Пра гэта паведамляе выданьне Reform.news.
Санкцыі ЭЗ былі ўведзеныя ў дачыненьні да кампаніі ў сувязі з падтрымкай рэжыму Лукашэнкі. Рада ЭЗ абгрунтоўвала рашэньне тым, што Dana Astra атрымала зямлю пад забудову ў Беларусі, уладальнікі кампаніі маюць шчыльныя сувязі з Аляксандрам Лукашэнкам, а нявестка Лукашэнкі Лілія Лукашэнка займала высокую пасаду ў кампаніі. Рада ЭЗ прыйшла да высновы, што Dana Astra такім чынам атрымлівала выгаду і падтрымлівала рэжым Лукашэнкі.
Dana Astra патрабавала адмяніць санкцыі, лічачы іх увядзеньне неабгрунтаваным. Абарона сьцьвярджала, што кампанія не падтрымлівае беларускія ўлады. Dana Astra заявіла, што атрымала ўчастак для будаўніцтва комплексу «Менск-Сьвет» на конкурснай аснове ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам. Кампанія заявіла, што апошнім часам рэжым Лукашэнкі распачаў шэраг захадаў, якія дэманструюць «неспрыяльнае стаўленьне» да кампаніі.
«Заяўнік зьвярнуў увагу на варожае асяродзьдзе для замежных кампаніяў, створанае рэжымам прэзыдэнта Лукашэнкі, і на нэгатыўны ўплыў гэтых мераў на яго дзейнасьць у Беларусі, у прыватнасьці на рэалізацыю праекту „Менск-Сьвет“. У выніку гэтых абмежаваньняў разьвіцьцё цэнтру было значна затрыманае, а сам праект зараз ажыцьцяўляецца са стратамі і пад ціскам», — гаворыцца ў дакумэнце.
Абарона Dana Astra таксама заяўляла аб адсутнасьці доказаў таго, што ўладальнікі кампаніі падтрымліваюць шчыльныя сувязі з рэжымам Лукашэнкі, а працаўладкаваньне Ліліі Лукашэнкі ня можа служыць доказам таго, што кампанія атрымлівала выгаду або падтрымлівала рэжым.
Суд не палічыў аргумэнты Dana Astra пераканаўчымі і пакінуў санкцыі ў сіле.
- У чэрвені 2023 году Эўрапейскі суд ўжо прымаў рашэньне адмовіць у зьбняцьці санкцыяў з зарэгістраванай у Менску будаўнічай кампаніі Dana Astra, якую кантралююць Багалюб Карыч і ягоны брат Драгамір Карыч. Кампанія Dana Astra трапіла ў санкцыйныя сьпісы ў 2021 годзе за супрацоўніцтва з уладамі Беларусі.
- Dana Holdings / Dana Astra — адзін з асноўных дэвелапэраў і забудоўнікаў у Беларусі. Кампанія атрымала зямельныя надзелы для забудовы некалькіх буйных жылых комплексаў і бізнэс-цэнтраў. Уладальнікі Dana Holdings / Dana Astra падтрымліваюць шчыльныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам.
- Увосень 2020 году выданьне EU Observer апублікавала расьсьледаваньне пра маёмасныя сувязі Dana Holdings з сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам і ягонай жонкай Ліліяй Лукашэнкай праз кіпрскія афшорныя кампаніі.
- 17 сьнежня 2020 году Рада ЭЗ унесла кампанію Dana Holdings / Dana Astra ў санкцыйны сьпіс. Пазьней кампанія трапіла пад санкцыі Вялікай Брытаніі, Швайцарыі, Альбаніі, Ісьляндыі, Ліхтэнштайну, Нарвэгіі, Паўночнай Македоніі і Чарнагорыі, якія далучыліся да новых санкцыйных пакетаў. У сакавіку 2023 году Dana Holdings / Dana Astra трапіла ў санкцыйны сьпіс Японіі.
- Аляксандар Лукашэнка 29 сьнежня 2023 году падчас дакладу старшыні Менгарвыканкаму Ўладзімера Кухарава наконт будаўніцтва жытла ў Менску зьвярнуў увагу на «скаргі» ў адрас кампаніі «Дана Астра» і даручыў «разабрацца, чаму людзі крыўдзяцца». Пасьля гэтага забудоўніка пачалі правяраць розныя кантрольныя органы.
Форум