Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці бюджэт-2026 сьведчыць пра намер Лукашэнкі ваяваць? Адказвае эканаміст Зьміцер Крук


Рыхтаваньне салдатаў у беларускай арміі. Ілюстрацыйнае фота
Рыхтаваньне салдатаў у беларускай арміі. Ілюстрацыйнае фота

Сьцісла

  • Пасьля 2022 году разрыў паміж лічбамі бюджэту і яго фактычным выкананьнем стаў астранамічным.
  • У 2024 годзе быў заплянаваны рэкордна вялікі дэфіцыт бюджэту, а ў рэальнасьці атрымаўся прафіцыт.
  • Заплянаваны налета дэфіцыт бюджэту можа аказацца і меншым.
  • Беларусь ня можа дазволіць сабе вялікія выдаткі на абарону, беларускі абаронны бюджэт — не бюджэт ваеннага часу.

Што пра стан беларускай эканомікі кажа прыняты днямі праект бюджэту на 2026 год і чаму можна меркаваць, што Аляксандар Лукашэнка не рыхтуе Беларусь да вайны? На гэтыя пытаньні ў інтэрвію «Свабодзе» адказвае старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC эканаміст Зьміцер Крук.

Вынікі выкананьня бюджэтаў лепшыя за чаканьні

— На гэтым тыдні Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні праект нацыянальнага бюджэту на 2026 год. У параўнаньні з гэтым годам прадугледжаны істотны рост як выдатковай, так і даходнай часткі бюджэту. Даходная вырастае амаль на 19%, а выдатковая — на 17%. Але тэмпы росту эканомікі — і беларускай, і расейскай, галоўнага гандлёвага партнэра Беларусі, — запавольваюцца і будуць запавольвацца налета. Адкуль рост даходаў бюджэту, адкуль рост выдаткаў?

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

— Я б ня ставіўся сур’ёзна да супастаўленьня лічбаў сёлетняга бюджэту і наступнага. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай у бюджэтным плянаваньні разыходжаньне паміж плянамі і фактычным выкананьнем стала проста астранамічным.

Беларускае Міністэрства фінансаў заўсёды вельмі кансэрватыўна падыходзіла да плянаваньня даходаў, разьлічваючы на горшае. Таму амаль заўсёды даходы фактычна былі большыя, чым плянавалася. І гэты падыход даволі рацыянальны. Але пасьля 2022 году да гэтай звычкі дадалося яшчэ шмат няпэўнасьцяў, таму міністэрства было яшчэ больш асьцярожным, чым раней.

Вынікі выкананьня бюджэту засакрэчаныя, у лепшым выпадку мы даведваемся пра іх зь вялікім спазьненьнем.

Ужо ведаем больш-менш пэўна пра выкананьне бюджэту 2024 году. Тады даходы плянаваліся на ўзроўні 16% валавога ўнутранага прадукту (ВУП), а фактычна атрымалася 18%. Выдаткі плянаваліся на ўзроўні 18% ВУП, закладаўся вялікі бюджэтны дэфіцыт — мінус 2%, а фактычна атрымалі прафіцыт — перавагу даходаў над выдаткамі.

Але варта адзначыць, што сёлета гэтая асьцярожнасьць, кансэрватызм у прагнозах крыху зьнізілася. Даходы бюджэту-2026 заплянаваныя на ўзроўні 17,4% ВУП, дык жа ў 2023–2024 гадах яны фактычна былі на ўзроўні 18%.

Цікавая асаблівасьць праекту бюджэту налета: у ім прадугледжаны вялікі рост непадатковых даходаў — штрафаў, даходаў ад дзяржаўнай уласнасьці.

— Многія зьвярнулі ўвагу на рост сумы ў пазыцыі «бязвыплатная дапамога ад замежных дзяржаваў». Гэта 6,7 мільярда рублёў, у паўтара раза больш, чым летась. Што за дапамога, за кошт чаго? Я бачыў камэнтары, маўляў гэта кампэнсацыя ад Расеі за так званы падатковы манэўр у здабычы нафты.

— Гэтыя непадатковыя даходы прадугледжаныя на ўзроўні 2,1% ВУП, летась было 1,6% ВУП, то бок прырост амаль на 2 мільярды рублёў. Так, вы маеце рацыю, найбольшая частка гэтых даходаў — бязвыплатныя паступленьні ад замежных дзяржаваў. Ня ведаю, ці гэта зваротны акцыз, які Расея кампэнсуе за той самы падатковы манэўр. Але ўжо колькі гадоў кампэнсуе, з пачатку 2020-х. Адкуль гэты рост налета? Мы з калегамі абмяркоўвалі гіпотэзу, што такім хітрым чынам закладаецца ў бюджэт растэрмінаваньне сплаты дзяржаўнага доўгу Беларусі.

