Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: асудзілі былога выкладчыка-вайскоўца, новы вырак у Пінску за ўдзел у пратэстах

абноўлена

Суд Кастрычніцкага раёну Горадні. Ілюстрацыйнае фота
Суд Кастрычніцкага раёну Горадні. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У Менску асудзілі бізнэсоўца Юрыя Марозава паводле палітычнай справы

Крымінальную справу супраць 60-гадовага бізнэсоўца і і былога ганаровага консула Беларусі ў Мэксыцы Юрыя Марозава разгледзелі ў Менскім гарадзкім судзе 29 кастрычніка.

Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах (ч. 1 арт. 342) і садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 1 і 2 арт. 361-4). Сутнасьць абвінавачваньня праваабаронцам невядомая.

Вырак — 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Нядаўна да 2 гадоў пазбаўленьня волі асудзілі і ягоную жонку Марыну.

Юры Марозаў жыў у Менску, у ягонай сям’і 2 дачкі.

Паводле BelPol, Марозаў узначальваў кампанію «Белфармайс», якая займалася аптовым гандлем фармацэўтычнымі, вэтэрынарнымі, мэдыцынскімі і артапэдычнымі таварамі.

Ён быў адным са стваральнікаў беларуска-нямецкага прадпрыемства «Белфарм», а таксама яго генэральным дырэктарам.

У афіцыйных дакумэнтах пазначана, што ў 1997–2004 гадах ён уваходзіў у сакратарыят Савету Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Падчас перадвыбарчай кампаніі ён прыпыніў сяброўства ў Абʼяднанай грамадзянскай партыі, а ўжо ў траўні 2001 году ўзначаліў дэпутацкую групу «Адзінства».

Акрамя палітычнай і бізнэс-дзейнасьці, Марозаў быў ганаровым консулам Беларусі ў Мэксыцы.

У 2016 годзе Юрый Марозаў таксама фігураваў сярод акцыянэраў менскай крамы «Лакомка».

Ягоную жонку Марыну Марозаву асудзілі ў судзе Савецкага раёна Менску за ўдзел у пратэстахпаводле (ч. 1 арт. 342) на 2 гады калёніі. 17 кастрычніка яе ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў», паведаміла «Вясна».

«Што Лукашэнка не перамог, для мяне відавочна»

У праваабарончым цэнтры «Вясна» пацьвердзілі інфармацыю «Нашай нівы» аб тым, што былому падпалкоўніку і выкладчыку Вайсковай акадэміі Фёдару Кандзіранду прысудзілі два з паловай гады калёніі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэксу). Мужчыну арыштавалі ў сакавіку 2025 году, у верасьні над ім адбыўся суд.

Кандзіранда працаваў старшым выкладчыкам на катэдры тактыкі Вайсковай акадэміі з 2008 па 2020 год.

У жніўні 2020 году Кандзіранда не падтрымаў гвалт на вуліцах Беларусі. У кастрычніку таго ж году ён звольніўся з акадэміі паводле артыкулу, які не даваў яму права на вайсковую пэнсію, і пайшоў працаваць у IT, застаючыся ў Беларусі.

«Тое, што Лукашэнка не перамог, для мяне відавочна», — казаў Фёдар Кандзіранда журналістам РС у лістападзе 2020 году, спасылаючыся ня толькі на настроі сваякоў, сяброў і знаёмых, але і на тое, што ўбачыў у дзень асноўнага галасаваньня на выбарчым участку.

Праз год Фёдара Кандзіранду, як і яшчэ 80 былых сілавікоў, пазбавілі вайсковага званьня.

Праваабаронцы не выключаюць, што былы падпалкоўнік Фёдар Кандзіранда асуджаны ў «справе Гаюна».

Фёдара Кандзіранду прызналі палітвязьнем, паводле «Вясны», ён знаходзіцца ў турме № 4 у Магілёве.

Жыхара Пінску завочна асудзілі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе

54-гадовага жыхара Пінску Андрэя Кузьменчука завочна асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Інфармацыю аб прысудзе разьмясьцілі на сайце Вярхоўнага суду 18 ліпеня, але заўважылі яго толькі цяпер.

Суд Пінскага раёну і Пінску прызнаў мясцовага жыхара вінаватым «ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія выявіліся ў непасрэдным зьдзяйсьненьні гвалту над асобай, пагромаў, зьнішчэньня маёмасьці» (ч. 2 арт. 293 КК) і прызначылі 4 гады калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Мужчыну ўключылі ў сьпіс «тэрарыстаў».

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, усяго за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 году ў Пінску асудзілі больш за 68 чалавек, палову зь іх да пазбаўленьня волі.

У «сьпіс тэрарыстаў» КДБ дадаў яшчэ 8 чалавек

  1. Натальля Васільева
  2. Юлія Зароўская
  3. Андрэй Кавалёў
  4. Сяргей Лысенка
  5. Дзяніс Пяткевіч
  6. Сяргей Цімашэнка
  7. Вольга Чукарава
  8. Віктар Шабалін

Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1400 чалавек, зь іх 658 — беларусы, піша «Вясна».

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 12 чалавек

  1. Андрэй Вусік
  2. Ілона Гарбуновіч
  3. Фёдар Кандыранда
  4. Галіна Лагутоўская
  5. Аляксандр Махнач
  6. Аляксандр Маркін
  7. Юрый Марозаў
  8. Віталь Марэцкі
  9. Алег Пінчук
  10. Дзмітрый Рожын
  11. Валянцін Талкач
  12. Сяргей Шкодзін

Усіх іх асудзілі за ўзаемадзеяньне з «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», а Галіну Лагутоўскую яшчэ і за дыскрэдытацыю РБ, абразу прадстаўніка ўлады, а таксама Лукашэнкі (і паклёп на яго), піша «Вясна».

Цяпер у Беларусі 1249 палітычных вязьняў, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны». Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў 1360. Розныя ініцыятывы выкарыстоўваюць розныя крытэры ўлучэньня ў сьпіс.

У Горадні завочна асудзілі лейтэнанта запасу на 13 гадоў калёніі за «здраду дзяржаве»

Праваабаронцам стала вядома пра завочны прысуд, вынесены ў Горадзенскім абласным судзе яшчэ 9 чэрвеня.

Віктара Дамарацкага асудзілі за «здраду дзяржаве» (ч.1 арт. 356 КК), абвінаваціўшы ў дапамозе замежнай дзяржаве ў дзейнасьці, накіраванай на шкоду Беларусі.

На разгляд справы суду спатрэбілася пара тыдняў.

У дадатак да 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму Дамарацкага аштрафавалі на 12 600 рублёў і пазбавілі званьня «старшы лейтэнант запасу», паведаміла «Вясна».

Прызналі «экстрэмісцкай» арганізацыю «Gero kaimyno agentūra, VšĮ»

«Экстрэмісцкай арганізацыяй» прызналі 24 кастрычніка зарэгістраваную ў Літве арганізацыю «Gero kaimyno agentūra, VšĮ», паведаміла «Вясна».

Што гэта за арганізацыя — невядома. Назва азначае «Агенцтва добрага суседа, публічная ўстанова». Згодна з інфармацыяй з адкрытых крыніц, ідзецца пра юрыдычную ўстанову.

Паводле інфармацыі «Вясны», прызнаньне «Gero kaimyno agentūra» «экстрэмісцкай» арганізацыяй зьвязана зь перасьледам людзей у «справе дваровых чатаў» — яна мае дачыненьне да «экстрэмісцкага фармаваньня» «Ордэн», куды ўваходзіць шэраг дваровых чатаў.

Арганізацыя афіцыйна зарэгістраваная, таму яе прызнавалі «экстрэмісцкай» празь Вярхоўны суд.

Улады дапоўнілі сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

У сьпіс трапілі сайты partisanresults.cоm, belarus2020.оrg, а таксама старонка ў TikTok volyabela.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG