Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Прохараў: “Пасьля “Ўсяслава Чарадзея” хачу зрабіць “Бітву на Нямізе”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 9 верасьня)

1 верасьня ў Полацку быў урачыста адкрыты помнік князю Ўсяславу Чарадзею, усталяваны на сродкі, сабраныя палачанамі. Гэта першы на тэрыторыі Беларусі конны помнік князю, прадстаўніку ўлады, што ў эўрапейскай традыцыі сымбалізуе незалежнасьць краіны. У нашай менскай студыі – адзін з аўтараў помніка скульптар Аляксандар Прохараў.

“Галоўнай крыніцай для нас было “Слова пра паход Ігара”

Міхась Скобла: “Аляксандар, не магу не спытацца пра тэрміны. Помнік Францішку Скарыну ў Менску гадоў пятнаццаць ставілі. То зь месцам не маглі вызначыцца, то з найлепшым праектам... А вы Ўсяслава Чарадзея ў Полацку паставілі неяк падазрона хутка, ці не за паўгода. Як вам гэта ўдалося?”

Аляксандар Прохараў: “Ну, паўгода мы яго рабілі, а праца над праектам ішла два гады. Гарадзкія ўлады доўга выбіралі месца для помніка, спрачаліся, дыскутавалі. Але, дзякаваць Богу, урэшце вызначыліся”.

Скобла: “Скульптары, якія лепяць Эўфрасіньню Полацкую, маюць перад вачыма фрэску ў Спаса-Эфрасіньнеўскай царкве. Творцы, якія працуюць над вобразам Скарыны, адштурхоўваюцца ад малюнка ў Бібліі. Лічыцца, што гэта іх сапраўдныя выявы. А ад чаго адштурхоўваліся вы, лепячы свайго Ўсяслава Чарадзея?”

Прохараў: “Павінен сказаць, што помнік рабіў не адзін я, мы працавалі камандай, учатырох. Тры скульптары: Леанід Мінкевіч, Сяргей Ігнацьеў і я, і архітэктар Дзьмітры Сокалаў. Падобнай тэмай я ў Акадэміі мастацтваў займаўся з 1994 году – рабіў помнік “Бітва на Нямізе”, у якой, як вядома, удзельнічаў Усяслаў Чарадзей. А якія крыніцы... Гэта найперш “Слова пра паход Ігара”. Там дадзены вельмі выразны слоўны партрэт князя, вельмі ўдала паэт там яго апісаў. Памятаеце: “Усяслаў-князь людзям суды чыніў, радзіў князям гарады, а сам уночы ваўком рыскаў, з Кіева пасьпяваў да пеўняў да Тмутараканя, Хорсу вялікаму шлях перацінаў. Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана ў званы ў сьвятое Сафіі, а ён той звон чуе ў Кіеве”.

Скобла: “Уночы ваўком рыскаў” – гэта ўсё ж паэтычны вобраз. А вы яго насамрэч у ваўчыную скуру захінулі. Усё ж Усяслаў быў князем, кіраваў магутным княствам”.

Прохараў: “Ну, па-першае, час яшчэ быў такі… дзікаваты. Усяслаў Чарадзей быў такім ўдалым палітыкам, што заўсёды зьяўляўся там, дзе яго не чакалі, і перамагаў. Гэта ж ён трымаў уладу больш за пяцьдзесят гадоў! У вялікай палітыцы такое рэдка сустракаецца. Леанід Мінкевіч таксама распрацоўваў вобраз Чарадзея з 1993 году. У яго князь і сядзеў, і стаяў... А ў мяне “Бітва на Нямізе” была дыплёмнай працай. І калі мы пачулі, што абвяшчаецца конкурс у Полацку, вырашылі ўдзельнічаць”.

Праект помніка Ўсяславу Чарадзею ў Полацку, аўтар Аляксандар Прохараў
Праект помніка Ўсяславу Чарадзею ў Полацку, аўтар Аляксандар Прохараў

“На гарадзкім конкурсе перамог “Усяслаў Чарадзей” Сяргея Бандарэнкі”

Скобла: “Калі праводзіўся конкурс, у вас былі паважаныя супернікі – Сяргей Бандарэнка, Алесь Шатэрнік, другія знаныя майстры. Вы адразу былі настроеныя на перамогу, ці сумняваліся?”

Прохараў: “Ну, вядома ж, сумняваліся, хоць у сілы свае верылі. Сяргей Бандарэнка і Алесь Шатэрнік – сапраўды вельмі паважаныя скульптары. Бандарэнка – славуты майстар-“коньнік”, ён спэцыялізуецца акурат на конях, праўда, больш камэрнага, “кабінэтнага” тыпу. Трэба сказаць, што спачатку адбыўся гарадзкі конкурс, і на ім перамог Бандарэнка. А ўсе чамусьці думалі, што пераможа Шатэрнік. Нас нават адгаворвалі ўдзельнічаць, маўляў, усё там “пад Шатэрніка” арганізоўваецца. Але ўсё ж мы працавалі ўтрох, а тры галавы – лепш за адну. Таму, відаць, і перамаглі”.

“Мэр Полацку хвілінаў дваццаць толькі прозьвішчы фундатараў зачытваў!”

Скобла: “Помнік у Полацку ўсталяваны за сабраныя палачанамі грошы. Яны сабралі, здаецца, каля 200 мільёнаў рублёў. Каб усталяваць помнік такога маштабу, гэтага дастаткова?”

Прохараў: “Ведаеце, камэрцыйных пытаньняў я стараюся не датыкацца. Мая справа – добра зьляпіць. А грашыма займаўся мэр Полацку Ўладзімер Сьцяпанавіч Тачыла – галоўны ініцыятар усяго праекту. Пра помнік ён думаў даўно, гэта цалкам яго заслуга. Вялікі яму дзякуй. На адкрыцьці помніка мэр пералічыў усіх фундатараў, прычым, ня фірмы ці заводы, а – паіменна назваў усіх тых, хто дапамог фінансамі. Ён хвілінаў дваццаць толькі прозьвішчы зачытваў! Мяне гэта вельмі ўразіла. Я нават прыемны шок перажыў. А адлівала скульптуру прадпрыемства “Ліцейны двор”, якое знаходзіцца ў вёсцы Ўзьляны, што паблізу вядомых Дудутак”.

Скобла: “Адзін вядомы за савецкім часам беларускі скульптар самакрытычна прызнаваўся, што калі даводзілася працаваць над грандыёзнымі манумэнтамі правадырам, то маскоўскія калегі давяралі яму ляпіць толькі гузікі на фрэнчы. А ці быў у вашай камандзе падзел працы?”

Прохараў: “Мы працавалі разам, і працавалі на роўных. Вельмі многа спрачаліся між сабой. Хоць урэшце ўсё вырашалася дэмакратычна, кожнае меркаваньне ўлічвалася. Каня пераважна ляпіў Ігнацьеў, хоць і мы дапамагалі. Мы з Мінкевічам займаліся князем, але, зноў жа, нам дапамагалі калегі, і ўвесь час разам абмяркоўвалі сваю працу. Можна сказаць, што скульптура Ўсяслава Чарадзея паўстала ў выніку нашых агульных намаганьняў”.

“Адразу па адкрыцьці да помніка Ўсяславу Чарадзею пад’ехалі некалькі вясельных картэжаў”

Скобла: “Скульптар Міхась Інькоў расказваў: калі ў Слуцку быў усталяваны ягоны помнік Сафіі Слуцкай, то вясельныя картэжы адразу зьмянілі звыклы маршрут і паехалі не да Леніна, які стаіць праз дарогу, а да Сафіі. А ці стане сымбалем, сьвятыняй для палачанаў ваш Усяслаў Чарадзей?”

Прохараў: “Спадзяюся, што стане. Калі адкрывалі помнік, пайшоў вялікі дождж. І мяне ўразіла, што ніхто з палачанаў не сышоў, усе засталіся. Гэта па-першае. А па-другое, адразу па адкрыцьці да помніка пад’ехалі некалькі вясельных картэжаў. Таксама сымбалічна, што помнік усталяваны пры дарозе ў Расею, у людным месцы, каля вядомага ў Полацку Чырвонага моста”.

“Каб маладыя ведалі, што на гэтай зямлі спрадвеку жылі ня немцы, не расейцы, а крывічы-ліцьвіны-беларусы…”

Скобла: “Яшчэ адна ваша праца – помнік Кірылу Тураўскаму – стаіць у сквэрыку ў двары Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Менску. Гістарычнае мінулае натхняе вас больш, чым сучаснасьць?”

