«І Пуцін, і Зяленскі паважаюць Эрдагана. Ён можа істотна паўплываць на вайну ва Ўкраіне, калі захоча, але аддае перавагу заставацца нэўтральным», — сказаў Дональд Трамп, адказваючы на пытаньні журналістаў, паведаміла агенцтва Reuters.
Трамп зноў паўтарыў, што «вельмі расчараваны» Ўладзімірам Пуціным. Паводле яго, расейскае войска ўжо страціла «больш за мільён салдат», але, нягледзячы на масавыя бамбаваньні Ўкраіны ў апошнія два тыдні, амаль не прасунулася на лініі фронту.
«Я больш ня буду нікога называць „папяровы тыгр“. Але Расея патраціла мільёны і мільёны даляраў на ракеты, бомбы, боепрыпасы і патраціла жыцьці. Іх жыцьці. Але амаль не захапіла новыя тэрыторыі. Я ўпэўнены, гэта трэба спыніць. Я сапраўды ў гэтым упэўнены», — дадаў Трамп.
Прэзыдэнт ЗША неаднаразова заклікаў краіны NATO і Эўрапейскага Зьвязу спыніць набыцьцё ў Расеі нафты і газу і абяцаў, калі яны зробяць гэта, то ён увядзе жорсткія санкцыі супраць дзяржаў, якія працягваюць імпартаваць расейскія энэргарэсурсы, у тым ліку Кітай.
Сярод краін NATO Турэччына — найбольшы імпарцёр расейскіх вуглевадародаў. На яе прыпадае 26 % ад закупак усімі краінамі Альянсу. Сайт Energy Intelligence паведамляў, што ў чэрвені Турэччына купляла больш за 300 тысяч барэляў расейскай нафты за дзень.
Форум