Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеркаўшчына: “Ён спрытны мужчына, лысы. Я за яго замуж пайшла б”


Зьміцер Бартосік, Дзеркаўшчына, Глыбоцкі раён Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”.

Дзеркаўшчына — гэта ня вёска, а немалое мястэчка з касьцёлам ды царквой. Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай панны Марыі быў уфундаваны дзьвесьце гадоў таму Лявонам Дамейкам, пра што гаворыць умураваная шыльда. Абышоўшы гэты шэдэўр эклектыкі, я разгаварыўся з ахмістрыняй. Пані Юзэфа запрасіла мяне ў плябанію, дзе пачаставала гарбатай і ня толькі.



Юзэфа: “Касьцёл — гэта ўсё наша жыцьцё. Даўней зусім інакшыя людзі былі. Верылі. Саветы як разграмілі гэтыя касьцёлы — разграмілі ўсё чыста. Што гэта дало? Пайшла моладзь у п’янку. Пайшлі разводы. Ну, а цяпер ужо вельмі цяжка сабраць упушчанае. Што было ў нас, усё прадавалі. Былі падаткі пры Сталіну. Такія падаткі на касьцёл! Нас было трынаццаць дзяцей, хацелі вывезьці. Ужо тату забралі, ксяндза забралі. Ой, я не магу... Я плачу. Не магу расказваць”.

На пачатку ХІХ стагодзьдзя Дзеркаўшчына належала славутаму роду Дамейкаў. На пачатку ХХІ вёску і адстаючы калгас далучылі да суседняй, багатай гаспадаркі -- адкрытага акцыянэрнага таварыства “Канстанцінаў Двор”. Гадоў сем таму ў вёсцы нават выходзіў свой пэрыёдык — дзякуючы аграному Зьмітру Лупачу, які разам зь сябрам выпускаў газэту “Рэха Дзеркаўшчыны”. Гэта было ўнікальнае выданьне, якое сумяшчала палітычнасьць “Мужыцкай праўды” і асьветніцтва “Нашай Нівы”. Выйшла ўсяго каля дзясятка нумароў, але розгалас пра газэту ішоў далёка за межы мястэчка, бо рабілі і чыталі яе самі жыхары.

Карэспандэнт: “Рэха той газэты — яно дакацілася да сёньняшніх дзён? Можна назваць насельніцтва хоць крыху апазыцыйным у Дзеркаўшчыне?”

Зьміцер: “Наша гаспадарка ўваходзіць у шэсьцьдзесят гэтых гаспадарак, якія падтрымліваюцца зь Менску як паказальныя. Таму тут цяпер зарплаты досыць высокія. А тады, у 2001 годзе, назіральнікаў зь Дзеркаўшчыны было на паўраёну. А ў 1994-м Пазьняк набраў 51 працэнт. Больш, чым у раёне”.

Карэспандэнт: “Ці ня дзякуючы “Рэху Дзеркаўшчыны”, улады вырашылі прыбіць апазыцыйныя настроі добрымі заробкамі? Можа, гэта прыклад для астатніх: спадары калгасьнікі, выпускайце незалежныя газэты?!”

Колькі разоў я рабіў адну вялікую памылку, калі высокі заробак лічыў асноўным індыкатарам дабрабыту. Вельмі часта прыстойныя грошы, празь немагчымасьць іх патраціць, спускаюцца ў шынках. Пасьля пытаньня “Колькі зарабляеце?” трэба дадаваць “Ці багатая афіша?”. У Дзеркаўшчыне можна гаварыць пра афішу. І ня дзякуючы багатай гаспадарцы, якая не шкадуе грошай на сталічных знакамітасьцяў. Дзеркаўчанам пашанцавала з дырэктаркай Дому культуры Тацянай Фярковіч — яна апантаная тэатрам. Дзеркавіцкі народны тэатар цалкам беларускі. Ставяць пераважна камэдыйную клясыку. “Прымакі” Купалы, “Трыбунал” Макаёнка. Сярод артыстаў ёсьць і бухгалтары, і настаўніцы, і мэханізатары.



Фярковіч: “Ходзяць паглядзець адно і тое ж пяць разоў. Ім падабаецца, дзе вясковае, дзе сьмешнае. Адпачылі, пасьмяяліся. Больш успрымаюць камэдыйнае”.

Карэспандэнт: “А дэкарацыі, касьцюмы?”

Фярковіч: “Усё робім самі”.

Карэспандэнт: “Вы яшчэ й зарабляеце?”

Фярковіч: “А як жа! Гэта ж самыя грошы. Ня так ідуць на канцэрты, як на спэктакаль”.

Карэспандэнт: “А колькі каштуе білет?”

Фярковіч: “Паўтары тысячы. Толькі ня думайце, што ў нас няма куды людзям ісьці. Толькі ў гэтым годзе былі чатыры прафэсійныя калектывы. І ансамбаль “Сьвята”, і Ірына Дарафеева, Цітовіча хор”.



Ля галоўнай вуліцы мястэчка ўзвышаецца рукатворны пагорак, абнесены каванай агароджай. Гэта панскія могілкі, на якіх захаваліся магілы апошніх арыстакратаў навакольля -- паноў Бушаў. Я разгаварыўся з кабетай у гадах, з прыгожай расейскай моваю. Ліна Данілаўна, ураджэнка Пскоўшчыны, усё сьвядомае жыцьцё выкладала ў Дзеркаўшчыне расейскую мову і літаратуру. Але “дзякуй” ёй ня толькі за гэта.

Ліна: “Любіў старшыня наш зносіць дрэвы старыя: казаў, што яны падаць будуць. І хацеў зьнесьці гэтыя могілкі, бо яны заміналі яму. І стаіць зь ім чалавек. Можа, зь Віцебску, можа, з Полацку, і яны між сабой размаўляюць. А я праходзіла побач. Гэты даказвае, што трэба зьнесьці, а той, віцебскі, пытае: а тут нікога няма жывых, чый сваяк пахаваны? І якраз я ў гэты час праходзіла побач. Кажу: “Ёсьць”. І могілкі засталіся”.

Пра паноў Бушаў тое-сёе памятае баба Ганна, якая жыве непадалёк ад кладоў.



Карэспандэнт: “А што пра іх гаварылі? Яны пакінулі добрую памяць па сабе?”

Ганна: “Яны былі багатыя. Яны багацьце набылі за сваю працу. Няхай на іх людзі працавалі з бліжэйшых вёсак. Цяпер у нас у калгасе раз на месяц палучку плацяць. Во колькі начальнікаў. А даўней у іх не было начальнікаў. Адзін аканом толькі быў, уся моладзь убраная хадзіла, бо яны ўсе ў гэтага пана работалі. Да вечара паробяць, і ўвечары гэты аканом, ня трэба было ні гэтых бухгалцярэй, ні касіраў, нікога — ён сам налічыць, колькі належыць, і да вечара ўжо заплацяць. Прыходзкія заўжды прыяжджалі ў касьцёл на роварах, яны ў гэтага пана зараблялі. У яго было многа парабкоў, якія работалі на яго, але ён ім плаціў добра”.

Карэспандэнт: “Карацей, пры Бушах было лепш, чым пры калгасе”.

Ганна: “Хто яго ведае. Хто як сумее. Хто сумее так жыць, а хто -- гэтак”.

Пакуль жывуць старыя, якія памятаюць міжваенную Польшчу, да тае пары ў нас ня зьнікне панятак “Заходняя Беларусь”. Бо для іх сьвет скалануўся 17 верасьня 1939 году. Менавіта ад гэтай даты пачаліся ўсе іх трагедыі й драмы. Шкада, што нельга занатаваць кожнага ўспаміну пра той час. 86-гадовая баба Галя падаравала нам свой фрагмэнт той панарамы.



Галіна: “Прыйшлі бальшавікі. Я помню, што была нядзеля. Мы былі ўсе ў Дзеркаўшчыне, у касьцёле. І вось прыйшлі рускія. Мы выйшлі з касьцёлу, глядзім. Яны такія зануджаныя, гразьненькія. І падыходзяць да нас. А мы дзяўчаты прыбраныя. А яны ў нас пытаюцца: “Дзе ў вас нізшы клас?” Мы ж не разумелі, што гэта за нізшы клас. Мы ж усе такія нарадныя. Мы сказалі, што няма ў нас ніякага нізшага класу. Адна стаіць і кажа: “А мы во столькі класаў скончылі. Думала, пра адукацыю пытаюць. Вось так, і сьмех быў, і гора было”.

Саму Галіну, якой тады было дзевятнаццаць, ледзь не забілі падчас арышту сям’і польскага асадніка, з дачкой якога Галіна сябравала. Але вось яшчэ адзін эпізод, які таксама характарызуе ўладу “вызвольнікаў”.

Галіна: “Хадзілі, як толькі прыйшлі саветы, хадзілі нейкія ў афіцэрскай адзежы адзетыя, па-польску гаварылі. І яны арганізавалі, быццам бы, што яны ўжо будуць ваяваць за неподлеглосьць падпольна. І многія мальцы ў нас каторыя ў турме пагіблі. Ну, каторыя пагадзіліся ісьці, думалі, што, можа, праўда будзе якая Польшча”.

Карэспандэнт: “Гэта была правакацыя”.

Галіна: “Так, гэта правакатары хадзілі. У мяне брат быў. Прыйшоў дамоў і тату гаворыць. А тата яму: “Дзетка, адзявай глухую шапку. Ня лезь”.

Я быў пажартаваў, што, маўляў, як добра жыць у наш спакойны час. Але пэнсіянэрка майго жарту не падтрымала.

Галіна: “Я чула, як Лукашэнка гаворыць: калі мяне ня будзеце слухацца, ня будзеце выконваць, дык адразу наручнікі на рукі адзенем -- і ў турму. А я думаю: ах ты зараза! У тэлевізар — о! Нядобра ты гаворыш”.

Ня верачы словам Лукашэнкі, баба Галя, тым ня менш, знаходзіць яго мужчынам прывабным.

Галіна: “Канечне. Ён спрытны мужчына, лысы. Пенкны. Я пайшла б за яго замуж, каб ён мяне ўзяў. Можа, ён накапіў грошай многа, дык мы багата жылі б. Езьдзілі б на гэтым, на “мэрсэдэсе”.

Я пажартаваў, што такой прыгожай шляхцянцы грэх думаць пра плебэяў на мэрсе: надта ж відочны жахлівы мэзальянс атрымліваецца. Пасьмяяўшыся, мы разьвіталіся з бабай Галяй. Сядаючы ў машыну, я колькі хвілін з кайфам слухаў гаворку дзяцей, што ішлі са школы. Паабяцаўшы сабе, што больш ніколі і нікому не задам пытаньня пра лёс беларускай мовы…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG