Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ўдзельнік дзіцячай «Эўравізіі-2009» зь песьняй «Чароўны трусік» працуе ў Марыінскім тэатры Санкт-Пецярбургу


Юры Дземідовіч
Юры Дземідовіч

Юры Дземідовіч мае неблагі для сваіх гадоў даробак працы дырыгентам розных музычных калектываў.

Беларускі сьпявак Юры Дземідовіч, які ў свае 13 гадоў праславіўся на ўсю Эўропу песьняй «Волшебный кролик» («Чароўны трусік»), стаў дырыгентам Марыінскага тэатру ў расейскім Санкт-Пецярбургу. Старонка з апісаньнем творчай біяграфіі беларуса ёсьць на афіцыйным сайце тэатру.

Ён быў стажорам Марыінскага тэатру зь верасьня 2023 году, калі адначасна быў пэдагогам опэрнай падрыхтоўкі і дырыгентам Опэрнага тэатру Маскоўскай кансэрваторыі.

Дземідовіч стаў шырока вядомым яшчэ ў дзіцячым веку, калі ў 2009-м годзе выступіў на дзіцячым фэстывалі «Эўравізія». Ягоная песьня не перамагла ў конкурсе, аднак спадабалася тысячам слухачоў па ўсёй Эўропе сцэнічным вобразам самога Дземідовіча. Песьня выконвалася па-расейску, пазьней, аднак, зьявілася й яе беларуская вэрсія. Асабліва ўражвалі гледача вырачаныя вочы сьпевака на пачатку выкананьня песьні і выгукваньне на лаціне «Etis! Atis! Animatis!»

Юры Дземідовіч на дзіцячай Эўравізіі ў 2009 годзе
Юры Дземідовіч на дзіцячай Эўравізіі ў 2009 годзе

Нейкі час выступ хацелі нават забараніць. У Менскае эпархіяльнае ўпраўленьне праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату тады паступіла некалькі заяваў з просьбай прааналізаваць тэкст «Чароўнага трусіка» на прадмет наяўнасьці таемнага і акультнага сэнсу. Аднак у афіцыйным адказе праваслаўнай царквы адзначалася, што ў выніку экспэртызы адмыслоўцы прыйшлі да высновы: у частцы, якая выконваецца на лаціне, няма ніякіх намёкаў на акультныя рытуальныя дзеяньні:

«Пераклад выразу на лацінскай мове, а таксама магчымае гучаньне песьні пры яе прайграваньні ў зваротным парадку ня маюць у дадзеным кантэксьце ніякага падвойнага сэнсу».

Тады ж царкоўнікі заявілі, што музычныя вартасьці і недахопы песьні павінна ацэньваць упаўнаважаная на гэта камісія. У выніку Юры Дземідовіч адправіўся ў Кіеў. Ва ўкраінскай сталіцы перад галоўным выхадам на сцэне ён няўдала ўпаў са сцэны і паламаў палец, але гэта не перашкодзіла яму выступіць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG