Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МУС Літвы расказаў, у якім выпадку і яго краіна закрые мяжу зь Беларусьсю


Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч
Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч

Польшча з-за вучэньняў «Захад 2025» з 12 верасьня закрыла мяжу з Беларусьсю.

Міністар унутраных спраў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч расказаў, што калі будуць правакацыі, Літва зробіць гэтак жа, піша Delfi.lt.

«Калі здарыцца (правакацыя), кіраўнік памежнай аховы гатовы ў тую ж хвіліну даць дазвол на закрыцьцё мяжы. Калі нешта адбываецца, дрон ці правакацыя, або нейкі невыразны павышаны рух сіл ля мяжы, мы можам гэта зрабіць», — сказаў у інтэрвію радыё LRT Кандратовіч.

Паводле яго слоў, пазьней рашэньне на больш працяглы тэрмін закрыць мяжу павінен прыняць урад Літвы.

Міністар акцэнтаваў, што мяжа зь Беларусьсю знаходзіцца пад пільным наглядам, а асобныя ўчасткі ўмацаваныя.

«У такіх месцах павышаны кантроль. Мы робім гэта і ацэньваем усе рызыкі, якія могуць быць. Я ўчора гаварыў з кіраўніком МУС Латвіі, іх пазыцыя і наша пазыцыя зараз — кантроль і прыняцьце адэкватных сытуацыі захадаў», — сказаў Кандратовіч.

Што цяпер на мяжы паміж Польшчай, Літвой і Беларусьсю

Апоўначы 12 верасьня (а 1-й гадзіне ночы паводле менскага часу) Польшча цалкам закрыла мяжу зь Беларусьсю, для аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту.

На мяжы Літвы і Беларусі працуюць толькі два пункты пропуску — у Медніках (Каменны Лог зь беларускага боку) і Салечнікі (Беняконі).

У 2023-2024 гадах Літва закрыла свае пункты ў Лаварышках, Райгорадзе, Шумску і Цьверачы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG