Мікалай Казлоў — ляўрэат прэміі Буша — Тэтчэр «За свабоду», «Чалавек году-2010» па вэрсіі «Нашай Нівы», давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай на выбарах 2020 году.
6 жніўня 2021 года Казлова асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошваньне дадзеных сьледзтва па справе Каардынацыйнай рады. 27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП і абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» у Менску ў 2020 годзе
Мікалаю прысудзілі 2,5 гады калёніі. Казлоў на судзе заявіў, што не разумее, у чым яго абвінавачваюць, бо гэта сумесь «дзіўнай лёгікі і нястрымнай фантазіі». На пытаньне суду, ці прызнае сваю віну, ён адказаў: «Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым».
У пачатку траўня 2023 году ў Казлова памерла маці. Мікалая не адпусьцілі з калёніі на пахаваньне. У сярэдзіне сьнежня 2023 году стала вядома, што палітыка ў лістападзе зьмясьцілі ў ПКТ на 2 месяцы.
Казлоў цалкам адбыў тэрмін і ў 2024 годзе выйшаў на волю.
- Мікалай Казлоў працаваў на працягу 17 гадоў старшым опэрупаўнаважаным па асабліва важных справах крымінальнага вышуку УУС Цэнтральнага раёна Менска, за гэтыя гады раскрыў сотні злачынстваў. Ахоўваючы парадак на выбарчым участку ў час парлямэнцкіх выбараў 2008 года, ён абвінаваціў кіраўніцтва ўчастковай камісіі ў фальсыфікацыях. Казлоў напісаў пра гэта рапарт начальству, а калі захадаў ніхто не зрабіў, паведаміў у незалежную прэсу. Казлова прасілі адклікаць рапарт, каб замяць справу, але ён праявіў прынцыповасьць і неўзабаве пайшоў у запас.
- У 2012 годзе ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, у ліпені 2016 года абраны намесьнікам старшыні партыі, потым стаў старшынём парты. 4 траўня 2021 года Лукашэнка пазбавіў яго спэцыяльнага званьня падпалкоўніка міліцыі запасу.
- 15 жніўня 2023 года Вярхоўны суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі і ліквідаваў АГП. Фармальнай прычынай стала тое, што партыя — насуперак абноўленаму заканадаўству — не падала дакумэнты на перарэгістрацыю. Палітычная структура працягвае дзейнасьць, у прыватнасьці за межамі Беларусі. Выканаўцам абавязкаў старшыні АГП зьяўляецца Ўладзімір Шанцаў, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
Форум