Сьледчы камітэт Беларусі адзначае, што 31-гадовы мужчына зь верасьня 2020 года па жнівень 2024-га на тэрыторыі Менска і Менскай вобласьці «знаходзіў асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця, і пад маркай наданьня ім жыльля і сьпіртных напояў прымушаў да працы — жабраваньня ў мінакоў грошай і прадуктаў харчаваньня». Пры гэтым «усю міласьціну ён прысвойваў».
Згодна з матэрыяламі справы, на чыгуначных вакзалах ён пазнаёміўся з двума мужчынамі (63 і 69 гадоў) — жыхарамі Менскай і Магілёўскай абласьцей, якія ня мелі пастаяннага месца жыхарства і сродкаў да існаваньня.
«Абвінавачаны абяцаў перавезьці іх у Менск і даць ім працу ў будаўнічай сфэры, стабільны даход і дах над галавой, — гаворыцца ў паведамленьні.— Аднак, як толькі яны прыехалі ў сталіцу, сытуацыя кардынальна зьмянілася. Замест будаўнічых інструмэнтаў мужчына ўручыў ім арандаваныя інвалідныя каляскі і плякаты з надпісамі аб неабходнасьці аказаньня дапамогі».
Ён загадаў ім жабраваць і растлумачыў, дзе стаяць, што казаць мінакам, каб сабраць больш грошай,— піша СК.
Сабраныя грошы ён забіраў сабе, ён забраў у сваіх ахвяр пашпарты, пагражаў, зьдзекваўся, чыніў псыхалягічны ціск і ўжываў фізычную сілу, каб прымусіць падпарадкоўвацца і выходзіць жабраваць.
Пацярпелыя, як паведамляецца, баяліся зьвяртацца ў міліцыю, бо фігурант ажыцьцяўляў пастаянны кантроль, спасылаўся на сувязі ў праваахоўных органах і нібыта існуючы аўтарытэт у злачынным сьвеце, таму яго ахвяры маўчалі.
Абвінавачаны цяпер знаходзіцца пад вартай. Аабодва пацярпелыя памерлі ад сваіх захворванняў, — падкрэсьлівае СК.
Паводле ведамства, за кошт пацярпелых фігурант атрымаў даход больш за 60 тысяч рублёў. Сваю віну ён не прызнаў.
Затрыманага абвінавачваюць па п. 2 ч. 2 арт. 1811 Крымінальнага кодэкса (выкарыстаньне рабскай працы ці іншай формы эксплюатацыі чалавека, учыненае ў дачыненьні да дзьвюх і больш асоб). Яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.
Форум