«Беларусы адзначаюць Дзяды, дзень памяці продкаў. Як і кожны год, дыпляматы, што працуюць у Беларусі, наведалі Мэмарыял у Курапатах пад Менскам, каб ушанаваць памяць ахвяраў масавых забойстваў людзей сталінскім рэжымам. Народны мэмарыял Курапаты — сьведчаньне нястомнай працы многіх беларусаў, якія на працягу дзесяцігодзьдзяў клапоцяцца пра абарону годнасьці ахвяраў і нацыянальную гістарычную памяць», — адзначаецца ў паведамленьні місіі Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі.
На старонцы пасольства Нямеччыны ў Беларусі згадваецца «Ноч расстраляных паэтаў», якая стала «трагічнай кульмінацыяй сэрыі злачынстваў, зьдзейсьненых супраць нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі Беларусі». Ад нямецкай амбасады ў цырымоніі ўзяла ўдзел павераная ў справах Нямеччыны ў Беларусі Катрын аўс дэм Зыпэн.
У цырымоніі ўзялі ўдзел часовая павераная Літвы ў справах Беларусі Аста Андрыяўскене, кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Стээн Нёрлё і іншыя.
За ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году супрацоўнікі НКВД расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў. Падзеі атрымалі назву «чорнай ночы».
Але масавае зьнішчэньне людзей адбывалася ў Курапатах і ў шматлікіх іншых месцах Беларусі рэгулярна. Дакладна падлічыць колькасьць ахвяраў камуністычнага тэрору немагчыма нават сёньня.
Архівы КДБ пры Лукашэнку засакрэчаныя. Таксама пры цяперашняй уладзе Беларусі месцы памяці ў Курапатах і іншых мясцовасьцях ня раз апаганьвалі, ламалі помнікі і зносілі крыжы. Ніводзін з вандалаў ня быў злоўлены і пакараны.
Форум