Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГа за 5 лютага


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю.

На сайце карыстальнік Eolonir камэнтуе ўчорашняе затрыманьне лідэраў незарэгістраванага Маладога фронту: “Куртка на галаве непаўналетняга напачатку 21-га стагодзьдзя… Трэба яшчэ доказаў пра псыхічнае здароўе нашай міліцыі, якая выразна згубіла адчуваньне рэчаіснасьці? Калі яшчэ камусьці патрэбныя доказы, што рыторыка Лукашэнкі наконт Эўропы — гэта толькі рыторыка, каб зацягнуць час — вось ён, доказ”.

Увогуле ж гэтая падзея насельнікаў байнэту сёньня ня дужа цікавіць. Затое наведнікі форумаў парталу актыўна абмяркоўваюць артыкул з электроннага выданьня “Ежедневник” пад назвай “Прэзыдэнт даў старэйшаму сыну памочнікаў і вызначыў ягоныя функцыі ў Савеце бясьпекі”. На думку аўтараў артыкула, Віктар Лукашэнка не зьяўляецца шэраговым чальцом Савету бясьпекі, а ўваходзіць у яго сакратарыят і, найхутчэй, будзе выконваць ролю “шэрага кардынала” пры Віктары Шэймане.

“Праходжаньне дзяржаўнай службы асобамі, якія знаходзяцца ў шлюбе ці ў блізкім сваяцтве, не дапускаецца, калі іхняя службовая дзейнасьць зьвязаная зь непасрэднай падначаленасьцю й падкантрольнасьцю аднаго зь іх іншаму… – цытуе закон “Пра барацьбу з карупцыяй” адзін з удзельнікаў форумаў. – “Памочнік Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь” – ці ж гэта не непасрэдная падначаленасьць?”

Чальцоў ЖЖ-суполкі сёньня прывабіла навіна пра тое, што завод “Гарызонт” мае выпускаць квадрацыклы. Сябры суполкі зьбянтэжаныя: чаму менавіта “Гарызонт”? “Дарэчы, пад бокам “Матавела” загінаецца! Прывітаньне зьдзельнікам адміністрацыйнай сыстэмы кіраваньня!.. Годзе, няхай выпускаюць: тэлевізары цяпер ня ідуць. А “Мотавэла” бульбакапалкі засвоіць”. “Ну дык выпускае ж Samsung аўтамабілі й танкеры, чаму б і “Гарызонту” не пашырыць сьпіс таварнай намэнклятуры? Слова “дывэрсыфікацыя” вам знаёмае?”

“У сталіцы даўно ўжо ў павільёне “Гарызонту” стаяць гэтыя самыя брудацыклі. Зблізку не назіраў. А што назіраць? “Гарызонт” навучыўся ляпіць свае шыльдзікі на кітайскае дабро…”

Сталы аўтар сайту www.telegraf.by Аляксандар Брэчэк разважае пра дзейнасьць Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі. Сёньня, як заўважае спадар Брэчэк, беларускія праваслаўныя вернікі ў храмах моляцца на абразы апошняга расейскага цара Мікалая Другога. Аўтар артыкула лічыць, што такім чынам царква спрабуе навязаць беларусам думку пра іхняе адзінства з расейцамі. “Не сумняюся, што нашыя царкоўныя гіерархі таксама здолеюць “вельмі ненавязьліва” растлумачыць беларускім вернікам сэнс “подзьвігу Царскіх пакутнікаў”, умацоўваючы ў ёй ня столькі веру ў Бога, колькі велікарускую чарнасоценную паранойю. Толькі вось я задаю самому сабе пытаньне – а навошта нам, беларусам, усё гэта трэба? Ну якая нам справа да забітага, няхай і незаконна, расейскага цара Мікалая Другога? Што, у нас мала сваіх “пакутнікаў”? І не знаходжу адказу. Я ведаю толькі адно – калі РПЦ і надалей будзе на нашай тэрыторыі разьвівацца такім чынам, дык неўзабаве нам давядзецца жагнацца на партрэт Уладзімера Пуціна з лабрадоркай Коні, якая ляжыць каля ягоных ног…”

На сайце зьявіўся фотаздымак, зроблены ў гарадзенскім аквапарку “Азёрны”. На здымку – шыльдачка з надпісам: “Па газонах ходзяць толькі…” І ніжэй намаляваная ружовая сьвіньня. “У аквапарку “Азёрным” жывуць сьвіньні” – так назваў здымак аўтар запісу. Нехта з наведнікаў камэнтуе: “Не жывуць, а адпачываюць. Жывуць там тыя, хто такія шыльдачкі ставіць”.

А прапануе чарговы каляж: “Ад першага сакавіка 2007 году ўводзяцца новыя знакі дарожнага руху – “Увага! Будаўніцтва бібліятэкі”, “Увага! Бібліятэка”, “Нізка лятуць спадарожнікі”, “Увага! Наперадзе сяўба”, “Увага! Наперадзе жніво”, “Дарога для прэзыдэнта”, “Увага! Хакеісты”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG