс быційнай трывогі… Паэтка (бо сёньня – размова пра выніковую кнігу менавіта паэзіі) гатовая прымаць сьветабудову толькі ў адзінстве, толькі ў пераемнасьці стагодзьдзяў, у культуровых сувязях – зь іх вызначанасьцю і нечаканасьцю, пачуцьцёва-эмацыйным рэзанансам, з вострай заглыбленасьцю ў нацыяльныя праблемы, з канкрэтнай цікавасьцю да гісторыі і яе пэўных пэрыядаў. Мы знойдзем у яе паэзіі і Джорджа Гордана Байрана, і Гіёма Апалінэра, і Эдзіт Піяф… Тут і сябры па творчым лёсе, калегі: Максім Танк, Янка Брыль, Ніл Гілевіч… Жанчыны, як пазначае Валянціна Коўтун, “з роду Эўфрасіньні”: Ларыса Геніюш, Яўгенія Янішчыц, Валянціна Трыгубовіч…
Бясспрэчна, у вершах паэткі – гаворка пра зямлю, Радзіму… Роднае, спрадвечнае… Яна шануе і цэніць традыцыю. Сваіх суайчыньнікаў. Згадаю толькі адно імя: паэтка Леся Беларуска – Ларыса Марозава, якая ў гады сталінскага тэрору трапіла ў лягер Эльген на Калыме. Паэтка загінула. А вершы яе, якія былі вядомыя ў лягеры як песьні, засталіся ў памяці былога вязьня таго ж Эльгену – украінскага паэта Васіля Малагушы, што на адным з форумаў памянёнага фонду сьвятой Эўфрасіньні Полацкай распавёў пра Лесю Беларуску. І, як сьведчыць Валянціна Коўтун, “на аснове асобных, згаданых ім радкоў, словазлучэньняў, вобразаў, паэтычных формулаў”, яна перастварыла (рэканструявала?) паэзію пакутніцы. І зьмясціла ў кнізе свайго выбранага.
А над тайгою высьпявае гнеў І пагражае катам ён трывожна. Цьвік забівае хтосьці ў ногі мне, І ў галаву… І выцягнуць няможна.
І поўніць сэрца мне трывожны звон. Мы ўсе ў цьвіках наскрозь – і я, і строфы! Укрыжаваны лёс людзей спакон, І ўся тайга, як грозная Гальгофа!
Увогуле ж кніга “Сьвяча любові” складаецца зь некалькіх частак. “Лірыка” (“Дзёньнікі жыцьця”, “У водбліску сьвячы”, “З роду Эўфрасіньні”), “Баляды памяці” і “Перастварэньні”. У апошнюю частку, акрамя згаданых вершаў Лесі Беларускі, Валянціна Коўтун уключыла пераклады – з украінскай. Барыс Алейнік, Раман Лубкіўскі, Ліна Кастэнка – асабліва блізкая духоўна і творча аўтарцы “Сьвячы любові”. Тая ж напорыстасьць эмоцый, напружанасьць думкі, лёгіка імпульсаў.
О радасьць строгая – узяць трамплін рэкордны. Бяз публікі, бяз прэмій, без журы.
А казка дзён – была яна нядоўга. Сьвітальны сон пайшоў у забыцьцё. Сьвіцяцца зоры над маёю доляю! Ўсё засталося, і на ўсё жыцьцё.
Зоры… І Ліна Кастэнка, і Валянціна Коўтун – з тых паэтаў, для якіх менавіта зоры – арыенціры быцьця, вызначальнікі палёту мары, сьвету красы. У Валянціны Коўтун: “О, зьберажыце птушку хараства…” А берагчы ёсьць ад чаго.
Маё Палесьсе, ты праплачаш вочы. Мядовых соснаў тлеюць міражы. Прырода, памудрэлая аднойчы, Пералівае сьлёзы у дажджы…
Ідзіце ж, хмары, дождж нясіце краю Для ачышчэньня вечнае красы. Мне зьехаць нельга… Бо ня хопіць, знаю, Для тых дажджоў якраз маёй сьлязы.
Для Валянціны Коўтун гэта важна – асабіста і разам – перажытае. Існае, выпакутаванае. Над чым нельга не праліць сьлязу. Паставіць, запаліць сьвечку. Але сьвечку ня толькі самоты і тугі. Сьвечку любові. Як знак жыцьця, знак творчасьці.