Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына заявіла пра расейскую правакацыю ў Балтыйскім моры


Барыс Пісторыюс
Барыс Пісторыюс

Расейскі вайсковы самалёт праляцеў над нямецкім фрэгатам у Балтыйскім моры, заявіў кіраўнік Міністэрства абароны Нямеччыны. У ведамстве задумаліся пра павелічэньне войскаў і нават абавязковую вайсковую службу.

Паводле Барыса Пісторыюса, гэта адбылося ў Балтыйскім моры і ўстае ў адзін шэраг з парушэньнем паветранай прасторы Польшчы і Эстоніі расейскімі бесьпілётнікамі і зьнішчальнікамі ў гэтым месяцы. Міністар абароны Нямеччыны не ўдакладніў, калі менавіта здарыўся згаданы ім інцыдэнт.

«Расея з ростам частаты і інтэнсіўнасьці „літаральна правярае“ межы дзяржаў NATO», — сказаў Пісторыюс, выступаючы ў бундэстагу на дэбатах наконт бюджэту дзяржавы, яго цытуе Deutche Welle.

«Пуцін хоча справакаваць краіны-сябры Паўночнаатлянтычнага альянсу, і ён хоча вызначыць, раскрыць і выкарыстоўваць меркаваныя слабыя месцы ў альянсе», — падкрэсьліў кіраўнік Мінабароны.

З улікам існай пагрозы, Эўропе трэба ўзяць на сябе больш адказнасьці за ўласную абарону, а NATO павінна стаць больш эўрапейскім, выказаў сваё меркаваньне Пісторыюс.

Колькасьць жаўнераў бундэсвэру, паводле яго слоў, павінна быць павялічана да 460 тысяч вайскоўцаў. Калі гэтага ня ўдасца дасягнуць на добраахвотнай аснове, дык на згоду парлямэнту магчымае ўвядзеньне ў Фэдэратыўнай рэспубліцы абавязковай вайсковай службы, падкрэсьліў міністар.

У 2026 годзе абаронны бюджэт Нямеччыны павінен вырасьці да 108,2 млрд эўра, што стане новым рэкордам з моманту заканчэньня халоднай вайны, адзначае Reuters.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG