Крызіс на беларуска-літоўскай мяжы працягваецца. 1 лістапада Лукашэнка даручыў кіраўніку МЗС Беларусі Максіму Рыжанкову арганізаваць перамовы зь літоўскім бокам наконт становішча на мяжы.
Гэтыя перамовы маюць намер правесьці зь «літоўскімі ўпаўнаважанымі асобамі, адказнымі за гэты кірунак». Каардынацыю перамоваў даручылі дзяржаўнаму сакратару Савету бясьпекі Аляксандру Вальфовічу.
Пасьля закрыцьця мяжы Літвой у адказ на прылёты зь Беларусі балёнаў з кантрабандай на беларускім баку захрасьлі больш як 1100 літоўскіх грузавікоў. Літоўскія ўлады некалькі разоў зьвярталіся да беларускага боку, каб грузавікам дазволілі вярнуцца ў Літву.
Аднак улады Беларусі дазваляюць вяртацца толькі кіроўцам, а большасьць грузавікоў перамясьцілі на адмысловыя платныя стаянкі. Праз гэта цярпяць кіроўцы і лягістычныя фірмы, псуюцца грузы. Пра гэта Свабодзе расказаў Эрландас Мікенас, прэзыдэнт літоўскай нацыянальнай асацыяцыі перавозьнікаў Linava.
«Становішча вельмі сур’ёзнае, перавозьнікі стомленыя і злыя. Дойдзем да таго, што кіроўцы проста кінуць тэхніку і пакінуць яе без нагляду. Вядома, што і многія грузы могуць проста сапсавацца. Некаторыя кіроўцы, паставіўшы фуры на пляцоўкі, пакідаюць іх і едуць дадому. Там літоўскіх кіроўцаў максымум 10%, там кіроўцы з розных краін, беларусы таксама», — кажа суразмоўца.
«Дзьве траціны беларускіх кіроўцаў»
Беларуская дзяржаўная тэлевізія зрабіла некалькісюжэтаў зь мяжы, дзе шмат апавядалі аб праблемах літоўскіх кампаніяў і літоўскіх кіроўцаў праз закрыцьцё мяжы і спыненьне фураў.
Аднак там не згадалі пра беларускіх кіроўцаў, якія таксама ад гэтага цярпяць. На ўмовах ананімнасьці Свабода пагаварылі з мэнэджарам лягістычнай кампаніі ў Літве, беларусам, які працуе ў гэтай галіне. Зь ягоных словаў, у некаторых літоўскіх кампаніях 60% кіроўцаў і болей могуць быць зь Беларусі.
«Я б сказаў, што большасьць кіроўцаў — гэта грамадзяне Беларусі. У нашай кампаніі, напэўна, іх каля 60%. Астатнія — грамадзяне Літвы, Украіны, Расеі. Вельмі рэдка трапляюцца кіроўцы з краін Цэнтральнай Азіі. Беларускія кіроўцы ў нас працуюць ня толькі ў кірунку Беларусі, але і ўнутры ЭЗ. Што да кіроўцаў, якія затрымаліся, — іх ніхто прымусова на мяжы ня ўтрымлівае, ёсьць толькі праблема зь вяртаньнем на тэрыторыю Літвы. З нашага боку кіроўца атрымлівае поўны заробак», — тлумачыць суразмоўца.
Беларускі бок хоча, каб за стаянку кожнай фуры плацілі 120 эўра ў содні. Ад цяперашняга становішча на мяжы цярпяць абодва бакі, у тым ліку простыя грамадзяне Беларусі, працягвае суразмоўца.
«Нават умоўны грамадзянін Беларусі цярпіць, бо праз гэтую сытуацыю назіраецца рост цэнаў на грузаперавозкі. Кошт грузаперавозак уключаецца ў цану тавараў, якія чалавек купляе ў краме. Аднак у першую чаргу цярпяць кампаніі-перавозьнікі, бо машыны стаяць, яны не працуюць, ня ўдзельнічаюць у абароце. Прыбытку ад іх няма — толькі страты, бо кіроўцам у кожным разе трэба плаціць заробак. Улады Беларусі абавязалі аплачваць стаянку ў памеры 120 эўра за содні. Дадаткова пачынаюцца штрафныя санкцыі, судовыя разборы за парушэньне тэрмінаў пастаўкі, бо ня ўсе кліенты разумеюць сытуацыю, для іх найперш важны ўласны бізнэс і ўласны тавар. Таму атрымальнікі грузу спрабуюць мінімізаваць свае страты, у тым ліку і коштам перавозьнікаў», — тлумачыць спэцыяліст.
«Бяруць закладнікаў, каб вырашаць свае пытаньні»
Страты для літоўскіх кампаніяў мэнэджар-лягіст называе «калясальнымі». У тым ліку і таму, што ўлады Беларусі намякалі на магчымую канфіскацыю фураў.
«Беларускія ўлады намякалі, што можа адбыцца канфіскацыя. Мы бачым цяпер яшчэ раз гісторыю, якую любіць і практыкуе Менск: браць закладнікаў, каб разьвязваць нейкія свае пытаньні. Відавочна, што трэба неяк рэагаваць на пагрозы з мэтэазондамі, з мігрантамі. І я лічу, што літоўскі ўрад зрабіў важны крок для разьвязаньня гэтых праблемаў. Але пры гэтым літоўскі ўрад зрабіў крок, які атрымаўся максымальна сабе на шкоду. Больш за тое, застаецца пытаньне пра нейкую дзіўную выбарачнасьць у гэтым рашэньні. Чаму чыгуначны транспарт і надалей спакойна праяжджае празь мяжу?», — задаецца пытаньнем суразмоўца.
Пры далейшых праблемах на беларуска-літоўскай мяжы грузавыя патокі могуць пераразьмеркавацца: грузавікі паедуць празь іншую мяжу. Гэта можа закрануць і беларускіх кіроўцаў, напрыклад, з дазволам на працу толькі ў Літве, працягвае спэцыяліст.
«Калі кіроўца мае толькі літоўскі дазвол на працу — гэта стане для яго вялікай праблемай. У выпадку звальненьня ў яго ня будзе шмат магчымасьцяў для манэўру, бо ў такой сытуацыі вельмі высокая імавернасьць, што ягоны дазвол на жыхарства будзе ануляваны. Мы, напрыклад, кіроўцаў не скарачаем, але не выключаю, што недзе адбудзецца і такое», — дадае суразмоўца.
«Растуць чэргі на іншых кірунках»
Яшчэ адзін суразмоўца Свабоды, які працуе ў галіне лягістыцы ў Беларусі, расказаў на ўмовах ананімнасьці, што праз сытуацыю на беларуска-літоўскай мяжы ўжо вырасьлі чэргі на мяжы з Польшчай.
«Чэргі грузавікоў у Берасьці значна вырасьлі. Калі звычайна праходзілі за дзень, то зараз 2–3 дні чэргі. Закрытыя межы ніколі не ішлі на карысьць бізнэсу. Што да кіроўцаў, то большасьць зь іх беларусы і ці то яны сядзяць дома бяз працы, чакаюць, ці кідаюць фуры і едуць перасаджвацца на іншыя аўтамабілі», — кажа суразмоўца.
Літва закрыла мяжу зь Беларусьсю 27 кастрычніка ў адказ на прылёты ў Літву паветраных балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Празь іх некалькі разоў прыпынялі працу аэрапорту, што прынесла страты ў дзясяткі тысяч эўра. На беларускай тэрыторыі пры гэтым засталося больш за 1100 грузавікоў зь Літвы.
Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч паведаміў, што адказу пакуль няма.
Форум