Праект адпаведнай пастановы быў апублікаваны ў чацьвер на сайце Урадавага цэнтра заканадаўства, паведамляе польская агенцыя PAP.
Згодна з праектам пастановы, 17 лістапада 2025 года будзе адноўлены памежны рух на двух аўтамабільных пераходах.
Першы з іх — «Баброўнікі —Бераставіца». Ён будзе адкрыты з абмежаваньнямі для грузавога руху — толькі для транспартных сродкаў, зарэгістраваных у дзяржавах — членах Эўрапейскага зьвязу, Эўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (EFTA) — бакоў дамовы аб Эўрапейскай эканамічнай прасторы, і Канфэдэрацыі Швайцарыя, — а таксама для пасажырскага руху, у тым ліку аўтобусаў.
Другі памежны пераход, «Кузьня Беластоцкая —Брузгі», будзе адкрыты з абмежаваньнем толькі для пасажырскага руху — без аўтобусаў.
«Гэтыя дзеяньні маюць на мэце аднавіць перасячэньне людзей і тавараў, што з’яўляецца адказам на чаканьні грамадзкасьці, у прыватнасьці вялікай групы прадпрымальнікаў, перавозчыкаў і людзей, якія езьдзяць на працу з Беларусі ў Польшчу», — сказана ў абгрунтаваньні праекту.
Гатоўнасьць аднавіць рух на двух памежных пераходах у Баброўніках і Кузьніцы Беластоцкай у кастрычніку абвесьціў польскі прэм’ер Дональд Туск. Тады ён падкрэсьліў, што адкрыцьцё будзе пробным і адбудзецца пасьля кансультацый з Літвой.
Сёньня на беларуска-польскай мяжы дзейнічае пункт пропуску «Берасьце» (для аўтамабільнага пасажырскага транспарту), а таксама «Казловічы» (для грузавога).
Пункт пропуску ў Баброўніках польскі бок закрыў у 2023 годзе пасьля таго, як у Беларусі прыгаварылі да 8 гадоў зьняволеньня горадзенскага журналіста, прадстаўніка польскай меншасьці Анджэя Пачобута. Пункт пропуску ў Брузгах быў зачынены восеньню 2021 года ў сувязі з атакамі мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна перасекчы мяжу.
Пасажырскія чыгуначныя зносіны паміж Беларусьсю і краінамі ЭЗ былі прыпынены ў 2020 годзе з-за COVID-19. З таго часу іх так і не аднавілі. Пры гэтым грузы па чыгунцы працягваюць дастаўляцца.
Форум