Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыжанкоў назваў рашэньне Польшчы закрыць мяжу зь Беларусьсю «антынародным»


Кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў, архіўнае фота
Кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў, архіўнае фота

Рашэньне Польшчы часова закрыць з 12 верасьня мяжу з Беларусьсю пракамэнтаваў кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў, адказваючы на пытаньні дзяржаўных СМІ.

Максім Рыжанкоў назваў крок польскіх уладаў «антынародным», накіраваным «супраць простых людзей, якія плянавалі свае паездкі», піша БелТА.

Паводле Рыжанкова, гэта таксама праява несумленнай канкурэнцыі, і палякі пакаралі гэтым сябе і сваіх партнэраў. Ён сказаў таксама, што гэтае рашэньне нэгатыўна адаб’ецца на іміджы Польшчы ў Беларусі.

Паводле ягоных словаў палітыкі Эўразьвязу «ўсё робяць для таго, каб ператварыць ЭЗ у нейкую абложаную крэпасьць»:

«Насамрэч у гэтым няма ніякай неабходнасьці, абсалютна бессэнсоўная задума з пункту гледжаньня забесьпячэньня бясьпекі, стабільнасьці ў рэгіёне. А наадварот, толькі яшчэ большае нагнятаньне, эскаляцыя».

9 верасьня кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск заявіў, што Польшча закрывае мяжу зь Беларусьсю апоўначы 12 верасьня, у тым ліку чыгуначныя пункты пропуску.

Раней прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ў ноч на пятніцу 12 верасьня Варшава закрые мяжу з Беларусьсю, у тым ліку чыгуначныя пераходы. Рашэньне зьвязанае з заплянаванымі беларуска-расійскімі стратэгічнымі вучэньнямі «Захад-2025».

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская назвала маючае адбыцца закрыцьцё Польшчай мяжы зь Беларуссю «прадказальным крокам у адказ на агрэсіўныя дзеяньні Пуціна і Лукашэнкі» і адзначыла, што дэмакратычныя сілы «кантактуюць зь Міністэрствам замежных спраў Польшчы і ў найбліжэйшы час даведаюцца, як будуць дзейнічаць гэтыя абмежаваньні».

  • Маштабныя вучэньні «Захад-2025» пройдуць 12–16 верасьня. Падчас вучэньняў будуць адпрацаваныя «плянаваньне прымяненьня» ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеяньні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.
  • Цяпер на беларуска-польскай мяжы дзейнічае толькі адзін даступны для падарожнікаў аўтамабільны пункт пропуску — Берасьце (з сумежнага боку Цярэспаль).
  • Пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG