Партал «Люстэрка» пацікавіўся ў праўладнага палітоляга, чальца камісіі па вяртаньні Юрыя Васкрасенскага, які лёс чакае Міколу Статкевіча, вызваленага палітвязьня, які адмовіўся пакідаць Беларусь.
Прапануем вам тэкст гутаркі журналісткі з Васкрасенскім у скароце.
— Усё ж дзе Статкевіч?
— Ну, учора ў эфіры Азаронак сказаў, што ён пайшоў у Літву. Але можа ён да Літвы і не дайшоў. Але калі ён на тэрыторыю Беларусі прыйшоў — натуральна, ён паедзе назад у месца адбываньня пакараньня. І таксама будзе ў рэжыме інкамунікада.
— Чаму? Вы ж кажаце, што гэтых людзей памілавалі.
— Дык калі гэты не прыняў памілаваньне. Калі ён пайшоў у бок Літвы — яго падабралі літоўскія памежнікі. Калі ён пайшоў у наш бок — то яго падбяруць нашы памежнікі. Але ён паедзе адбываць пакараньне, бо ён відавочна адмовіўся ад гэтага памілаваньня. Па-мойму, ён гэта так нават казаў сваім прыхільнікам, што мне не патрэбнае ніякае памілаваньне ад вашага лідэра.
— А ён быў ва ўказе аб памілаваньні? Быў нейкі дакумэнт увогуле?
— Ну, вядома, усе дзеяньні ў нас юрыдычна афармляюцца адпаведнымі дакумэнтамі. Але некаторыя дакумэнты маюць грыф «для службовага карыстаньня».
— І як, зараз будзе новы суд? Ці адмена яго памілаваньня? Як гэта ў прынцыпе магчыма?
— Ну, можа, ён не прыняў памілаваньне. Я ж ня ведаю. Гэта пытаньне, якое вырашалася на самым высокім узроўні, на ўзроўні прэзыдэнта Беларусі і спадара Коўла, і спадара Сьміта.
Наколькі я мяркую, нават адпаведныя прававыя дакумэнты пісаліся не папярэдне. Таму што папярэдне не было зразумела, якога кампрамісу ўвогуле дасягнуць бакі. Калі вы ў курсе, спадар Коўл больш за пяць гадзін знаходзіўся на сустрэчы з прэзыдэнтам.
Я ўпэўнены, што нават кіраўнікі праваахоўных органаў не маглі меркаваць, якім па масавасьці будзе памілаваньне. Таму не выключана, што гэта ўсё афармлялася юрыдычна ў апошнія гадзіны, хвіліны.
Але юрыдычны аспэкт, мне падаецца, не надта важны. Пляваць, якія юрыдычныя дакумэнты, калі людзі выйшлі на волю. Ну, а калі нехта зь іх (у дадзеным выпадку спадар Статкевіч) адмовіўся ад памілаваньня, ну, значыць, магчыма, быў перароблены ўказ, дзе яго выкрасьлілі, і ён паедзе назад у месцы адбываньня пакараньня. Але ж гэта яго права. У нас дэмакратыя. Хочаш — сядзі, хочаш — выяжджай.
— Ён адмаўляўся прымаць дэпартацыю.
— Так, а калі дэпартацыя — гэта адна з умоваў зьдзелкі з амэрыканцамі, адна з умоваў памілаваньня? Разумееце, тут ёсьць такі нюанс. Мы з вамі можам толькі меркаваць, як экспэрты, што было ўмовай зьдзелкі. Але я мяркую, што з высокай доляй імавернасьці ўмовай зьдзелкі была, як вы называеце, дэпартацыя. Ну, дакладней, я б назваў гэта часовай высылкай для наступнай рэабілітацыі за межамі Беларусі. І калі адзін з удзельнікаў, суб’ектаў гэтай зьдзелкі парушыў яе, ну, значыць, напэўна, трэба, каб усё прыйшло ў першапачатковы стан да моманту складаньня гэтай зьдзелкі.
— А вы не баіцеся, што паколькі з беларускага боку зьдзелка не цалкам выкананая, то з амэрыканскага боку наступіць адмена?
— Вы ведаеце, наколькі я дакрануўся да беларускай улады за апошнія пяць гадоў — я ведаю, што беларускі бок заўсёды дакладна выконвае свае абавязаньні, дадзеныя на ўзроўні прэзыдэнта. Выпусьцілі самага галоўнага, так бы мовіць, ворага прэзыдэнта, гэта значыць Сяргея Ціханоўскага, у мінулы раз. Гэта значыць, прэзыдэнт так яго «баяўся», што ўзяў і выпусьціў. Тое ж самае зараз. Аднаго з самых галоўных і непрымірымых ворагаў Лукашэнку ён таксама выпусьціў.
А калі той не хоча падпарадкоўвацца ўмовам амэрыкана-беларускай зьдзелкі — ну, значыць, у дачыненьні да яго яна ня будзе дзейнічаць. Вось і ўсё. Таму з нашага боку зьдзелка выкананая цалкам. Я думаю, што спадар Статкевіч сваімі дурнымі дзеяньнямі падставіў часткова амэрыканскі бок.
Форум