Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, «бакі абмеркавалі стан беларуска-м’янмарскага супрацоўніцтва, у тым ліку графік візытаў на бліжэйшую пэрспэктыву».
«Адбыўся абмен думкамі ў шэрагу актуальных пытаньняў рэгіянальнага і глябальнага парадку дня. Дасягнулі дамоўленасьці аб актывізацыі супольнай работы для рэалізацыі бягучых праектаў і падкрэсьлілі важнасьць пашырэньня дамоўна-праўнай базы супрацы з акцэнтам на гандлёва-эканамічную і інвэстыцыйную сфэры», — адзначылі ў МЗС Беларусі.
У афіцыйным паведамленьні няма інфармацыі, ці абмяркоўвалі на гэтай сустрэчы сытуацыю з грамадзянкай Беларусі Верай Краўцовай, якая зьнікла ў пачатку кастрычніка. Было вядома, што 20 верасьня яна вылецела ў Янгон (М’янма) з Бангкоку (Тайлянд), але далей сьляды беларускі губляліся.
СМІ пісалі, што ў М'янме яе, імаверна, забілі з мэтай здабыць органы на продаж.
22 кастрычніка стала вядома, што бацькі 27-гадовай беларускі Веры Краўцовай, якая зьнікла ў М’янме, атрымалі даведку на бірманскай мове аб тым, што яна працавала ў вёсцы Пхлу і памерла ад сардэчнага прыпадку. У даведцы гаварылася, што яе цела паддалі крэмацыі ў вёсцы Інкін 16 кастрычніка а 12:00.
Нягледзячы на тое, што да пошукаў далучалі замежнапалітычныя і сілавыя ведамствы дзьвюх краін, а таксама апараты ганаровых консульстваў Беларусі ў Янгоне і Бангкоку, МЗС Беларусі так і не абнародаваў інфармацыю аб гібелі беларускі. Веры Краўцовай было 27 гадоў, яна мела досьвед у мадэльных здымках, у тым ліку ў Кітаі. Таксама яна брала ўдзел у шоў «Голас».
Форум