У чэрвені па рацэ Вяльлі прайшла міжнародная беларуска-літоўская краязнаўчая экспэдыцыя “Шляхам графа Канстанціна Тышкевіча”. Пяцьдзесят падарожнікаў з абедзьвюх краінаў на чаўнах і плытах праплылі амаль паўтары сотні кілямэтраў, запісваючы мясцовы фальклёр, ладзячы ў прыбярэжных паселішчах культурніцкія імпрэзы. Вандроўнымі ўражаньнямі дзеліцца ўдзельнік экспэдыцыі – музыка Зьміцер Сідаровіч.
“Ад экспанатаў у літоўскіх музэях сьляза на вока набягала”
Міхась Скобла: “Зьміцер, хто выступіў арганізатарам экспэдыцыі, і якія яна мела мэты?”
Зьміцер Сідаровіч: “Экспэдыцыя мела на мэце паўтарыць шлях знанага графа Тышкевіча, які жыў у Лагойску. Роўна 150 гадоў таму ён праплыў па Вяльлі, ставячы перад сабой краязнаўчыя мэты. Аўтарамі ідэі паўтарыць ягоны шлях выступілі вялейскія краязнаўцы Віталь Кастэнка й Міхал Кулеш. А тады ідэю падхапілі на літоўскім баку. У экспэдыцыі бралі ўдзел гісторыкі, фальклярысты, простыя турысты. Адсюль і яе мэты, падобныя на мэты графа: і наша экспэдыцыя мела найперш краязнаўчы характар. Бо Вяльля – прыток Нёману, яна цячэ па вельмі прыгожых мясьцінах, дзе шмат помнікаў архітэктуры й археалёгіі, капішчаў, камянёў”.
Скобла: “На вашым маршруце пазначаныя гэткія паселішчы, як Міхалішкі й Быстрыца – з беларускага боку, і Буйвіджай (Буйвіды) ды Немянчыне – з літоўскага. Як адносіліся да ўдзельнікаў экспэдыцыі мясцовыя людзі?”
Сідаровіч: “Вельмі сардэчна. У названых паселішчах мы рабілі стаянкі, разьбівалі намёты. У кожным мястэчку нам ладзілі экскурсіі, як правіла, у касьцёл. Ладзіліся таксама культурніцкія імпрэзы, перад намі выступалі мясцовыя калектывы. На літоўскім баку нас, як правіла, чакаў добры пачастунак, пра які рупіліся мясцовыя ўлады: каўбаскі, піражкі, бігос”.
Скобла: “А калі параўнаць стаўленьне мясцовых уладаў – беларускіх і літоўскіх – да экспэдыцыі? На чыю карысьць будзе параўнаньне?”
Сідаровіч: “Я б выказаўся карэктна: сардэчнасьць была аднолькавая, але заўважалася, што зь літоўскага боку на сустрэчы было затрачана больш сродкаў. Магчыма, коштам энтузіязму мясцовых уладаў. Таму што ўсё залежыць ад разьвіцьця турызму ў краіне. Паўтаруся – усе былі радыя. Але калі сыходзіш на бераг, напрыклад, у Буйвідах, то прыемна, калі начальнік ня толькі з хлебам-сольлю насустрач выходзіць, а й удзельнікаў экспэдыцыі запрашае на каўбаскі. Запомнілася, як нас вазілі ў краязнаўчы музэй у Немянчыне. Цікавы музэй, там багата экспанатаў, ды такія “свае”, што проста сьляза набягала... І ў музэі нас халодныя бочкі з квасам чакалі й пачастунак”.
“Літоўцы ціха абураліся: усе дубы беларусы пабралі сабе”
Скобла: “Вы – чалавек культуры, а ўсё пра каўбаскі ды квас... Звычайна, калі ў нефармальных абставінах сустракаюцца беларус і літовец, дык пачынаюць дзяліць супольную спадчыну Вялікага Княства: Пагоню й Віціс, Вільню й Вільнюс, Вітаўта й Вітаўтаса. А ці не здараліся падобныя спрэчкі паміж удзельнікамі экспэдыцыі?”
Сідаровіч: “Не здараліся, і я нават сам быў зьдзіўлены. Таму што ехаў у экспэдыцыю, маючы звычкі раздражняцца, калі Менск называюць Мінскасам. А што пабачыў і пачуў? Ніякіх спрэчак. Незалежна ад таго, як я зьвяртаўся да чалавека – Дамашавічус ці Дамашэвіч, – ён спакойна адгукаўся. Не спрачаліся й мы наконт таго, як правільна называць – Вільня ці Вільнюс. Разумееце, вось сустракаюцца два чалавекі й кажуць: “Нам спадабалася гэтае кіно”. Чаго ім пачынаць спрачацца? Зусім няварта. Яны могуць захапляцца гэтым кіном: “А помніш гэты эпізод, а помніш гэты...” Нешта падобнае было і падчас экспэдыцыі – усім спадабалася. Можа таму, што яна на дзевяноста адсоткаў складалася з інтэлігенцыі, як беларускай, так і літоўскай”.
Скобла: “Карацей, кажучы, вы свае сьлёзы, што набеглі ў музэі ў Немянчыне, прыхавалі?”
Сідаровіч: “Усе прыхоўвалі свае сьлёзы. Напрыклад, я ў літоўцаў пытаўся: што вас уразіла на беларускай тэрыторыі? Пытаўся і чакаў пачуць у адказ нешта пра “няшчасную калгасную Беларусь”, дзе ўсё так занядбана. Зусім не. Літоўцы кажуць: вы, беларусы, не разумееце свайго шчасьця. У вас ад Камена і ніжэй па Вяльлі такія прыгожыя мясьціны! І каб у вас хоць да Быстрыцы былі распрацаваныя турыстычныя маршруты, то людзі, якія жывуць на берагах Вяльлі, маглі б мець вялікія грошы. Там і старажытныя курганы, і капішчы, і тысячагадовыя дубы, якіх не сустрэць у Літве. Я пытаюся: “Што, у вас дубоў няма?” “Не, – адказваюць, – няма: усе дубы беларусы забралі сабе”.
Скобла: “Я ведаю, што ў вас у экспэдыцыі была й прыватная мэта: запісаць фальклёр на беларуска-літоўскім памежжы. Дык ці трапілася што цікавае?”
Сідаровіч: “Запісаў цэлую касэту песьняў і народных танцаў. Па маршруце экспэдыцыі хоць ты графік малюй, як чыста беларускі фальклёр пераходзіць у чыста літоўскі. Хоць да чыста літоўскага я не даплыў, бо гэта трэба было да Коўна плыць, а я быў змушаны пакінуць экспэдыцыю ў Вільні: часу было брак. Але запісы ёсьць, калі хто цікавіцца, – зьвяртайцеся”.
Сьпяваюць жанчыны з памежнай вёскі Быстрыцы:
“Хутка дождж будзе, дождж будзе, дождж будзе. Прызнаюся вам, людзі, вам, людзі, вам, людзі, Што за сваю сваволю папалася ў няволю, Што за сваю сваволю папалася ў няволю. Муж паехаў ў дарогу, ў дарогу, ў дарогу – Я прапіла карову, карову, карову. Цяпер сяджу журуся, бо я мужа баюся, Цяпер сяджу журуся, бо я мужа баюся”.
“Аш мілю тэбе” можна зразумець без перакладу: “Я цябе мілую”
Скобла: “На памежжы мае быць моўная трасянка. Я чуў польска-беларускую трасянку, беларуска-расейскую, беларуска-ўкраінскую. А вось беларуска-літоўскай ніколі чуць не даводзілася. А вам падчас экспэдыцыі?”
Сідаровіч: “Я не даплыў да тых мясьцінаў, дзе можна, відаць, пачуць трасянку. Яна пачынаюцца недзе пад Трокамі. Я толькі запомніў літоўскі выраз: “Аш мілю тэбе”, які вельмі нагадвае наша: “Я цябе мілую”. Справа ў тым, што шмат беларускіх словаў было вычышчана з літоўскай мовы ў 1939 годзе, але яшчэ нямала засталося”.
Скобла: “А як вы праходзілі мяжу? Увогуле, чым адметная тая мясьціна, дзе Вяльля пачынае называцца Нярысам?”
Сідаровіч: “Рэзкай мяжы няма. Рака, як і народы, этнасы, перацякае ў другую краіну непрыкметна. Каб не людзі ў форме, мы і не заўважылі б, як Вяльля стала памежнай ракой. А мяжа паміж Літвой і Беларусьсю праходзіць акурат па Вяльлі, строга пасярэдзіне ракі. На распараджэньне памежнікаў мы мусілі пашыхтаваць свае плыты на адлегласьці 20 мэтраў адзін ад аднаго й трымацца свайго берага, так бы мовіць, “тэрытарыяльных водаў” Беларусі. Але Вяльля ў тых мясьцінах імклівая, парожыстая, так што нам не заўсёды ўдавалася выканаць іх патрабаваньні. Па абодвух берагах нас суправаджалі дзьве памежныя машыны. Усё было вельмі карэктна, з усьмешкамі. Спэцыяльна для нас збудавалі памежны пераход, прывезьлі стол, і проста на беразе штампавалі пашпарты. Я яшчэ літоўскім памежнікам на дудзе зайграў, ім спадабалася”.
“Карціна Алеся Пушкіна аказалася па-за супольнай дамоўленасьцю”
Скобла: “Ад другіх удзельнікаў экспэдыцыі я ведаю, што падчас яе адбыліся й два прыкрыя інцыдэнты. У Буйвідах – зь бела-чырвона-белым сьцягам, і ў Вільні – з карцінай мастака Алеся Пушкіна. Раскажыце пра гэта больш падрабязна”.
Сідаровіч: “Я б не назваў гэтыя выпадкі прыкрымі, хутчэй, неабачлівымі, ці што. Справа ў тым, што ў экспэдыцыі плылі прадстаўнікі розных народаў, таму адразу было прынята рашэньне, што мы ідзем не пад дзяржаўнымі ці нацыянальнымі сьцягамі, а, карэктна, пад сьцягам экспэдыцыі – сіняе палотнішча і надпіс “Вілія – Нярыс, 2007”. Але на літоўскім баку экспэдыцыю сустракалі нашы знаёмцы, і яны прынесьлі з сабой бела-чырвона-белы сьцяг. Іх папрасілі сьцяг скруціць. Што й было зроблена. Дарэчы, цягам экспэдыцыі я не пабачыў ні дзяржаўнага літоўскага, ні цяперашняга дзяржаўнага беларускага сьцягу.
Што да інцыдэнту з карцінай Пушкіна... Па прыезьдзе ў Вільню нам была зладжаная экскурсія па горадзе, а потым нас чакаў афіцыйны прыём, зладжаны мэрам Вільні ў гарадзкой ратушы. Алесь Пушкін таксама быў удзельнікам экспэдыцыі, і ён прывёз карціну, каб падараваць яе беларускай грамадзе ў Вільні. Што мастак і зрабіў. На жаль, карціна, як і сьцяг, аказалася па-за дамоўленасьцю, пра якую я гаварыў”.
Скобла: “А што ўяўляла з сябе тая крамольная карціна?”
Сідаровіч: “Крамольная карціна ўяўляла з сябе фотаздымак цяжарнай жанчыны, у якой рукі скручаныя калючым зялёна-чырвоным дротам. Наколькі я ведаю, твор гэты цяпер знаходзіцца ў Вільні”.
“Экспэдыцыя праходзіла пад беларускія песьні й танцы”
Скобла: “Вы, Зьміцер, і жнец, і касец, і на дудзе ігрэц. Я маю на ўвазе тое, што вы й вершы самі пішаце, і музыку, і ўласныя песьні выконваеце, і цудоўна граеце на дудзе. Ці было дзе, апрача мытні, паказаць усе свае таленты?”
Сідаровіч: “Не было такой мэты – паказваць таленты. Была мэта – разьвесяліць людзей, паказаць ім нейкую візытоўку Беларусі. Таму цягам экспэдыцыі і я, і Тацьцяна Матафонава, і той жа Алесь Пушкін, яшчэ некалькі чалавек, якія ведалі беларускія песьні, альбо хутка іх развучвалі, усе мы сапраўды выкладваліся. Кожны вечар на стаянках ладзіліся танцы пры вогнішчы. Гэта былі менавіта беларускія танцы пад дуду: лявоніха, кракавяк, шастак. Літоўцы на ўсё гэта глядзелі квадратнымі вачамі. У Вільню мы ўваходзілі незвычайна. У горадзе шмат мастоў, і на кожным зь іх стаялі людзі. Мяне пасадзілі на першы плыт і далі заданьне граць на дудзе, вітаючы іх. У гэты час весьляры па камандзе ўзьнімалі ўгору вёслы. Усё разам, дуда й салют весьляроў, выглядалі вельмі прыгожа. І калі мы, некалькі чалавек, у Вільні пакінулі экспэдыцыю, то ўсе вельмі шкадавалі. На ранішняй плянёрцы чуліся галасы: “А што ж мы будзем далей рабіць бяз гэтай беларускай самадзейнасьці?!”
Скобла: “І паплыла экспэдыцыя далей анямелая – бязь песьняў, бяз танцаў...”
Сідаровіч: “Думаю, што яна далей паплыла пад уражаньнямі ад таго, што было да Вільні”.
“На Купальлі ў Вяркаі беларусы хадзілі з задзёртымі насамі”
Скобла: “На тэрыторыі Літвы вы апынуліся акурат падчас Купальля. Чым адрозьніваецца літоўскае Купальле ад беларускага?”
Сідаровіч: “Мы сапраўды пабывалі на Купальлі ў Вярках (па-літоўску – у Вяркаі). Купальле ў іх называецца сьвятам сьвятога Ёнаса. У іх менш традыцыйнага. У нас усё больш строга, мы, відаць, больш кніжак чытаем. Напрыклад, у нас у раку дзяўчаты кідаюць вянкі. А ў іх – на ваду спускаюць сьвечкі на дошчачках, складзеных крыж-накрыж. Тыя сьвечкі на начной вадзе выглядалі вельмі прыгожа, кінагенічна, але гэта ўсё ж адыходжаньне ад канонаў. Не заўважыў я, і каб літоўская моладзь цераз вогнішча скакала, проста сядзелі каля ахвярніка і сьпявалі народныя песьні. Затое літоўцы сьвяткуюць масава, там было больш за трыста чалавек. Іхнія купальскія строі нагадваюць нашы – таксама ільняныя, вышываныя чырвонай ніткай. Але, паўтаруся, беларускае Купальле больш аўтэнтычнае. Так што можна паганарыцца за Беларусь. Што мы й рабілі, ходзячы ў Вяркаі з задзёртымі насамі”.
Скобла: “150 гадоў таму, пасьля сваёй экспэдыцыі, граф Канстанцін Тышкевіч напісаў і выдаў кнігу “Вяльля і яе берагі”. А што зьявіцца ў выніку вашага ўдзелу ў экспэдыцыі “Шляхам Канстанціна Тышкевіча”?”
Сідаровіч: “Мой асабісты вынік – запісаныя танцы й песьні, якія я буду актыўна паказваць знаёмым музыкам і спрабаваць акунуць іх у эўрапейскі кантэкст беларускага фальклёру. Што датычыць агульнага выніку, то задумана й навуковая канфэрэнцыя, і нават некалькі фэстываляў правесьці. Урэшце, гэтая экспэдыцыя павінна зрабіцца штогадовай. І сёлета ўсяму гэтаму дадзены моцны супольны штуршок – з Беларусі й Літвы”.
Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tyt.by