Навіны пра палітзьняволеную гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову даведаўся праваабаронца Леанід Судаленка. Ён паразмаўляў з былой зьняволенай Марынай (імя зьмененае), якая нядаўна вызвалілася з гомельскай жаночай калёніі № 4, пра ўмовы ўтрыманьня.
Частку размовы, прысьвечаную Шчыраковай, праваабаронца апублікаваў на сваёй старонцы Facebook.
«Ларысу адразу з карантыну паднялі ў атрад № 17, які называўся „швейкай“. Гэта значыць, увесь атрад працуе ў дзьве зьмены якраз на пашыве зімовых куртак сьветла-плямістага колеру для ўнутраных войскаў. Іншымі словамі, увесь абслуговы пэрсанал беларускіх турмаў, СІЗА ды калёній абшываецца зьняволенымі жанчынамі».
Паводле Марыны, палітычных на гэтую працу, дзе можна зарабіць да 80–100 рублёў у месяц, ня ставяць.
Ларыса працавала на іншым вытворчым працэсе, на якім валтузьні шмат, а грошай практычна зарабіць немагчыма, тыдзень першая зьмена, тыдзень другая.
«Атрад № 17 люта „чырвоны“, дзе звычайныя зьняволеныя без сарамлівасьці працуюць на опэраў, за пачак цыгарэт гатовыя выканаць любое заданьне або ўчыніць па іх замове супраць палітычных правакацыю. Палітычных у атрадах недзе 7–8, яны заўсёды абавязаныя ісьці з атрадам у першых шэрагах.
Ларыса вельмі таварыская, размаўляе і ўступае ў камунікацыю з усімі, хоць я яе неаднаразова папярэджвала аб наступствах такіх зносін. Але яна мне адказвала, што атрымлівае ад такіх зносін цікавасьць і задавальненьне, відаць, адбіваецца яе журналісцкае мінулае».
Марына паведаміла, што ў Ларысы было спатканьне з блізкімі, але потым на яе напісалі два рапарты і, зразумела, спатканьне наўрад ці яна больш атрымае, пазьней яе перавялі ў 9-ы атрад.
«Сядзіць Ларыса, як там кажуць, „роўна“, заўсёды з усьмешкай і не марнуецца. Віны сваёй не прызнае, заявы на памілаваньне, наколькі мне вядома, не пісала, жыве надзеяй, што вось-вось усе палітычныя паедуць дахаты! Тэрмін у яе ,па тамтэйшых мерках, невялікі, 3,5 года, а калі адабраць залічаны дзень за паўтара ў СІЗА, дзесьці праз год яна павінна вызваляцца па заканчэньні тэрміну».
Перасьлед Ларысы Шчыравковай
- За кратамі Ларыса Шчыракова знаходзіцца з 6 сьнежня 2022 году.
- Восеньню 2023 году гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову асудзілі на 3 з паловай года зьняволеньня ў калёніі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Паводле матэрыялаў справы, Шчыракова нібыта зьмясьціла ў інтэрнэце зьвесткі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь. Таксама яе абвінавацілі ў «зборы, стварэньні, апрацоўцы, захоўваньні і перадачы інфармацыі для «Вясны» і «Белсату».
- Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў Беларусь вінаватай у парушэньні правоў Ларысы Шчыраковай на законнае права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю, замацаванае артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
- У канцы верасьня 2023 году журналістку этапавалі з гомельскага СІЗА ў жаночую папраўчую калёнію № 4, дзе яна працуе швачкай.
Форум