— Літва зьвярнулася ў Эўрапейскую камісію з просьбай дапамагчы вярнуць грузавікі, якія захрасьлі ў Беларусі. Вільня таксама заклікала Эўразьвяз увесьці новыя санкцыі супраць Менску ў сувязі з залётамі ў Літву аэрастатаў з кантрабандай. Ці ёсьць у ЭЗ інструмэнты, каб дапамагчы Літве вярнуць грузавікі?
— Інструмэнтаў у Эўразьвязу хапае, таму што захоўваецца гандаль паміж Беларусьсю і ЭЗ. Эўразьвяз можа накласьці тыя ці іншыя абмежаваньні на гэты гандаль, што можа быць формай фінансавага ціску на Менск. Можна знайсьці і іншыя мэханізмы, зьвязаныя з лягістычнымі схемамі, якія таксама могуць быць формай ціску на беларускую ўладу.
— А ці захоча Эўразьвяз выкарыстаць гэтыя інструмэнты дзеля Літвы?
— Гэта цяжка прадказаць. Але гэта цалкам магчыма, калі будзе адбывацца далейшая эскаляцыя. Тым больш, што з падобнымі праблемамі, з гібрыднымі пагрозамі, сутыкаецца ня толькі Літва, але таксама іншыя краіны ЭЗ — Нідэрлянды, Данія, Нямеччына, Польшча. У гэтых краінах назіраюцца падобныя інцыдэнты і многія могуць практычна выказаць салідарнасьць зь Літвой.
— Якая імавернасьць таго, што ЭЗ тэрмінова ўвядзе дадатковыя санкцыі адносна Беларусі, аб якіх просіць Вільня? Крызіс у адносінах паміж Беларусьсю і Літвой трывае ўжо больш за месяц. А аб дадатковых санкцыях Вільня прасіла ад пачатку крызісу.
— Я думаю, што рэакцыя будзе. Калі сытуацыя ня будзе вырашаная, то так ці інакш Эўразьвяз будзе рэагаваць. Як — гэта пытаньне. Ёсьць больш шырокі кантэкст расейскай гібрыднай пагрозы, і Беларусь разглядаецца як частка гэтай пагрозы многімі краінамі Эўразьвязу. Тое, што прайшоў месяц, а практычнай рэакцыі пакуль няма — на жаль ці на шчасьце, але так працуе эўрапейскі мэханізм. Гэта дастаткова марудная сыстэма. Па-першае, любое такое рашэньне мусіць быць узгодненае паміж краінамі. Па-другое, для ўвядзеньня такой меры патрэбны пераходны пэрыяд.
— Андрэй, я дазволю сабе контрпрыклад. У траўні 2021 году Аляксандар Лукашэнка захапіў самалёт Ryanair з Раманам Пратасевічам і Сафіяй Сапегай. І рашэньне аб санкцыях у адказ на гэта Эўразьвяз прыняў на працягу пары дзён.
— Гэта не абвяргае таго, што я сказаў. Так, у надзвычайных сытуацыях рашэньні могуць прымацца вельмі хутка і ў Эўразьвязе. Але крызіс у беларуска-літоўскіх адносінах Эўразьвяз не ўспрымае як нешта надзвычайнае, што патрабуе хуткай рэакцыі. Гэты крызіс — адно зьвяно ў доўгім ланцугу супрацьстаяньня гібрыдным атакам. Павольнасьць рэакцыі ЭЗ можа часткова тлумачыцца і тым, што літоўскі ўрад быў ня вельмі пасьлядоўным у сваёй палітыцы адносна Беларусі.
Напрыканцы кастрычніку яны закрылі мяжу на месяц, нават не пралічыўшы магчымыя наступствы. Потым адкрылі, але адкрылі без умоваў. Яны маглі спачатку дамовіцца, што грузавікі выпусьцяць зь Беларусі пасьля адкрыцьця мяжы. А яны адкрылі мяжу проста так. Складваецца ўражаньне, што і лябіяваць сваю пазыцыю на эўрапейскім узроўні яны таксама пачалі позна. Яшчэ раз паўтару, што ў надзвычайных сытуацыях рашэньні могуць прымацца вельмі хутка, але звычайна Эўрапейская камісія пралічвае наступствы любых рашэньняў, якія рыхтуюцца.