Пра што сьведчыць скарачэньне выдаткаў на абарону?

— Яшчэ адна асаблівасьць праекту бюджэту — скарачэньне выдаткаў на нацыянальную абарону. З 2023 году гэтая пазыцыя бюджэту ўвесь час расла, прычым заўважна. А ў 2026 годзе прадугледжана нават зьніжэньне гэтых выдаткаў на 202 мільёны рублёў. Пры тым, што ўва ўсіх суседзяў гэтыя выдаткі растуць. Ня толькі ўва Ўкраіне і Расеі, якія ваююць, але і ў Польшчы, і ў Літве, і ў Латвіі. Пра што гэта сьведчыць?

— Па-першае, напэўна, Лукашэнка ваяваць не зьбіраецца. Ну і Беларусь ня можа сабе дазволіць зараз вялікія вайсковыя выдаткі.

Але некалькі ўдакладненьняў. Склаўся такі стэрэатып, што выдаткі на нацыянальную абарону за мінулыя гады вырасьлі вельмі істотна. У беларускіх рублях выдаткі сапраўды вырасьлі: у 2023-м — на 50%, у 2024-м — на 29%, у 2025-м — на 30%. Але калі вымяраць у адсотках ад ВУП, то гэты рост ня выглядае такім імклівым: у 2022-м гэтыя выдаткі складалі 1,65% ВУП, у 2023-м — 2,2% ВУП, у 2024-м — 2,07% ВУП. Рост на 0,4% ВУП істотны. Але што такое высокія выдаткі на абарону? Цяпер у NATO размова ідзе пра нарматыў вайсковых выдаткаў у 3% і нават 5% ВУП. Вось гэта высокія выдаткі на абарону. Зь беларускімі лічбамі гэта проста непараўнальна. Беларускі абаронны бюджэт — гэта не бюджэт ваеннага часу.

— Вы ўжо прыгадалі дэфіцыт бюджэту. У плянах назіраецца яго пэўнае зьніжэньне. У 2024 годзе дэфіцыт, паводле пляну, складаў 4,7 мільярда рублёў, летась — 4,4 мільярда, плян на наступны год — 4,3 мільярда рублёў. Чаму адбываецца такі рух да збалянсаваньня?

— Пакуль паляпшэньне ёсьць толькі ў заплянаваным дэфіцыце ў параўнаньні з ранейшымі заплянаванымі дэфіцытамі. Але ў 2024 годзе ў бюджэце быў заплянаваны рэкордны дэфіцыт у 4,7 мільярда рублёў — 2% ВУП. Але атрымаўся прафіцыт у 0,3% ВУП. Невялікае, але ўсё ж перавышэньне даходаў над выдаткамі. Ці будзе дэфіцыт у 2026-м? А зусім ня факт. Можа, і не. Але калі будзе, то атрымаецца істотнае фактычнае пагаршэньне ў параўнаньні з папярэднімі гадамі.

Аднак калі дэфіцыт бюджэту будзе такі, як заплянавана (1,4% ВУП), гэта бясьпечны ўзровень. Асабліва з улікам назапашаных гіганцкіх запасаў на рахунках ураду. Калі глядзець іх і ў Нацыянальным банку на рахунках дзяржаўнага скарбу, і ў камэрцыйных банках, то гэта каля 30 мільярдаў рублёў. Гэта сродкі, якімі можна манэўраваць, якія надаюць бюджэту дадатковую ўстойлівасьць. Што будзе далей, сказаць складана, але на 2026 год гэта салідны запас трываласьці.

— А на якія асаблівасьці праекту бюджэту зьвярнулі ўвагу вы, пра што яны сьведчаць?

— Да згаданага я б дадаў падвышэньне выдаткаў на падтрыманьне нацыянальнай эканомікі. Сёлета гэта 3,1% ВУП, у 2023–2024 гадах гэты паказьнік быў 2–2,5%. Гэтая пазыцыя — дапамога сельскай гаспадарцы і прамысловым прадпрыемствам. Рост заплянаваных выдаткаў на гэта — рэакцыя на зьніжэньне попыту ў Расеі на прадукцыю беларускай прамысловасьці. І прагноз, што гэтае зьніжэньне працягнецца і налета. І патрэбнае будзе дадатковае падмацаваньне прамысловым прадпрыемствам.

Таксама я зьвярнуў увагу на лічбы абслугоўваньня дзяржаўнага доўгу. У бюджэце закладзеная даволі вялікая сума на пагашэньне асноўнага цела замежнага доўгу — 10,4 мільярда рублёў. Ня вельмі зразумела, адкуль яна ўзялася. Але ня выключана, што ўрад і тут падсьцілае саломку, разьлічвае на горшае, пры тым, што становішча ў гэтым пытаньні можа аказацца лепшым, чым плянуецца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG