Аляксандар Лукашэнка заявіў, што замінаваньне Польшчай і краінамі Балтыі памежнай зь Беларусьсю тэрыторыі — адна з формаў ціску на краіну.
«Непрыязная палітыка Захаду датычна нас перарастае ў адкрыта агрэсіўную. Пакуль асаблівай рызыкі і простых вайсковых пагрозаў ня бачым, бо супрацьпяхотныя міны — абарончы тып зброі. Пагатоў у нас няма плянаў пераходзіць межы суседзяў без запрашэньня», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнку.
«Аляксандар Лукашэнка чарговы раз заявіў аб гатоўнасьці Беларусі сябраваць і супрацоўнічаць з усімі, хто шчыра гэтага хоча, ісьці туды, дзе нас чакаюць. Але ісьці «не на танках, а на трактарах», — адзначаецца ў публікацыі.
Польшча і краіны Балтыі ўхвалілі рашэньне аб замінаваньні памежнай зь Беларусьсю тэрыторыі з прычыны ваеннай пагрозы, а таксама мігранцкага крызісу, які працягваецца з 2021 году і які, паводле экспэртаў, улады Беларусі арганізавалі супольна з Расеяй.
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору краіны для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Расейскія войскі рэгулярна абстрэльваюць Украіну з розных відаў узбраеньня — ударнымі дронамі, ракетамі, кіраванымі авіябомбамі.
Кіраўніцтва Расеі зьняпраўджвае тое, што расейская армія наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры і мірным насельніцтве.
Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і пераконваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
Форум