Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьмяніў межы Баранавічаў каля мясцовага вайсковага аэрадрому


Баранавічы ў 2009 годзе. Ілюстрацыйнае фота
Баранавічы ў 2009 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб зьмене межаў Баранавічаў.

Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным праўным партале Беларусі дакумэнце, з складу гораду выключылі 99,79 гектара зямлі, што належаць мясцоваму зоаляндшафтнаму парку, і перадалі іх у падпарадкаваньне Баранавіцкаму раёну.

Такое рашэньне абгрунтавалі «рэалізацыяй генэральнага пляну гораду Баранавічы, комплекснага разьвіцьця гарадзкой інфраструктуры і стварэньня ўмоваў для сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця».

Адметна, што гэтыя землі ўключылі ў склад Баранавічаў у 2023 годзе, таксама матывуючы гэта неабходнасьцю рэалізацыі генэральнага пляну гораду.

Зямельны ўчастак, перададзены Баранавіцкаму раёну, знаходзіцца наўпрост каля авіябазы. Некаторыя ўчасткі прымыкаюць да ўзьлётна-пасадачнай паласы для зьнішчальнікаў. Пад’езд да аднаго з складоў авіябазы, як выглядае, нават праходзіць па тэрыторыі фэрмэрскай гаспадаркі.

На сайце зоаляндшафтнага парку адзначаецца, што яго будаўніцтва пачалося ў 2022 годзе і будзе працягвацца да 2027 году за кошт уласных сродкаў арганізацыі і дапамогі спонсараў.

Вайсковы аэрадром у Баранавічах — адна з галоўных авіябазаў Беларусі.

На ўзбраеньні 61-й зьнішчальнай авіябазы Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Рэспублікі Беларусь знаходзяцца баявыя самалёты МіГ-29 і Су-30. У 2025 годзе ў вайсковую частку паступілі новыя сучасныя зьнішчальнікі Су-30-СМ2, раней — ударныя верталёты Ми-35М расейскай вытворчасьці.

У пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну аэрадром выкарыстоўвала расейская армія. Адсюль выляталі расейскія зьнішчальнікі, тут жа знаходзіліся расейскія самалёты далёкай радыёлякацыйнай выведкі А-50, прыляталі транспартныя самалёты Іл-76 ВКС Расеі.

З 2022 па 2025 год на авіябазе пабудавалі некалькі абарончых ангараў для зьнішчальнікаў у паўночна-ўсходняй частцы аэрадрому, сховішчы для месцаў захоўваньня паліўна-змазачных матэрыялаў, адрамантавалі ўзьлётна-пасадачную паласу, ідуць працы, зьвязаныя з радыёлякацыйнымі сыстэмамі аэрадрому.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG