«У выпадку рэзкага пагаршэньня сытуацыі зь бясьпекай, закрыцьця межаў або іншых непрадбачаных абставін эвакуацыя можа аказацца значна больш складанай або нават немагчымай. Міністэрства замежных спраў заклікае польскіх грамадзян, якія застаюцца ў Рэспубліцы Беларусь, неадкладна пакінуць яе тэрыторыю, выкарыстоўваючы даступныя камэрцыйныя і прыватныя сродкі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У пасольстве паведамілі, што для пасажырскіх перавозак з Польшчай адкрыты толькі адзін памежны пункт пропуску Тарэспаль — Берасьце, для грузавых аўтамабіляў працуе пераход Кукурыкі — Казловічы.
Аб закрыцьці пунктаў пропуску на мяжы Польшчы і Беларусі стала вядома 9 верасьня. Як заявіў міністар Кервіньскі, Варшава закрывае мяжу зь Беларусьсю не на пэрыяд вучэньняў «Захад-2025», а «ў сувязі зь іх правядзеньнем».
Пасьля заканчэньня вучэньняў «Захад-2025» Польшча заявіла пра ўзмацненьне актыўнасьці дронаў каля мяжы зь Беларусьсю. Міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі сказаў, што Польшча зноў адкрые мяжу, калі гэта будзе бясьпечна.
Занепакоенасьць Польшчы вучэньнямі «Захад» узмацнілася, калі ў ноч з 9 на 10 верасьня прыблізна 21 расейскі бесьпілётнік увайшоў у яе паветраную прастору.
17 верасьня МЗС Беларусі заявіла, што праз 10 дзён пачне «прымяняць прадугледжаныя законам меры» да амаль 1500 польскіх фураў, якія не пасьпелі пакінуць Беларусь да закрыцьця мяжы. Выехаць празь мяжу зь Літвой ці Латвіяй Беларусь ім не дазваляе.
У ноч на 25 верасьня мяжу адкрылі. Афіцыйная Варшава пайшла на адкрыцьцё мяжы пасьля таго як на перамовы прылятаў міністар замежных спраў Кітаю Ван І. Ён сустракаўся з сваім калегам Радаславам Сікорскім. Таксама польская дэлегацыя наведала Менск.
Форум