Паводле зьвестак «Вясны», з 2020 года па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або разладу») ужо асудзілі ня менш за 778 беларусаў.
Зь іх шмат каго — за камэнтары ў сацсетках, у якіх крытыкаваліся дзяржаўныя служачыя альбо сілавікі. Пакараньне за гэта можа дасягаць 12 гадоў зьняволеньня. Юрыдычная служба «Вясны» заявіла, што гэтая практыка супярэчыць і духу, і літары законаў.
Распальваньне варожасьці крыміналізавана, каб абараніць групы людзей, уразьлівых па прыкметах расы, рэлігіі, колеры скуры, нацыянальнасьці. Але ў 2021 годзе артыкул 130 КК быў дапоўнены паняцьцем «іншыя сацыяльныя групы».
«Рэжым спрытна падабраў пад „іншыя групы“ тых, каго не дазваляе крытыкаваць — сябе і сваіх прадстаўнікоў. Група па прыкмеце „супрацоўнік міліцыі“ або „судьдзя“ стала ў адзін шэраг, напрыклад, з такімі сацыяльнымі групамі як рома альбо мусульмане. Як вынік — гэта зьнізіла адказнасьць за свае дзеяньні людзей, якіх наняла для службы сабе дзяржава», — тлумачыць юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова.
Між тым, паводле юрысткі, крытыка прадстаўнікоў улады за іх недахопы ці парушэньні не зьяўляецца «мовай варожасьці». Замест абароны ўразьлівых групаў, артыкул выкарыстоўваецца ўладамі як інструмэнт палітычных рэпрэсій і сродак абароны ад крытыкі.
«Заканадаўства ў Беларусі фактычна прымяняецца не для кантролю грамадзтва над уладамі, а для захаваньня захопленай улады і абслугоўваньня сваіх прадстаўнікоў», — адзначае юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова.
Юрыстка тлумачыць, дзе знаходзіцца мяжа паміж крытыкай і заклікамі да гвалту.
«Публічная крытыка дзеяньняў службовых асоб адрозьніваецца ад заклікаў да гвалту, у першую чаргу, уласна зьместам і формай у адносінах да тых, на каго накіраваныя гэтыя выказваньні. Мае значэньне таксама кантэкст, зносіны паміж тым, хто кажа, і тымі, на каго накіраваныя словы», — кажа Рудзянкова.
Юрыстка «Вясны» спасылаецца на Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), які Беларусь падпісала. У гэтым дакумэнце зразумела падзеленыя выказваньні і заклікі да дзеяньняў, тлумачыць юрыстка.
Гэтак, крытыка ўладаў уваходзіць у паняцьце «свабода выказваньня меркаваньня» і ахоўваецца артыкулам 19 МПГПП. А паводле артыкулу 20 МПГПП дзяржава абавязана юрыдычна забараняць мову варожасьці, пад якой разумеюць нэгатыўныя выказваньні адносна ўразьлівых групаў.
Рэжым Лукашэнкі ў артыкуле 130 КК зьмяшаў гэтыя нормы і кваліфікуе любое выкрыцьцё нязручнай для сябе праўды «распальваньнем варожасьці супраць групы па прыкмеце «дзяржслужачыя», даводзіць юрыст Рудзянкова. Між тым паводле Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (гэтак званы «Плян дзеяньняў Рабат», прыняты ў 2012 годзе ў сталіцы Марока Рабаце) «забарона мовы варожасьці павінна быць вузкай і дакладнай», а ўжываньне «крымінальнага права мусіць быць крайняй мерай, а не інструмэнтам для душэньня палітычнай крытыкі».
Асобна Рудзянкова спыняецца на тлумачэньні, чаму абраза міліцыянта, нават калі яна непрыемная, не роўная распальваньню варожасьці.
Крытыка ўладаў зьяўляецца кантролем над уладай, а распальваньне варожасьці — распаўсюдам небясьпечнай ідэалёгіі, якая будуецца на дыскрымінацыі і пагражае пэўным сацыяльным групам па пэўных прыкметах, даводзіць юрыстка і робіць наступную выснову.
«Мяркую, што грамадзтва і так гэта разумее, бо гэта базавае права чалавека — і яно інтуітыўна зразумела. Улада справаздачыцца перад народам, таму і лягічна, што яе трэба крытыкаваць. Іншае пытаньне, што ў Беларусі цяпер гэта небясьпечна», — разважае Рудзянкова.
Юрыдычная служба «Вясны» таксама адзначае, што дзяржаўная прапаганда Беларусі рэгулярна дазваляе сабе абразьлівыя выказваньні і нават заклікі да гвалту ў адрас апанэнтаў улады:
«Аднак з 2020 году ніводнай крымінальнай справы супраць дзяржаўных прапагандыстаў не завадзілі. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што 130 артыкул КК у Беларусі выкарыстоўваецца выбарачна і служыць інструмэнтам рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнага руху».
Форум