Прохараў: “Я б так не сказаў. Проста наша мастацтва, у тым ліку скульптура, у вялікім даўгу перад беларускай гісторыяй. Нам яшчэ ляпіць і ляпіць – існуюць вялікія прагалы. У нас гісторыя складаная, вельмі шмат войнаў пракацілася па Беларусі. І таму хацелася б паказаць у манумэнтах нашых герояў – найперш дзеля моладзі, якая будзе жыць пасьля нас. Каб маладыя ведалі, адкуль яны паходзяць, хто адстаяў іх права на жыцьцё, іх права жыць у сваёй краіне. Каб яны ведалі, што на гэтай зямлі спрадвеку жылі ня немцы, не расейцы, а крывічы-ліцьвіны-беларусы. Таму я да гэтай працы адношуся вельмі сёр’ёзна. Памятаю, калі яшчэ вучыўся ў Мастацкай вучэльні імя Ахрэмчыка, нам заўсёды прыводзілі ў прыклад скульптараў, які працавалі з гістарычнай тэматыкай, – сёньня знакамітых Валяр’яна Янушкевіча, Алеся Дранца. І на іх, і на мяне вельмі моцны ўплыў аказала выкладчыца беларускай мовы Наскова Паліна Рыгораўна. Яна ня толькі навучыла нас беларускай мове, але й ставіла з намі гістарычныя спэктаклі. Памятаю, я выконваў ролю Мураўёва-вешальніка ў п’есе Ўладзімера Караткевіча “Кастусь Каліноўскі”. Я тады быў з такімі даўгімі патламі, зіркаў на ўсіх жорстка з-пад ілба...”

Скобла: “Пазалетась вы бралі ўдзел у міжнародным конкурсе архітэктараў “Леанарда” і нават атрымалі там Гран-пры. Што вы там паказвалі?”

Прохараў: “Мы зрабілі мэмарыяльны комплекс “Трасьцянец”. Калі хто ня ведае, Трасьцянец – гэта лягер сьмерці, дзе фашысты знішчылі тысячы людзей. Здаецца, гэты лягер стаіць на чацьвёртым месцы ў Эўропе па колькасьці ахвяраў. Паводле задумкі архітэктараў Андрэя Зайцава, Глеба Наседкіна й Дзьмітрыя Сакалова, цэнтральнай часткай мэмарыялу павінна была быць скульптура. І я зрабіў такую арганападобную форму, трубы якой – як шляхі на неба для душаў памёрлых”.

Скобла: “Вы выкладаеце ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ці запатрабаваныя сёньня маладыя мастакі ў нашай краіне?”

Прохараў: “Мастаку ў любой краіне складана, дзе б ён ні знаходзіўся. Вядома ж, ёсьць праблемы, я іх таксама пераадолеў, быў час – не было ні майстэрні, ні грошай. Усё з часам прыйдзе. Я – жывы прыклад таго, што малады чалавек можа нешта зрабіць для сваёй дзяржавы. І для гэтага ня трэба ехаць у заморскія краіны”.

“Патрэбная дзяржаўная праграма па ўсталяваньні помнікаў выдатным гістарычным дзеячам Беларусі”

Скобла: “Помнік Сувораву ў Кобрыне... Помнік Сталіну ў Сьвіслачы... Нядаўна, у Дзень беларускага пісьменства й друку, усталяваны помнік графу Зорычу ў Шклове... Як вы лічыце, да якой пары ў нас будуць стаяць помнікі, якія сымбалізуюць расейскі (ці савецкі) каляніялізм у Беларусі?”

Прохараў: “Пакуль ня будзе створаная адмысловая дзяржаўная праграма па ўсталяваньні помнікаў гістарычным асобам, якія таго заслугоўваюць, якія нешта добрае для Беларусі зрабілі. Чаму дзяржаўная? Таму што помнікі – справа вельмі нятанная, зь ёй дзяржава хіба толькі й можа справіцца”.

Скобла: “Пасьля Кірылы Тураўскага і Ўсяслава Чарадзея вам не выпадае апускацца да шырспажыву, да “дзяўчынак пад парасонам”. Які праект цяпер на вашым варштаце?”

Прохараў: “У маёй майстэрні вельмі многа праектаў. Што б я хацеў зрабіць у найбліжэйшы час? Вядома ж, “Бітву на Нямізе”. Праект ужо разгледжаны на Манумэнтальнай радзе, якая рэкамэндавала яго Менгарвыканкаму для ўсталяваньня. Як мастацкая праца ён вельмі спадабаўся маім калегам і настаўнікам Івану Міско (ён – старшыня згаданай рады), прафэсару Анатолю Арцімовічу, Уладзімеру Жбанаву. Так што калі хто з гарадзкіх уладаў нас чуе, я запрашаю ў майстэрню. Калі ласка, прыходзьце, паглядзіце і – паспрыяйце!”

Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG