Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўленік Пуціна ў Крыме абгрунтаваў адзінства беларусаў і расейцаў цытатай Багдановіча. Што ў ёй ня так


Георгій Мурадаў. Архіўнае фота
Георгій Мурадаў. Архіўнае фота

Намесьнік старшыні расейскага ўраду Крыму і сталы прадстаўнік Крыму пры прэзыдэнту Расеі Георгій Мурадаў заявіў аб цывілізацыйным адзінстве Беларусі і Расеі, якое нібыта сфармуляваў беларускі паэт Максім Багдановіча.

Мурадаў прыехаў у Беларусь для ўдзелу ў «Днях Крыму».

«Наша цывілізацыйнае адзінства зь Беларусьсю ў рамках саюзнай дзяржавы нашай супольнай гісторыі грунтуецца на трывалай плятформе, якую ў свой час вялікі беларускі паэт і літаратар Максім Багдановіч сфармуляваў як „тры адзінствы народаў рускага кораня“», — сказаў Мурадаў.

Расейскі чыноўнік вырваў словы Максіма Багдановіча з кантэксту ягонага эсэ «Хто мы такія», сэнс якога быў зусім іншы — беларускі народ і культура самабытныя, ім пагражае зьнікненьне пад ціскам магутных суседзяў.

Пра што пісаў Багдановіч

У сваім эсэ беларускі паэт пісаў, што і Расея, і Польшча, паміж якімі апынуліся беларусы, намагаліся зрабіць, каб яны «забыліся на ўсё сваё, беларускае, выракліся яго ды зьвярнуліся ў велікарусаў, гаварылі б і жылі па-іхняму. Ёсьць і палякі, каторыя таксама хочуць зьмяніць нас на свой капыл, каб і мы сталіся палякамі».

«Калі глянуць на рускіх з-пад Масквы або з-пад Кіева, дык шмат у чым пабачым рожніцу між намі ды імі. Гэта таму, што рускіх народаў тры. Усе яны аднаго кораню, але шмат часу жылі паасобку, і так сталася зь іх тры розных рускіх народы; у кожнага — сваё найменьне, свая гаворка, свае звычаі, свае песьні, свая вопратка. Адзін рускі народ жыве пад Масквою і далі; завецца ён велікарускім. Другі жыве пад Кіевам і завецца ўкраінскім. Мы — трэці народ рускага кораню, завёмся беларусамі, і старонка наша завецца Беларусь. Ёсьць паміж нас праваслаўныя, ёсьць і каталікі, але народ з нас адзін, бо ўва ўсіх адна гаворка, адны звычаі, адны песьні, адна вопратка, адзін лад жыцьця. Беларусы! Мы — вялікі народ, нас дванаццаць мільёнаў, шырока раскінуліся мы і спрадвеку жывём тут. Гэта наш край, наша старонка. Калісьці ў нас было сваё гасударства, скрозь чутно было нашу беларускую гаворку. У ёй пісалі законы, разьбіралі справы па судах, вучылі ў школах, друкавалі кнігі, спраўлялі набажэнствы ў царквах ды касьцёлах. І ўсе размаўлялі па-нашаму: і чыноўнікі, і папы, і паны над панамі, і вялікія князі, што правілі гасударствам», — пісаў Максім Багдановіч.

«Агляніцеся: усё наша роднае, беларускае, марнуецца, нішчыцца, зьнікае, бо яго забіваюць, яго прыглушаюць, ім пагарджаюць, а чужое пануе, пышаецца, мае сабе пашану і павагу. І — хто ведае? — быць можа, пройдзе колькі часу, і не пазнаем мы ані нашага краю, ані нашых дзяцей. І будзе скрозь усё чужое, нязвычнае, а свайго роднага — нічога.

Дык няхай жа не станецца так! Не пакінем свае гаворкі, сваіх песьняў, сваіх звычаяў — свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага. Не адракомся, не забудзем, не кінем на глум; будзема шанаваць, бараніць, дзецям сваім аб тое запаведаць».

«Чытайма, браткі, кніжкі і газэты, пісаныя ў нашай беларускай гаворцы. Тады прыйдзе канец нашай цемнаце, праясьняцца нашыя вочы, і кожны крок, што мы ступім па зямлі, будзе крокам да блізкага шчасьця, да сьветлага жыцьця».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG