З пачатку году Польшчу прымусова пакінулі 1100 іншаземцаў, паведаміла Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі. Гэта такая ж колькасьць, як і за ўвесь мінулы год, піша Rzeczpospolita. Сярод іх 15 грамадзян Украіны, якіх ня раз каралі за розныя парушэньні, у тым ліку за апэрацыі з наркотыкамі і апіятамі, махлярствы, крадзяжы і іншыя злачынствы. Ім забаронены ўезд у Польшчу на пэрыяд ад 5 да 10 гадоў.
«Цяпер надыходзіць час абавязковага рэагаваньня на падзеі мінулага, якія прывялі да масавага, недастаткова кантраляванага прытоку іншаземцаў у нашу краіну. Маю на ўвазе, у прыватнасьці, прыток іншаземцаў у рамках так званага „гандлю візамі“, а таксама хвалю ўцекачоў з Украіны пасьля агрэсіі Расеі супраць гэтай краіны», — сказаў палкоўнік Яцэк Монка, былы намесьнік начальніка Агенцтва ўнутранай бясьпекі (ABW).
Раней польскія службы паведамілі пра неадкладную дэпартацыю 63 украінцаў і беларусаў, якія справакавалі беспарадкі і скандал падчас канцэрту рэпэра Макса Каржа на Нацыянальным стадыёне — 13 зь іх на гэты момант ужо прымусова дэпартаваныя. Абсалютная бальшыня — грамадзяне Ўкраіны.
Цяпер у сьпісе «непажаданых» 5900 украінцаў (зь якіх 4200, ці больш за 70%, маюць канчатковы прысуд), 4200 грузінаў (1600 асуджаных), 2500 сырыйцаў (у тым ліку 800 з абвінаваўчымі прысудамі), а таксама 2400 грамадзян Афганістану (300 з канчатковымі прысудамі), 2200 беларусаў (500 з канчатковымі абвінаваўчымі прысудамі) і 1900 расейцаў (у тым ліку 100 з абвінаваўчымі прысудамі).
Усе польскія службы могуць падаць заяву на ўключэньне ў сьпіс «непажаданых асобаў» — у тым ліку паліцыя, Агенцтва ўнутранай бясьпекі і Памежная варта — і ў залежнасьці ад тыпу парушэньня закону забароны накладаюцца на тэрмін ад паўгода да максымум 10 гадоў.
Раней Польская пракуратура накіравала ва ўроцлаўскі суд абвінаваўчы акт супраць шасьці чалавек, трох палякаў і трох беларусаў, якіх абвінавачваюць у працы на карысьць замежнай выведкі, імаверна, расейскай. За сабатаж на карысьць замежнай выведкі ім пагражае ад 10 гадоў да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Пры гэтым абсалютная бальшыня беларусаў у Польшчы жыве і працуе на цалкам законных падставах. За пяць гадоў колькасьць беларусаў, якія маюць дакумэнты на пражываньне ў Польшчы, павялічылася больш, чым у пяць разоў — з 28 745 у 2020-ым да 145 205 у 2025 годзе.
На сярэдзіну 2025 году 10 912 беларусаў афіцыйна знаходзяцца ў Польшчы на падставе міжнароднай або гуманітарнай абароны. Гэта амаль кожны трынаццаты з тых, хто легальна знаходзіцца ў Польшчы.
Форум