— Ці могуць дадатковыя санкцыі, аб якіх просіць Вільня, быць уключаныя ў 20-ы пакет санкцыяў ЭЗ, які мяркуецца прыняць налета і які ўжо папярэдне сфармаваны?
— Мне падаецца, што гэта менш імаверна, чым прыняцьце адмысловага пакету на просьбу Літвы. Лёгіка 20-га пакета ясна зьвязаная з вайною, са спрыяньнем баявым дзеяньням Расеі з боку Беларусі. Гэта наўпрост не зьвязана з дзеяньнямі Беларусі адносна Літвы. Літоўцы гэтыя дзеяньні могуць інтэрпрэтаваць як частку гібрыднай агрэсіі, Але ці пагодзяцца з гэтым іншыя партнэры па Эўразьвязу? У ЭЗ ужо выказваліся думкі, што гэтыя рэчы, зьвязаныя з гібрыднымі пагрозамі, патрабуюць асобнай рэакцыі, наўпрост не зьвязанай з рэакцыяй на ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне.
— Менск дамагаецца ад Вільні, каб яна ўступіла ў перамовы на палітычным узроўні. Вільня гатовая размаўляць толькі на ўзроўні тэхнічных экспэртаў. Але ў 2021 годзе, у разгар міграцыйнага крызісу тагачасная канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель тэлефанавала Лукашэнку, цяпер Вашынгтон вядзе інтэнсіўны палітычны дыялёг з Лукашэнкам. Адмова размаўляць з Лукашэнкам — гэта цьвёрдая пазыцыя ўсяго ЭЗ ці ўласная пазыцыя Вільні?
— Я б пачаў адказ з заўвагі, што тагачасныя тэлефанаваньні Мэркель міграцыйны крызіс ня вырашылі, ці вырашылі лякальна і на кароткі прамежак часу. Міграцыйны крызіс трывае дагэтуль. І напэўна ён меў значна больш глыбокія карані, чым проста нежаданьне эўрапейскіх палітыкаў размаўляць з Лукашэнкам. Наагул катэгарычнае нежаданьне весьці такія размовы з беларускімі ўладамі — гэта хутчэй нацыянальная пазыцыя Вільні. У ЭЗ заўсёды былі краіны, лідэры якіх пры патрэбе маглі тэлефанаваць нават Пуціну, як напрыклад Эманюэль Макрон. Літва вельмі катэгарычна і эмацыйна ставіцца адмоўна да размоваў з беларускімі ўладамі. Для шмат якіх літоўскіх палітыкаў літоўскіх гэта прынцыповае пытаньне — не дапусьціць такой прамой камунікацыі.
Але я мяркую, што стаўленьне было б іншым, калі ў бакоў быў бы мінімальны давер адзін да аднаго. Калі б літоўцы былі ўпэўненыя, што ўступіўшы ў такія перамовы, яны маглі б дамовіцца пра нешта доўгатэрміновае, яны б на такія перамовы пайшлі. Але яны не ўпэўненыя, што з Лукашэнкам можна ў прынцыпе дамовіцца пра нешта доўгатрывалае.
Яна асьцерагаюцца, што паедуць, паразмаўляюць, месяц усё будзе нармальна, а потым усё паўторыцца — балёны ізноў паляцяць, а мігранты пойдуць празь мяжу. Літоўцы лічаць, што пры такім сцэнары яны здрадзяць прынцыпу, але нічога пэўнага не атрымаюць.
Я ўжо прыгадаў, што тэлефанаваньні Мэркель у 2021 годзе ня мелі вялікага плёну. Многія эўрапейскія палітыкі гэтак жа ацэньваюць цяперашнюю камунікацыю паміж Злучанымі Штатамі і Беларусьсю. Ну так, пэўную колькасьць палітвязьняў вызвалілі. Але Лукашэнка новых набраў і іх агульная колькасьць кардынальна не зьмянілася.
Калі адсутнічае давер паміж бакамі, то любы зь іх можа адгуляць назад любыя дамоўленасьці. Адсутнасьць даверу — гэта асноўная праблема ў беларуска-літоўскіх стасунках, а ня тое, што літоўскі бок прынцыпова ня хоча кантактаваць на ўзроўні МЗС.
Форум