«Вяртаючыся да Вялікай айчыннай вайны... Там нашыя героі адлюстраваныя нядрэнна. Журналісты цягам году падтрымліваюць у гарачым стане гэтую тэму. А вось пра герояў, дапусьцім, вызваленчага паходу Чырвонай арміі 1939 году, гавораць менш. І так іншыя пэрыяды і эпохі», — працытавала БелТА Дзьмітрыя Крутога, які правёў пасяджэньне Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры адміністрацыі Лукашэнкі.
17 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў аб неабходнасьці «расказваць і перарваць гады маўчаньня пра тое, якія цяжкі сьлед пакінула польская ўлада на беларускіх землях, адарваных ад савецкай рэспублікі».
«Што б ні адбывалася сёньня, мы ня лічым памылкай тое, што шмат гадоў імкнуліся жыць з суседзямі ў міры, ня кідаць у аблічча непрыемныя для іх гістарычныя факты. Ну што тут шкадаваць пра гэта? Пакуль мы думалі пра сяброўства, там з нас рабілі недачалавекаў і адкрытых ворагаў. І ў культуры, і ў навуцы, і ў сродках масавай інфармацыі. У выніку выпрацавалі тую палітыку, якую сёньня маем», — сказаў Лукашэнка.
У верасьні 1939 году Польскую дзяржаву гвалтоўна падзялілі паміж сабой гітлераўская Нямеччына і сталінскі СССР. 17 верасьня на яе ўсходнія тэрыторыі ўвайшла Чырвоная армія. У Беларусі гэты дзень адзначаецца на афіцыйным узроўні як дзень «народнага адзінства». Але разам з Чырвонай арміяй у Заходнюю Беларусь прыйшлі арышты, дэпартацыі і расстрэлы. У той час на тэрыторыі Савецкай Беларусі не было ўжо ніводнага дзейнага храму і ніводнага афіцыйнага сьвятара — сьвятароў катавалі, забівалі, высылалі ў лягеры.
Форум