Пасьля перамоваў у Атэнах кітайская дэлегацыя на чале з сакратаром Цэнтральнай камісіі праверкі дысцыпліны і сябрам Пастаяннага камітэту Палітбюро Камуністычнай партыі Кітаю Лі Сі прыбыла ў Беларусь.
Лі Сі ў Грэцыю запрашала партыя «Новая дэмакратыя», а ў Беларусь — апарат Лукашэнкі. Замежны візыт кітайскага чыноўніка ў Грэцыю і Беларусь разьлічаны на 17–24 верасьня.
Пасьля прылёту ў Менск Лі Сі правёў перамовы з кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітрыем Крутым.
Таксама Лі Сі сустрэўся з старшынём Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергеенкам. Як анансаваў Пул первого, неўзабаве адбудзецца і сустрэча Лі Сі з Лукашэнкам.
Адной з тэмаў перамоваў кітайскага палітыка з Аляксандрам Лукашэнкам і іншымі прадстаўнікамі ўладаў Беларусі стане праблема закрытай польска-беларускай мяжы. Праз гэтае закрыцьцё Кітай страціў амаль увесь чыгуначны транзыт (80%) на рынак Эўразьвязу.
На мінулым тыдні па візыце ў Польшчу і перамовах з сваім калегам Радославам Сікорскім міністар замежных справаў Кітаю Ван І паабяцаў Лукашэнку «шчырую размову» аб сытуацыі на польскай мяжы.
Польшча, у сваю чаргу, абяцала не трымаць мяжу закрытай ані дня болей, калі мігранцкі крызіс на беларускай мяжы будзе спынены.
Форум