Словы Сьвятланы Ціханоўскай перадае агенцтва Associated Press.
У гэтым месяцы Дональд Трамп палепшыў адносіны ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам, зьмякчыўшы санкцыі ў абмен на вызваленьне некаторых палітычных зьняволеных. Пагадненьне дазваляе Беларусі рамантаваць і купляць запчасткі для сваіх самалётаў Boeing і іншых самалётаў.
Трамп раней высока ацаніў асабістыя адносіны, паведаміўшы пра «цудоўную размову» з Лукашэнкам, падзякаваўшы яму і сказаўшы, што зь нецярпеньнем чакае чарговай сустрэчы з чалавекам, якога большая частка заходняга сьвету ў значнай ступені цураецца і не прызнае вынікаў выбараў, сфальсыфікаваных на ягоную карысьць. Паводле праваабаронцаў, у турмах усё яшчэ знаходзяцца каля 1200 палітычных зьняволеных, піша АР.
У сераду, падзякаваўшы Трампу за вызваленьне зьняволеных, Ціханоўская папярэдзіла Злучаныя Штаты, каб тыя ня сталі «плаціць занадта шмат» за невялікую колькасьць людзей, якіх Лукашэнка да гэтага часу пагадзіўся вызваліць. У час апошняга вызваленьня на волю выйшлі 52 зьняволеныя, і ў цэлым за апошні год Лукашэнка вызваліў больш за 300 чалавек.
«Мяркую, што намер Лукашэнкі — падмануць прэзыдэнта Трампа, — сказала яна.— Ведаеце, ён хоча купіць Lamborghini за 2000 эўра, шмат беручы і нічога не аддаючы».
Ціханоўская заклікала адміністрацыю ЗША працягваць працу над вызваленьнем зьняволеных, пакуль ёсьць магчымасьць, сказаўшы: «Людзі паміраюць у турмах».
Але лідэрка апазыцыі адзначыла, што, нягледзячы на вызваленьне, рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Па меры вызваленьня некаторых зьняволеных значна больш трапляюць у турмы ў рамках рэпрэсій.
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША раней да пэўнай ступені высока ацаніў вызваленьне палітычных зьняволеных.
«Мы разглядаем нядаўняе вызваленьне Беларусьсю гэтых палітычных зьняволеных як чарговы канструктыўны крок да паляпшэньня нашых двухбаковых адносінаў. Наперадзе яшчэ шмат чаго, і мы спадзяемся ўбачыць далейшы прагрэс», — гаворыцца ў заяве ведамства. «Мы будзем працягваць вывучаць магчымасьці прагматычнага ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю там, дзе гэта адпавядае інтарэсам Злучаных Штатаў».
Форум