Вызваленых сёньня палітвязняў адразу зь месцаў няволі прымусова вывозяць у Літву, аднак Мікола Статкевіч адмовіўся пакідаць тэрыторыю Беларусі і цяпер знаходзяцца на беларуска-літоўскай мяжы, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Статкевіча затрымалі ў 2020-м годзе, яшчэ да выбараў прэзыдэнта, яму прысудзілі 14 гадоў зняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму.
Хто такі Мікола Статкевіч
- Міколу Статкевічу 69 гадоў. Ён нарадзіўся на Случчыне ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Менскае вышэйшае інжынэрнае зэнітна-ракетнае вучылішча, служыў у войску, абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
- У 1991 годзе выйшаў з КПСС і стаў адным з заснавальнікаў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
- З 1995 года актыўна займаецца палітыкай, узначальваў БСДП (Народная Грамада), ладзіў акцыі пратэсту, за што неаднаразова арыштоўваўся і быў асуджаны.
- У 2010 годзе быў кандыдатам у прэзыдэнты. Пасля ўдзелу ў акцыі 19 сьнежня 2010 года асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, яго вызвалілі ў 2015 годзе.
- У траўні 2020 года быў затрыманы. 14 сьнежня 2021 года на закрытым судзе ў Гомлі асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі асаблівага рэжыму паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Разам з ім асудзілі і іншых вядомых апанэнтаў улады. Пакараньне адбываў у калёніі ў Глыбокім, апошнія гады ўтрымліваўся ў рэжыме інкамунікада.
- У 2020 годзе атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава.
Форум