Намесьнік міністра абароны Літвы Томас Гадляўскас заявіў нямецкаму выданьню Welt, што Расея хоча праверыць усходні флянг NATO. Паводле ягоных слоў, у Літве цяпер дазволена зьбіваць бесьпілётнікі, а Беларусь папярэджвае Літву аб уварваньні бесьпілётнікаў праз гарачую лінію.
Расейскія зьнішчальнікі над Эстоніяй, бесьпілётнікі над Польшчай, расейскі вайсковы самалёт, які пралятае над фрэгатам нямецкіх ВМС у Балтыйскім моры — паведамленьні аб меркаваных правакацыях Крамля супраць краін NATO растуць. Расьце занепакоенасьць эскаляцыяй, асабліва ў краінах Балтыі, якія раней належалі да Савецкага Саюзу, — піша Welt.
«Ва ўсіх гэтых інцыдэнтах Расея спрабуе праверыць дзяржавы NATO на іх усходнім флянгу», — сказаў выданьню намесьнік міністра абароны Літвы Томас Гадляўскас.
Масква хоча ведаць, наколькі адзіны альянс і якія працэдуры ён выкарыстоўвае для рэагаваньня на такія правакацыі, дадаў ён.
Адным з адказаў на гэта зьяўляюцца кансультацыі паводле артыкула 4 Дамовы NATO, які ўжываецца, калі дзяржава-удзельніца бачыць пад пагрозай сваю цэласнасьць, палітычную незалежнасьць або бясьпеку.
«Цяпер вядуцца дыскусіі аб тым, як мы можам умацаваць усходні флянг. Краіны, якія мяжуюць з Расеяй ці Беларусьсю, у прыватнасьці, вельмі сур’ёзна ўспрымаюць пагрозы ў агульнай паветранай прасторы», — тлумачыць Гадляўскас.
Вывучаюцца сродкі належнага рэагаваньня на такія правакацыі. Напрыклад, Літве цяпер будзе дазволена зьбіваць бесьпілётнікі ў мірны час.
«Для нас у рэгіёне пагроза, якую ўяўляе Расея, не зьяўляецца чымсьці новым. Масква не жадае весьці перамовы і цяпер абвастрае сытуацыю з дапамогай кібэратак, сабатажу крытычна важнай інфраструктуры, глушэньня GPS і дэзынфармацыі. Аднак гэта ўзмацняе наша ўсьведамленьне таго, што мы павінны рабіць больш і знаходзіць правільныя інструмэнты для супрацьдзеяньня такім нападам», — кажа Гадляўскас.
Вайна Расеі супраць Украіны паказала, што NATO павінна аднавіць свой патэнцыял для вядзеньня канвэнцыйнай вайны. Гэта ўключае ў сябе новыя тэхналёгіі, такія як бесьпілётнікі, радыёэлектронная барацьба і штучны інтэлект. Намесьнік міністра абароны Літвы працягвае:
«Мы ведаем, што шмат бесьпілётнікаў ляціць з Расеі ў бок Украіны. Украіна распрацавала магутныя сыстэмы радыёэлектроннай барацьбы, якія парушаюць, няправільна накіроўваюць або перарываюць сувязь з гэтымі бесьпілётнікамі. Такія расейскія бесьпілётнікі былі заўважаныя ня толькі ў Польшчы, але і тут, і над Літвой. Яны ўрываюцца на тэрыторыю NATO праз Беларусь».
«Польшча была папярэджаная Беларусьсю, што бесьпілётнікі рухаюцца ў яе бок. І ў нас таксама ёсьць своеасаблівая гарачая лінія з Беларусьсю для такіх выпадкаў, што добра».
Тут Гадляўскас згадаў выпадак, калі ў ноч з 9 на 10 верасьня 21 расейскі бесьпілётнік увайшоў у паветраную прастору Польшчы і беларускае Мінабароны папярэджвала аб гэтым Варшаву.
Літва, запэўнівае Гадляўскас, добра падрыхтавана да пагрозы з боку Масквы. Выкарыстоўваюцца ўсе рэсурсы NATO, якія ёсьць у яе распараджэньні.
Форум