Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўчанка прапануе сынхранізваць палітыку нацбанкаў Беларусі і Расеі


Раман Галоўчанка
Раман Галоўчанка

Перад Беларусьсю і Расеяй стаіць «вельмі шмат выклікаў» у фінансавай сфэры, заявіў старшыня праўленьня Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка 19 верасьня падчас паездкі ва Уфу ў Расеі.

Там адбылося 62-е пасяджэньне Міжбанкаўскага валютнага савета дзьвюх краін, піша «Позірк».

Беларускі чыноўнік патлумачыў гэта «ціскам з боку недружалюбных краін», які «факусуецца ў вялікай ступені на банкаўскай, фінансавай сфэры».

«Трэба [гэтыя] фактары заўсёды мець на ўвазе і, натуральна, такім чынам сынхранізаваць нашу палітыку, — заявіў ён, перад гэтым адзначыўшы, што бакі ўжо «вельмі інтэнсіўна і шчыльна» стасуюцца.

На думку Галоўчанкі, неабходна «своечасова абменьвацца новымі рашэньнямі, новымі падыходамі і браць адзін у аднаго самае лепшае».

«Усім, што мы ўдала, напрыклад, укаранілі ў Рэспубліцы Беларусь у гэтай сфэры, мы з задавальненьнем дзелімся з расійскімі калегамі і наадварот прымаем ад іх таксама гэту дапамогу. Таму вось гэта вельмі важны фокус», — падкрэсьліў ён.

Кіраўнік беларускага рэгулятара і яго расейская калега Эльвіра Набіуліна падпісалі «Палажэньне аб сумеснай нагляднай калегіі». Яно прадугледжвае супрацу і абмен інфармацыяй, у тым ліку канфідэнцыйнай, у сфэры нагляду і кантролю за фінансавым рынкам.

Пасьля таго, як 24 лютага 2022 года Масква распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, а рэжым Аляксандра Лукашэнкі ёй у гэтым дапамог, краіны Захаду ўвялі шматлікія санкцыі супраць Беларусі і Расеі. Абмежавальныя меры закранулі ў тым ліку банкаўскі сэктар дзьвюх дзяржаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG