Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жэнэве прайшла дыскусія аб правах чалавека ў Беларусі, выступілі экспэрты ААН і прадстаўніца беларускіх уладаў


Старшыня групы незалежных экспэртаў у пытаньнях Беларусі ў ААН Карына Маскаленка, архіўнае фота
Старшыня групы незалежных экспэртаў у пытаньнях Беларусі ў ААН Карына Маскаленка, архіўнае фота

Група незалежных экспэртаў у пытаньнях Беларусі ў ААН заклкала: «Неабходны дэмантаж сыстэмы і рух да справядлівасьці».

У рамках 60-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН прайшоў інтэрактыўны дыялёг з Групай незалежных экспэртаў у пытаньнях Беларусі і круглы стол «Дайце голас ахвярам: парушэньні правоў чалавека ў Беларусі», арганізаваны сталым прадстаўніцтвам Літвы пры ААН.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», тэмаю размовы стала апошняя справаздача групы незалежных экспэртаў ААН у пытаньнях Беларусі. Адбылася таксама сустрэча зь сьведкамі рэпрэсіяў у Беларусі і праваабаронцамі.

На абедзьвюх сустрэчах выступоўцы адзначалі, што, нягледзячы на адзіночныя вызваленьні, рэпрэсіўная машына ў Беларусі застаецца актыўнай: новыя затрыманьні і паўторныя арышты адбываюцца рэгулярна, змушаючы многіх беларусаў шукаць прытулак за мяжой.

Пазыцыю ўладаў Беларусі агучыла Ларыса Бельская, прадстаўнік Беларусі пры аддзяленьні ААН у Жэнэве. Паводле яе, улады лічаць, што мэта «гэтых утварэньняў» — «ачарненьне яе краіны», а таму Беларусь не прызнае іхных мандатаў.

Яна назвала апошнія даклады аб парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі «кампіляцыяй выдумак і маніпуляцыяй фактамі замоўленых і ангажаваных ацэнак».

Групу незалежных экспэртаў у становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ўзначальвае Карына Маскаленка.

Маскаленка заявіла, што з 1 траўня 2020 году тысячы беларусаў былі арыштаваныя і адвольна затрыманыя за ажыцьцяўленьне сваіх правоў на свабоду выказваньня думак, сходаў і асацыяцыяў.

«Многія зь іх падпадалі пад катаваньні і жорсткае абыходжаньне падчас арыштаў і ў месцах утрыманьня пад вартай. Сотні тысяч былі вымушаныя пакінуць краіну. Мы выявілі, што некаторыя з гэтых парушэньняў, у прыватнасьці палітычны перасьлед і турэмнае зьняволеньне, становяць сабой злачынствы супраць чалавечнасьці. Хоць нядаўняе вызваленьне Сяргея Ціханоўскага і іншых палітвязьняў пасьля многіх гадоў іх адвольнага затрыманьня можна толькі вітаць, яно не мяняе сёньняшняй рэальнасьці: сур’ёзныя парушэньні і злачынствы, якія пачаліся перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году, працягваюцца».

Беларусы маюць права разьлічваць на тое, што і дзяржавы выканаюць свае міжнародна-праўныя абавязаньні ў прыцягненьні вінаватых да адказнасьці, лічыць Маскаленка.

«Аднак Беларусь прадэманстравала як няздольнасьць, так і нежаданьне расьсьледаваць і перасьледаваць у судовым парадку міжнародныя злачынствы. Службовыя асобы, якія, як мяркуецца, замяшаныя ў грубых парушэньнях, атрымліваюць павышэньне і іх нават праслаўляюць. У цэнтры гэтай культуры беспакаранасьці стаіць прэзыдэнт Беларусі. Грунтуючыся на паказаньнях ахвяраў і сьведак за чатыры гады, апавяданьняў уцекачоў і шырокай дакумэнтацыі, мы маем падставы меркаваць, што Лукашэнка разам зь іншымі высокапастаўленымі службовымі асобамі, згаданымі ў нашым дакумэнце, распрацаваў і рэалізаваў палітыку здушэньня іншадумства і ўтрыманьня ўлады ў 2020 годзе. Ён выкарыстаў дзяржаўны апарат для захаваньня сваёй улады і адыграў значную ролю ў зьдзяйсьненьні гэтых парушэньняў і злачынстваў», — заявіла старшыня групы экспэртаў ААН.

Адзіная магчымасьць прыцягнуць да адказнасьці за парушэньні правоў беларусаў — міжнародныя мэханізмы, лічыць група экспэртаў. Паводле гэтага мэханізму ахвяры зьвяртаюцца да міжнароднай супольнасьці па абарону, бо нацыянальныя суды ня могуць яе гарантаваць.

«Неабходная комплексная стратэгія дэмантажу сыстэмы рэпрэсіяў і стварэньня руху да справядлівасьці», — заявіла Маскаленка.

Леанід Марозаў, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у праўных пытаньнях, паінфармаваў прадстаўнікоў Офісу Высокага камісара ААН у правах чалавека і спэцыяльнага дакладчыка аб сытуацыі ў Беларусі Нілса Муйжніекса пра стан правоў чалавека ў краіне.

«Правы чалавека нельга схаваць за шыльдай „сувэрэннай палітыкі“: калі катаваньні і выгнаньні сталі палітыкай рэжыму, менавіта пра гэта і павінна гаварыць Рада правоў чалавека», — заявіў Марозаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG