Ягоныя словы трапілі ў жывы эфір, калі Сі Дзіньпін разам з кіраўнікамі Расеі і Паўночнай Карэі Ўладзімірам Пуціным і Кім Чэн Ынам падымаліся да брамы Т’яньаньмэнь у Пэкіне, дзе назіралі за цырымоніяй, прысьвечанай 80-й гадавіне паразы Японіі ў Другой сусьветнай вайне.
Як паведамляе Bloomberg, аўдыёзапіс размовы пра даўгалецьце доўжыўся менш за хвіліну і часам абрываўся. Было чуваць словы Сі на кітайскай (мандарынскай) мове — «у нашы дні» і «70 гадоў».
Перакладнік, відавочна, перадаючы словы Сі, сказаў па-расейску: «Раней людзі рэдка дажывалі да 70 гадоў, але цяпер у 70 гадоў ты ўсё яшчэ дзіця».
Пуцін нешта адказаў, але ягоных словаў не было выразна чуваць у стужцы.
«Дасягнуць неўміручасьці»
Затым перакладнік, выглядае, перадаў словы расейскага лідэра, сказаўшы па-кітайску: «З разьвіцьцём біятэхналёгій чалавечыя органы можна бесьперапынна перасаджваць, і людзі могуць рабіцца ўсё маладзейшымі і маладзейшымі, і нават дасягнуць неўміручасьці».
Потым было чуваць перакладчыка, які паўтарыў па-карэйску словы пра трансплянтацыю органаў.
Затым Сі зноў сказаў па-кітайску перад тым, як запіс спыніўся: «Прагнозы такія, што ў гэтым стагодзьдзі ёсьць шанец дажыць да 150 гадоў».
Размова адбылася за некалькі хвілін да таго, як Сі выступіў з прамовай у гонар перамогі Кітаю над японскай агрэсіяй 80 гадоў таму, пасьля чаго адбыўся парад з паказам новых узбраеньняў.
Як адзначае Bloomberg, узрост і здароўе выклікаюць заклапочанасьць лідэраў Кітаю і Расеі, але ніводны зь іх не прызначыў відавочных пераемнікаў. 72-гадовы Сі скасаваў абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны і, магчыма, будзе балятавацца на чацьвёрты тэрмін на пасадзе кіраўніка Кітая ў 2027 годзе. Пуцін, таксама 72-гадовы, зьмяніў законы сваёй краіны, каб дазволіць яму кіраваць Расіяй даўжэй.
41-гадовы Кім узяў у Пэкін сваю дачку, і гэта выклікала да жыцьця вэрсію, што ён рыхтуе яе ў якасьці пераемніцы.
Форум