Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус, якому пагражала экстрадыцыя на радзіму, атрымаў статус уцекача ў Армэніі


Беларус Уладзімер Баландзін, якому пагражае экстрадыцыя з Армэніі ў Беларусь
Беларус Уладзімер Баландзін, якому пагражае экстрадыцыя з Армэніі ў Беларусь

22 кастрычніка Служба міграцыі і грамадзянства МУС Армэніі прыняла рашэньне аб наданьні статусу ўцекача беларусу Ўладзімеру Баландзіну, паведамілі армянскай службе Радыё Свабода ў Ванадзорскім офісе Хэльсынкскай грамадзянскай асамблеі.

36-гадовага грамадзяніна Беларусі Ўладзімера Баландзіна затрымалі на грузінска-армянскай мяжы, у кантрольна-прапускным пункце Баграташэн, і зьмясьцілі ў турму ў Армэніі ў сакавіку 2024 году.

Як сьцьвярджаюць у Менску, на радзіме Баландзіна абвінавачваюць нібыта ў растраце. Між тым, адвакаты беларуса сьцьвярджаюць, што мэбельніка Баландзіна прыцягнулі да адказнасьці за ўдзел у пратэстах 2020 году супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Ванадзорскі офіс Хэльсынкскай грамадзянскай асамблеі больш за восем месяцаў займаўся абаронай правоў Баландзіна, каб не дапусьціць ягонай экстрадыцыі ў Беларусь.

Генпракуратура Армэніі прыняла рашэньне выдаць Уладзімера Баландзіна Беларусі 31 траўня. У армянскай пракуратуры заявілі, што беларуская Генпракуратура нібыта дала гарантыі абароны ягоных правоў і свабодаў. Рашэньне армянскай пракуратуры, якое дазволіла экстрадыцыю, аспрэчвалі ў армянскіх судах, але марна.

Уладзімер Баландзін раней падаў заяўку на атрыманьне прытулку, яе паралельна разглядала Служба міграцыі і грамадзянства МУС Армэніі.

Цяпер стала вядома, што хадайніцтва беларуса задаволілі — Уладзімеру Баландзіну больш не пагражае небяспека экстрадыцыі, паколькі цяпер ён мае статус уцекача ў Армэніі, а ягоная экстрадыцыя забароненая канвэнцыяй, зазначаюць праваабаронцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG