Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Літвы: рашэньне ЗША наконт «Белавія» было аднабаковым і не зьмяняе пазыцыі Літвы


Самалёт «Белавія»
Самалёт «Белавія»

Афіцыйная Вільня заявіла, што рашэньне Трампа аб зьняцьці санкцыяў, накладзеных на беларускага нацыянальнага авіяперавозьніка, ніяк ня тычыцца Эўразьвязу.

Рашэньне ЗША зьняць санкцыі зь беларускага авіяперавозьніка «Белавія» было аднабаковым і не паўплывае на абмежаваньні, уведзеныя для Беларусі Эўрапейскім Зьвязам, заявіла Міністэрства замежных справаў Літвы.

«Рашэньне аб зьняцьці санкцый зь „Белавія“ — аднабаковае рашэньне адміністрацыі ЗША. Генэральная ліцэнзія № 11, выдадзеная Міністэрствам фінансаў ЗША, дазваляе ажыцьцяўляць апэрацыі зь „Белавія“, але актывы кампаніі застаюцца замарожанымі. Гэтае рашэньне ЗША не ўплывае на абмежавальныя захады, уведзеныя Эўрапейскім Зьвязам для Беларусі, у тым ліку „Белавія“, — заявіла Міністэрства замежных справаў у сваім адказе выданьню Delfi.

Паводле зьвестак міністэрства, суб’ектам ЭЗ не дазваляецца падпісваць якія-небудзь пагадненьні з кампаніяй. Абмежаваньні на тавары, зьвязаныя з авіяцыйным сэктарам Беларусі, таксама застаюцца ў сіле. Акрамя таго, застаецца ў сіле рашэньне закрыць паветраную прастору Эўрапейскага Зьвязу для паветраных караблёў, якія эксплюатуюць беларускія авіяперавозьнікі, прынятае пасьля незаконнай вымушанай пасадкі пасажырскага самалёта Ryanair, што ляцеў з Атэнаў у Вільню ў 2021 годзе. Тады самалёт прызямлілі ў Менску, каб затрымаць апазыцыйнага журналіста Рамана Пратасевіча.

„Ніводная з прычынаў, на падставе якіх ЭЗ пачаў уводзіць санкцыі супраць Беларусі, ня зьнікла — рэпрэсіі супраць насельніцтва, парушэньні правоў чалавека, фальсыфікацыя выбараў, інструмэнталізацыя міграцыі (да якой непасрэдна спрычынілася „Белавія“) і саўдзел у вайне на баку Расеі, якая ажыцьцяўляе ваенную агрэсію супраць Украіны», — заявіла літоўскае міністэрства.

11 верасьня ЗША зьнялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія». Пра гэта на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл. Гэта адбылося ў абмен на вызваленьне і выправаджэньне з радзімы 52 палітвязьняў, частка зь якіх амаль даседзела прысуджаныя тэрміны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG