«Да апошняга моманту не зьвярталася па дапамогу — думала, вытрымаю. Але з часам станавілася толькі цяжэй», — напісала Марыя Новік на сайце BySol.
Яна працавала ў Tut.by намесьніцай бухгальтара, а ў Польшчу эмігравала вымушана ў сьнежні 2024 году, хоць да апошняга хацела застацца ў Беларусі. «Мне пачалі паступаць незразумелыя званкі з схаваных нумароў, кожную раніцу хтосьці доўга і гучна стукаў у дзьверы з патрабаваньнем адчыніць. А паколькі ў той час мой сын ужо быў на вайне ва Ўкраіне, перасьлед мог быць зьвязаны ня толькі з маёй справай, але і з гэтым фактам», — расказала Марыя.
Яна кажа, што сын пайшоў добраахвотнікам восеньню 2024-га. Яна спрабавала адгаварыць яго, але ён усё ж пайшоў ва ўкраінскае войска. Служыў у Трэцяй асобнай штурмавой брыгадзе снайпэрам.
Па прыезьдзе ў Польшчу яна спрабавала легалізавацца і адаптавацца да жыцьця ў чужой краіне. «І я б усё гэта вытрымала, бо я моцны чалавек. Мяне не зламала турма, не зламала эміграцыя — мяне зламала вайна, якая забрала майго сына. Яго ня стала паўгоду таму, ён загінуў пры выкананьні баявога заданьня. У гэтых рэаліях я стараюся жыць. Ратуе толькі дапамога іншых па меры сіл», — паведаміла Марыя.
«На жаль, фінансавая сытуацыя цяпер цяжкая: шмат грошай пайшло на паездку ва Ўкраіну на пахаваньне сына. Ашчаджэньні, якія ў мяне былі, падыходзяць да канца. Але на працу я пакуль уладкавацца не магу, бо працэс легалізацыі яшчэ ідзе. На фоне стрэсу пагоршылася здароўе, пачаліся праблемы са сьпінай, у галіне эндакрыналёгіі і гінэкалёгіі. Таму прашу дапамогі, каб перажыць гэты цяжкі момант майго жыцьця», — зьвяртаецца колішняя палітзьняволеная.
Ініцыятыва BySol абвясьціла збор сродкаў для Марыі Новік.
Форум