Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, гэты дакумэнт у далейшым павінны зацьвердзіць кіраўнікі краін СНД.
Адзначаецца, што адпаведную ініцыятыву ў кастрычніку 2024 году агучыў прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў. Новы фармат накіраваны на прасоўваньне «станоўчага іміджу Садружнасьці на ўсясьветнай арэне, расшырэньне сувязяў з зацікаўленымі дзяржавамі, іх аб’яднаньнямі і міжнароднымі арганізацыямі».
У падрыхтоўцы праекту рашэньня бралі ўдзел прадстаўнікі Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Расеі, Таджыкістану, Узбэкістану і Выканаўчага камітэту СНД.
Наступнае пасяджэньне Савета кіраўнікоў краін СНД заплянавана на 10 кастрычніка. Цяпер фарміруецца кола пытаньняў, якія разгледзяць на гэтай сустрэчы.
Пасьля распаду СССР у 1991 годзе ў склад СНД увайшлі 11 колішніх савецкіх рэспублік, за выключэньнем Грузіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Грузія далучылася ў 1993 годзе, але ў 2008 годзе, пасьля расейскай агрэсіі, выйшла з гэтай арганізацыі.
У 2014 годзе з СНД выйшла Ўкраіна, пасьля пачатку расейскай агрэсіі ў дзьвюх абласьцях краіны — Данецкай і Луганскай, а таксама анэксіі Крыму.
Малдова спыніла свой удзел у мерапрыемствах СНД у 2022 годзе пасьля поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны і пачатку інтэграцыі ў Эўразьвяз. Цягам 2024 году Малдова пачала працэс выхаду з дамоў і пагадненьняў СНД.
Туркмэністан у 2005 годзе перайшоў у статус асацыяванага сябра-назіральніка ў СНД, але зь ліку заснавальнікаў гэтай арганізацыі ня выйшаў.
Форум