„Беларускае слова году“ вызначаем ужо 12-ы раз. Гэта або зусім новае слова, або з істотна зьмененым значэньнем, або ў крайнім выпадку вельмі важнае сёлета. Журналісты Радыё Свабода і экспэрты вылучаюць пачатковы сьпіс словаў, чытачы сацыяльных сетак разам зь імі фармуюць „кароткі сьпіс“, за які і галасуюць.
„К чорту іх межы!“ vs „Родна межанька“
Сёлета наперадзе з істотным адрывам — слова мяжа. За яго аддала галасы трэць тых, хто выбіраў „Слова году“ на васьмі плятформах розных сацыяльных сетак.
Слова мяжа ў беларускай мове шматзначнае і архаічнае, паходзіць яшчэ ад індаэўрапейскага кораня для ‘сярэдзіны’ (параўн. лацінскія medium, mediana).
Перш азначала палоску неўзаранай зямлі паміж двума палеткамі. Памежнікі ці сумежнікі — даўнейшая назва суседзяў (добрых ці ня надта) па той бок. А зь цягам часу — усялякія лініі падзелу: у пачатку ХХ стагодзьдзя зьявіўся тэрмін дзяржаўная мяжа, выраз „за мяжой“ стаў азначаць тое, што азначае, а слова памежнікі надзела ўніформу. У знакамітым Коласавым вершы супраць падзелу Беларусі 1921 г. „К чорту іх межы! К д’яблу граніцы!“ гэта сынонім „граніцы“. Слова мяжа ў дзяржаўным значэньні адрозьнівае нашу мову ад усіх суседніх.
У пераносным сэнсе мяжа — норма. Нельга пераступаць мяжу прыстойнасьці!
Урэшце, мяжа — гэта і сынонім Бацькаўшчыны. У Купалавым вершы „А ў бары, ў бары тры дарожанькі“, які стаў песьняй, апошні радок пра гэта:
Выбіраў жаўнер трэцьцю сьцежаньку,
Бо вяла яна ў родну межаньку.
Таму сэмантыка мяжы шматстайная. Яна можа быць і знакам айчыны, і злучвом з добрым суседам, але можа быць і непраходнай „граніцай“, сымбалем ізаляцыі. Відавочна, акурат апошняе значэньне слова сёлета актуалізавалася так, што яно стала „Словам году“.
Вызваленьне і/ці выправаджэньне
На другім месцы слова вызваленьне з прыблізна чвэрцю галасоў, на некаторых плятформах бальшыня чытачоў аддала яму першынство.
Хутчэй за ўсё, людзі зьвязваюць гэтае станоўчае слова з выхадам з турмаў некаторых беларускіх палітычных зьняволеных. Але ў фінальнай васьмёрцы да таго ж адсылаюць яшчэ два словы, на жаль, нэгатыўныя — экспатрыяцыя і выправаджэньне (адпаведна 6 і 7 месцы). То можна зразумець, што да гэтых юрыдычных тэрмінаў выклікаў увагу вываз з радзімы (часта без дакумэнтаў) вызваленых у выніку перамоваў уладаў Беларусі і адміністрацыі прзыдэнта ЗША. Дарэчы, дэпартацыяй гэтую працэдуру назваць нельга, бо, паводле закону, дэпартуюць толькі іншаземцаў.
Трэцяе месца ў слова талака, зноў жа пазытыўнага — бо гэта назва беларускай народнай традыцыі ўзаемадапамогі ў гаспадарцы.
Слова пэрыядычна асэнсоўваецца наноў, узбагачаецца значэньнямі: так, у 2-й палове 1980-х знакамітай была „Талака“ — згуртаваньне нацыянальна сьведамай беларускамоўнай моладзі, якое фактычна стала агульнабеларускім рухам; цяпер талака — узаемная дапамога беларусаў тым, хто ў бядзе і ў патрэбе як на радзіме, так і на чужыне.
На 4-м месцы балён, слова францускага паходжаньня, якое і ў гаворках, і ў беларускай літаратурнай мове дарусыфікацыйнае пары азначае надзіманую лёгкім газам сфэру. Паветраныя балёны з цыгарэтнай кантрабандай, якія лятуць зь Беларусі ў бок Віленскага аэрапорту і спыняюць яго працу, сталі штодзённай рэальнасьцю апошняга часу, адпаведна слова ўспомнілася.
Далей ідзе рэальна новае ў беларускай мове слова — ШІ-памочнік (дарэчы, пакуль не замацаваўся стандарт вымаўленьня скароту для штучнага інтэлекту, які ўваходзіць у гэтае слова). А ўжо згаданая экспатрыяцыя — слова адносна новае, хоць форма гэтага міжнароднага тэрміну з лацінскімі фармантамі зусім празрыстая: экс-патрыя-цыя, вываз з радзімы ці прымус яе пакінуць, антонім рэ-патрыя-цыі.
На восьмым месцы „бюлетэню для галасаваньня“ — слова ўгода, трохі прызабытае, бо яго актыўна выціскалі русыцызмам „зьдзелка“. Яго сёлета ўжывалі часта, бо ўгоды сталі атрыбутам міжнароднае палітыкі.
А што ў іншых?
У ангельскамоўным сьвеце „Словы году“ звычайна выбіраюць найраней. Прэсу ўжо абышлі вэрсія Кембрыдзкага слоўніка — parasocial, прыметнік (для „слова году“ гэта нязвыкла) пра адчуваньне повязі з кімсьці знакамітым, зь літаратурным пэрсанажам і нават з штучным інтэлектам. Такія вось праблемы ангельскамоўнага сьвету адлюстраваў нэалягізм-чэмпіён.
А ў Швайцарыі „Словамі году“ сталі лексэмы з больш канкрэтным і змрочным значэньнем: для тамтэйшых носьбітаў францускае мовы гэта génocide, для італамоўных швайцарцаў — dazi 'тарыфы'. Затое ў верхнефранконскім дыялекце Баварыі „Слова году — 2025“ сымпатычнае: гэта Rowern — дыялектная назва тачкі-аднаколкі, безь якой працавіты селянін там не ўяўляе сваёй традыцыйнай гаспадаркі.
Ёсьць і конкурсы выключна для наватвораў. Новае харвацкае слова году традыцыйна выбірае часопіс Jezik. Сёлета першае месца ў слова plovopis для мастацкага твору пра падарожжа на караблі ці чаўне. На другім месцы čvornik, харвацкі эквівалент для тэрміну hub (пункт сувязі, лучнасьці; čvor гэта вузел). Сярод прэтэндэнтаў быў і jelokrug — каб назваць па-свойму ангельскамоўны food court. Мо і беларусы дажывуць да раскошы выбіраць „Слова году“ проста паводле ягонай мілагучнасьці й прыдатнасьці.
Даведка пра „Слова году“
„Слова году“ традыцыйна выбіраюць для розных моваў. Упершыню гэта зрабіла Таварыства нямецкай мовы (Die Gesellschaft für deutsche Sprache, Вісбадэн) у 1971 годзе. У ангельскамоўным сьвеце цяпер слова году вызначаюць некалькі аўтарытэтных навуковых, выдавецкіх і журналісцкіх асяродкаў. Крытэры ў розных журы крыху адрозныя. Бальшыня не вымагае, каб слова было зусім новым (хоць гэта пажадана); ужо наяўнае ў мове слова мае істотна памяняць значэньне або прынамсі быць частым і важным у адпаведным годзе (слоўнікавыя інтэрнэт-рэсурсы лічаць колькасьць запытаў).
„Беларускія словы году“
Упершыню „Беларускае слова году“ выбрала Беларуская служба Радыё Свабода ў 2014 годзе. Спачатку выбіралі некалькі запрошаных экспэртаў, потым экспэртная камісія складалася з журналістаў і мовазнаўцаў, а з 2017 году сьпіс для галасаваньня складаюць як экспэрты, так і чытачы розных сацыяльных сетак. Апошнія і выбіраюць галасаваньнем „Слова году“.
„Беларускімі словамі году“ былі:
Форум