Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Язэп Янушкевіч: “Нам спрабуюць прышчапіць бацылу страху”


Міхась Скобла, Менск 4 красавіка ў ганаровай залі Сэнату Варшаўскага ўнівэрсытэту знаны беларускі літаратуразнаўца і архівіст Язэп Янушкевіч атрымаў прэмію імя Льва Сапегі, заснаваную пяцьцю найбуйнейшымі ўнівэрсытэтамі Польшчы. А тым часам у Менску яго чакала звальненьне з працы. Па вяртаньні з Варшавы ляўрэат завітаў у нашу менскую студыю.

“У Варшаве мне далі год”

Міхась Скобла: “Язэп, прыміце віншаваньні з нагоды атрыманьня прэміі. Я думаю, ня лішнім будзе распавесьці нашым слухачам, што гэта за прэмія, чаму яна носіць імя Льва Сапегі і чаму ўручаецца ў Польшчы?”

Язэп Янушкевіч: “Ляўрэатам гэтай прэміі, як зазначана ў рэгуляміне — статуце ўзнагароды імя Льва Сапегі, становяцца тыя, хто дзейсна творыць у сучаснай Беларусі. Дакладней, Сапегаўская ўзнагарода ставіць мэтаю «ўганараваць дасягненьні тых асобаў, чыя намаганьні скіраваныя на пабудову незалежнай, дэмакратычнай Беларусі, якая імкнецца да лепшых традыцый Эўропы, найперш улічваючы дасягненьні абодвух народаў — Кароны і Вялікага Княства Літоўскага, што колісь складалі Рэч Паспалітую, тым самым дапамагаючы цяпер у стварэньні і разьвіцьці цывілізаванага грамадзтва ў Цэнтральнай і Усходняй Эўропе».

Патлумачу й наступнае. Па вяртаньні з Варшавы знаёмыя непрыхавана цікавяцца: «Колькі далі?» Адказваю проста: «Год». У сэнсе, сама прэмія ня столькі матэрыяльная, колькі для стымулу. Я буду мець год нармальнага, творчага і навуковага жыцьця. Буду рабіць гасьцінныя выступы ў пяці ўнівэрсытэтах Польшчы, якія зьяўляюцца заснавальнікамі (ці дакладней, сузаснавальнікамі) гэтай узнагароды. Гэта слынны Ягелёнскі ўнівэрсытэт у Кракаве, найбліжэйшы да нас Беластоцкі ўнівэрсытэт; зразумела, сталічны Варшаўскі ўнівэрсытэт, Познанскі ўнівэрсытэт (дарэчы, мой «хросны» ўнівэрсытэт, бо вылучыў мяне як намінанта, і тут мною заапекаваўся, хіба дух вялікага ліцьвіна Адама Міцкевіча, чыё імя і носіць Познанскі ўнівэрсытэт), і Ўроцлаўскі ўнівэрсытэт”.

Скобла: “А чаму ўсё ж палякі вырашылі надаць прэміі імя Льва Сапегі?”

Янушкевіч: “Леў Сапега, як вядома, быў канцлерам Вялікага Княства Літоўскага і адным з арганізатараў Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 году, на старонках якога прапісана: «Ва ўсе часы людзі мудрыя памяталі, што ў кожнай дзяржаве (рэспубліцы) сумленнаму чалавеку нічога няма даражэй за вольнасьць. А няволя яму гэтак павінна «брыдзіць», што ня толькі скарбамі, але і сьмерцю павінен ён адганяць яе ад сябе»... Гэты дэвіз і прапісалі ў сваім «Статуце» арганізатары прэміі імя Льва Сапегі.

Скобла: “Як прайшло ганараваньне ў Варшаве? І дзе адбывалася сама цырымонія?”

Янушкевіч: “Цырымонія адбывалася на тэрыторыі Варшаўскага ўнівэрсытэту (Кракаўскае прадмесьце), дзе ёсьць гэтак званы Казімераўскі палац, у будынку якога месьцяцца рэктарат і слынная «Заля Сэнату». Для мяне ўганараваньне прайшло незабыўна. Пад гукі «тромбкі» (жалейкі-дуды), якая жаўруковым тонам выбірала акорды палянэзу Агінскага. І зноўку шчыра паспавядаюся: для мяне гэта непаўторна і гэтаксама важка, як колісь пасьля выхаду аднатомніка твораў Вацлава Ластоўскага, выдадзенага мною ў 1997 годзе, на кватэры раздаўся званок, і жонка Галіна ўзрушана-прыцішана гукнула: «Язэп, Табе Быкаў звоніць...» Той голас Васіля Ўладзімеравіча, які віншаваў мяне з выхадам аднатомніка, і гэтыя гукі палянэзу зьяўляюцца для мяне найлепшым уганараваньнем у жыцьці”.

“Вольна, сумленна рабі сваю справу і нікога ня бойся”

Скобла: “Язэп, у сваёй варшаўскай прамове ў адказ, як падаюць польскія «мэдыі», вы назвалі літаратуру «самай трывалай ідэалёгіяй». Скажыце, так было толькі ў ХІХ стагодзьдзі, безьдзяржаўным для Беларусі, ці і сёньня беларуская літаратура выконвае тую самую ролю?”

Янушкевіч: “А як жа іначай? Дастаткова разгарнуць сёлетні часопіс «Полымя» (№1) і прачытаць твор Міколы Мятліцкага:

«І фыркаюць злосна, і лжэдэмакратыю Гадуюць на долары ў сэрцы здрайцы, Душу тваю бруднымі пальцамі кратаюць Заакіянскія хваты-дарайцы.

А ты — галасуеш па клічу сэрца, А ты — галасуеш душой і зрокам, Ня трутняў спажывы, а аднаверцаў Маеш у сьвеце шырокім... »

Ну, і гэтак далей. Пазнаеце? Гэта мы ўжо колісь праходзілі са школы: «Камуністы — гэта слова, як са сталі, Камуністы — гэта слова, як з агню...»

У літаратуры ўсё вымяраецца ня так меркаю таленту (як вядома, нават таленавіты Някрасаў напісаў свой тост «Бокал заздравный поднимая...» у гонар крывавага генэрала Мураўёва-вешальніка), а меркаю сумленнасьці. Паўтару: літаратура, збудаваная на хлусьні, робіцца не ідэалёгіяй, а макулятурай. Усьлед за тым, як руйнуюцца здавалася б верныя, вечныя апоры-слупы пэўнай ідэалёгіі... Ну, а тое, як мы цяпер «галасуем сэрам» — ня мне тут даводзіць пра працэнтоўку і лічбы”.

Скобла: “Сёньня беларускія пісьменьнікі нярэдка скардзяцца: і друкавацца няма дзе (калі ня пішаш вершы на ўзор таго, які вы цытавалі), і ганарараў ня плацяць, і кнігу выдаць сёньня праблема... І мне тады думаецца: Францішак Багушэвіч у безкампутарнае, безінтэрнэтнае ХІХ стагодзьдзе ня плакаўся... На чым мае сёньня палягаць аптымізм беларускага пісьменьніка?”

Янушкевіч: “Ну, не плакаўся ня толькі Багушэвіч. Ня плакаліся той самы патрыярх новай беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ды іншыя ягоныя маладзейшыя пасьлядоўнікі, як Адам Гурыновіч, што згарэў ад сухотаў у мурах Петрапаўлаўкі, ці Янка Лучына, мянчук, разьбіты паралюшам, ці Альгерд Абуховіч-Бандынэлі, арыстакрат, што скончыў жыцьцё ў сьценах Слуцкай багадзельні... Іх аптымізм палягаў на тым спаконвечным, на чым павінен грунтавацца і наш аптымізм: вольна, сумленна, праўдзіва рабіць сваю справу і — нікога не баяцца! Бо мы — на сваёй зямлі. Адвага нашых папярэднікаў з ХІХ стагодзьдзя грунтавалася на адвазе продкаў ХVІІІ-га, ХVІІ-га, ХVІ-га стагодзьдзяў — улучна да эпохі Грунвальдзкай бітвы. І тое, што зрабіў з намі апошні пэрыяд панаваньня чужынцаў — у нас быў перапынены Радавод Адвагі, і як вынік — нам спрабуюць прышчапіць бацылу страху.

Пісьменьнік, паўтару, павінен пісаць сумленна, праўдзіва. Набліжаючы сьветлы лёс свайго народу. Доказам таго, што нашчадкі Вялікага Княства Літоўскага, Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча не пераводзяцца і ў ХХІ стагодзьдзі, зьяўляюцца радкі выдатнага сучаснага паэта Уладзімера Някляева:

«Калі пісаць — дык толькі так пісаць Як бліскавіцай доўжыць бліскавіцу, Як зь вены ў вену кроў пераліваць. Пісаць — як спавядацца і маліцца...»

Скобла: “Вы як ляўрэат прэміі Льва Сапегі паедзеце выкладаць у польскія ўнівэрсытэты. Гэта свайго роду часовавая эміграцыя. А Дунін-Марцінкевіч пісаў: “Што мне Вена, Парыж, што мне Лёндан туманны? Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы...» Якое вашае стаўленьне да даволі шматлікай сёньня маладой эміграцыі зь Беларусі?"

Янушкевіч: “Эміграцыя, наколькі я ведаю, зьява даўно вядомая, і ў нейкім сэнсе натуральная. Скажам, эміграцыя дзеля кавалка хлеба. Хоць, зразумела, такая эміграцыя ніколі не была да гонару моцных дзяржаў”.

Пра сваіх папярэднікаў скажу: беларусы-ліцьвіны ехалі-уцякалі ў розныя бакі: і на Захад, і на Ўсход. Нам з таго досьведу трэба ўзяць у спадчыну найгалоўнае — слугаваньне Бацькаўшчыне. Калі гэта эміграцыя дзеля адукацыі, навукі — дастаткова каб з тых маладзёнаў вярнулася некалькі асобаў, чые імёны сталіся б для нас новымі Францішкамі Скарынамі. Які, як вядома, поўную адукацыю мог здабыць толькі на чужыне. Нацыю трэба будаваць толькі на сваёй зямлі. Ведаючы, што толькі тут праўдзівым словам, таленавітым творам, чыстымі, сумленнымі адносінамі да штодзённай працы збудуецца вечнае, нават на зайздрасьць тым краінам, дзе табе давялося перад тым пабываць.

Што да маёй будучай замежнай выкладчыцкай дзейнасьці — яна часовая. Ня хочацца лішнім разам нагадваць выслоўе: «Няма прарокаў у сваёй Айчыне». Што ж, пачытаю лекцыі перад польскімі студэнтамі — можа, потым і тут, на Бацькаўшчыне, мне пашчасьціць есьці гэты не такі ўжо і чэрствы хлеб. Пакуль жа дзіўна ўсьведамляць, што і за выкладчыцкай катэдрай, і ў сьценах айчыннага навукова-дасьледчага інстытута ты зьяўляесься асобай непажаданай”.

“Марцінкевіча і Янушкевіча абарвем на паўноце”

Скобла: “Наступнае маё пытаньне якраз пра гэта. Я ведаю вас найперш як руплівага дасьледчыка беларускай літаратуры ХІХ стагодзьдзя і слыннага архівіста; ведаю, што вы свой чалавек у архівах Вільні, Варшавы ці Львова.. А вось з Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту дакумэнтазнаўства і архіўнай справы, дзе вы шмат гадоў адпрацавалі, вас нядаўна звольнілі. З якой прычыны?”

Янушкевіч: “Сапраўды, з той установы, дзе я 10 гадоў адпрацаваў на пасадзе загадчыка аддзелу археаграфіі, я звольнены на пачатку красавіка. Прычына? Яна як бы відавочная: нядаўна туды прыйшоў новы дырэктар спадар Рыбакоў, чалавек амбітны, маладзейшы за мяне. Ён хоць і зрабіў для айчыннай навукі ўдвая-утрая менш за мяне, палічыў, што я ў архіўным інстытуце не да месца. Шкада. Бо там, дзе няма прафэсіяналізму, пахісьнецца справа напачатку ў нечым дробным, а потым і ў больш істотным забурыцца.

Ну, апроч новапрызначанага начальства, вельмі магчыма, што і вышэйшае архіўнае начальства ў Камітэце па архівах і справаводзтве (цяпер — Архіўны дэпартамэнт Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь) не ўспрымала маю заангажаванасьць у будучым сьвяткаваньні значнага юбілею — 200-годзьдзя зь дня нараджэньня Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (ужо ў наступным годзе!). Мне няёмка прызнавацца публічна ў тым, што з вуснаў дырэктара Дэпартамэнту па архівах і справаводзтве даводзілася чуць: «На изучение Дунина-Марцинкевича в архивной отрасли нет денег…»; «Дунин-Марцинкевич столько не написал, сколько вы его исследуете…»; і наагул «Винцент Дунин-Марцинкевич не имеет никакого отношения к архивам».

Уявіце толькі сабе! Каб у Варшаве дырэктар архіўнага дэпартамэнту пра Адама Міцкевіча сказаў падобнае! Або яго калега ў Маскве сказаў, што «Пушкін ня мае аніякага дачыненьня да расейскіх архіваў...»?! Мне наагул помніцца і стаіць у вушах вясëлая пагроза, кінутая на паседжаньні Вучонай рады архіўнага інстытута высокім архіўным чыноўнікам: «Мы с Марцинкевичем и Янушкевичем поступим, как в полковом оркестре: оборвем на полуноте…»

“Юбілей Дуніна-Марцінкевіча адзначым па-дзяржаўнаму” Скобла: “Я ведаю, што вы не паслухаліся дырэктара Дэпартамэнту спадара Адамушкі, і пры вашым чынным удзеле распрацаваная Дзяржаўная праграма ўшанаваньня юбілею Дуніна-Марцінкевіча ў 2008 годзе. Што канкрэтна плянуецца зрабіць?”

Янушкевіч: “Зрабіць плянуецца шмат. Пачынаючы ад аднаўленьня музэю-сядзібы ў Люцінцы, помніка ў Менску і да акадэмічнага Збору твораў пісьменьніка, спадчына якога выходзіла чвэрць стагодзьдзя таму — у 1984 годзе... Прыемна таксама было даведацца акурат тады, калі я атрымліваў дыплём імя Льва Сапегі ў Варшаве, што ў Менск завітаў рэжысэр Мікалай Пінігін, які бярэцца ўзнавіць на вялікай сцэне несьмяротную «Пінскую шляхту» драматурга. Ну, і шэраг іншых абавязковых мерапрыемстваў, навуковых і культурных, адбудзецца. І ўсё гэта завершыцца Міжнароднай навуковай канфэрэнцыяй у сьценах Акадэміі навук і ўрачыстай вечарынай у сталіцы краіны.

Апрача пералічаных, шмат у чым традыцыйных мерапрыемстваў, ёсьць у мяне задума прыватная: выдаць клясычныя творы ХІХ стагодзьдзя — паэму «Тарас на Парнасе» (яна пэўны час нават прыпісвалася Дуніну-Марцінкевічу), а таксама слынную «Пінскую шляхту» ў перакладах на паўдзесятка моваў. Тым самым працягваючы традыцыю шматмоўнага выданьня пад адной вокладкай лепшых помнікаў літаратуры; як было сваім часам з паэмаю Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1998) і паэмай Якуба Коласа «Новая зямля» (2002)”.

Скобла: “І апошняе, пра што мне захацелася згадаць прыканцы нашай гутаркі: вы нават у сваіх акадэмічных літаратуразнаўчых артыкулах нярэдка выкарыстоўваеце залацінкі народнага мудраслоўя, прыказкі. Прыгадайце прыказку, якая сёньня сама напрошваецца ў наш эфір?”

Янушкевіч: «Рабі добра — блага само выйдзе». Гэтак любіў гаварыць мой тата".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG