Міжнародная ініцыятыва iSANS ацаніла ў 400 вайскоўцаў памер расейскага кантынгенту, які задзейнічаны ў вучэньнях «Захад-2025» на тэрыторыі Беларусі.
Найбольш імаверным сцэнарам разьвіцьця падзеяў экспэрты ініцыятывы лічаць вывад расейскіх вайскоўцаў зь Беларусі пасьля завяршэньня манэўраў.
Пра гэта паведамляе выданьне Reform.news.
Паводле інфармацыі iSANS, для ўдзелу ў «Захад-2025» у Беларусь прыбылі два расейскія самалёты Су-30 і шэсьць Су-34. Яны знаходзяцца на аэрадроме «Ліда». Яшчэ пяць расейскіх верталётаў разьмясьціліся на аэрадроме «Мачулішчы».
«Са складу сухапутных войскаў яшчэ ў жніўні прыбылі падразьдзяленьні 4-й танкавай дывізіі УС РФ. Пры гэтым у Беларусі працягваюць заставацца падразьдзяленьні 71-й мотастралковай і 98-й паветрана-дэсантнай дывізіяў, якія раней удзельнічалі ў вучэньнях АДКБ „Узаемадзеяньне-2025“. Калі дапусьціць, што і яны будуць удзельнічаць у вучэньнях, то пакуль расейскі кантынгент на вучэньнях у Беларусі складае каля 400 вайскоўцаў», — гаворыцца ў аналізе iSANS.
У ім адзначана, што маштабнай перадысьлякацыі войскаў не назіралася. Колькасьць эшалёнаў з тэхнікай і асабовым складам, якія прыбылі з Расеі ў Беларусь, прыкладна ў 10 разоў меншая, чым на манэўрах «Захад-2021».
У вучэньнях таксама бяруць удзел шэраг падразьдзяленьняў беларускага войска, уключаючы мэханізаваныя, артылерыйскія, радыёэлектроннай барацьбы, матэрыяльнага забесьпячэньня, авіяцыйныя, зэнітна-ракетныя і іншыя.
«Месцы правядзеньня вучэньняў ня зьведалі істотных зьменаў — гэта палігоны „Барысаўскі“ (дзе пройдзе актыўная фаза), „Лясішча“, а таксама ўмацаваныя раёны на Ваўкавыскім і Смаргонскім напрамках. Таксама будуць задзейнічаныя аэрадромы „Баранавічы“, „Мачулішчы“, „Ліда“ і аэрадромны ўчастак дарогі. Мінабароны Беларусі ўдакладніла, што манэўры праходзяць на палігонах, разьмешчаных у глыбіні і на ўсходзе краіны», — гаворыцца ў аналізе.
Экспэрты iSANS таксама нагадваюць, што ў ноч з 9 на 10 верасьня, калі ў паветраную прастору Польшчы заляцела ня менш за 19 расейскіх беспілётнікаў, у беларускай паветранай прасторы было каля 27 дронаў, зь якіх да сямі адзінак маглі паляцець у Польшчу. Адзначаецца, што для перахопу беспілётнікаў былі падняты зьнішчальнікі і верталёты.
Экспэрты ініцыятывы лічаць, што, хутчэй за ўсё, расейскія войскі пакінуць Беларусь пасьля манэўраў, аднак рызыка правакацыяў не выключаная.
«На нашу думку, найбольш імаверным сцэнарам завяршэньня вучэньняў стане вывад расейскага кантынгенту з Беларусі ў Расею, а агрэсія супраць Украіны і/ці краін NATO малаімаверная. Аднак нельга выключаць правядзеньня правакацый у бліжэйшы час — напрыклад, з выкарыстаньнем дронаў, кароткачасовымі парушэньнямі паветранай прасторы і іншымі дзеяньнямі падобнага кшталту», — лічаць у iSANS.
Форум