Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вялікі воз» беларускіх талентаў. Навошта навукоўцы зь Беларусі другі раз зьбіраліся ў Эстоніі


Лягатып зьезду
Лягатып зьезду

У Эстоніі прайшоў другі зьезд беларускіх навукоўцаў «Вялікі Воз», які аб’ядноўвае адмыслоўцаў у галіне дакладных, тэхнічных і прыродазнаўчых навук і раскіданыя па ўсім сьвеце.

Згуртаваньне беларускіх суполак Эстоніі пры падтрымцы агенцтва ESTDEV зладзіла зьезд беларускіх навукоўцаў «Вялікі воз». У ім узялі ўдзел больш за 20 дасьледнікаў з Польшчы, Швайцарыі, Нямеччыны, Літвы, Францыі, Італіі, Вялікай Брытаніі і Эстоніі. Сабраліся прадстаўнікі сфэраў клеткавай біялёгіі, археалёгіі і археагенэтыкі, геномікі, астрафізыкі, арганічнай хіміі, матэрыялазнаўства, сацыяльнай экалёгіі. Далучыліся і папулярызатары навукі, творчыя дзеячы, якія займаюцца беларускамоўнай асьветай. Расказваем пра падзею падрабязьней.

Прэмія «Бізон Гіґс»

Хімік, дасьледчык Сяргей Бесараб у размове са Свабодай нагадаў, што год таму на першым зьезьдзе ўдзельнікі «Вялікага Ваза» вырашылі зладзіць незалежную народную прэмію «Бізон Гіґс» у галіне дакладных і прыродазнаўчых навук сярод беларускіх навукоўцаў.

«Калі гуманітарныя навукі яшчэ прысутнічаюць у навуковым полі, то пра разьвіцьцё прыродазнаўчых, тэхнічных навук у Беларусі амаль нічога не чуваць. Я называю гэта „савецкай дэфармацыяй“, калі казалі, што навука па-за палітыкай, „сядзі ў сваёй лябараторыі, маўчы, працуй і не высоўвайся“», — кажа Бесараб.

Па словах дасьледчыка, на Захадзе навукоўцы ў галіне прыродазнаўчых навук разумеюць, што ім трэба папулярызаваць свае дасьледаваньні, бо ад гэтага залежыць фінансаваньне, гранты, вядомасьць. Чым больш вядомы навуковец, тым больш яму будуць давяраць, выдаткоўваць грошы.

Летась супольнасьць аматарскага малатыражнага выданьня Pamyłka («Памылка»), якое выдаецца ў Варшаве невялікай калябарацыяй энтузіястаў, вылучыла на народную прэмію намінантаў у шасьці розных галінах навукі: лічбавыя камунікацыйныя тэхналёгіі, матэматыка, мэдыцына, квантавая хімія, штучны інтэлект, арніталёгія. Было народнае галасаваньне: людзі сабралі грошы для прэміі, самі вылучылі намінантаў, а потым выбіралі пераможцаў.

Сяргей Бесараб, архіўнае фота
Сяргей Бесараб, архіўнае фота

Першае месца было прысуджана Максіму Домнічу (анкалёгія, мэдыцына). Ён працуе ва Ўнівэрсытэцкім шпіталі Эсэна (University Hospital Essen) у Нямеччыне.

На другім месцы — Зьміцер Фірага (фармацэўтыка і квантавая хімія), ён працуе ў нямецкай кампаніі Avant-garde Materials Simulations, што знаходзіцца ў зямлі Бадэн-Вюртэмбэрг

На трэцім месцы — Юлія Сандамірская (робататэхніка і машыннае навучаньне), якая працуе ў Швайцарыі, узначальвае навуковы цэнтар «Кагнітыўныя вылічэньні» пры Цюрыхскім унівэрсытэце прыкладных навук.

Паколькі вынікі першай навуковай прэміі ўразілі, было вырашана правесьці другі зьезд і рухацца далей.

«Навуковец павінен сябе самаідэнтыфікаваць найперш як беларус»

У праграме другога «Вялікага Ваза» былі навуковыя даклады з нефармальнымі дыскусіямі і тэхнічнымі воркшопамі, абмяркоўваліся праблемы, зь якімі сутыкаюцца навукоўцы ў эміграцыі і нават шляхі эфэктыўнага ўзаемадзеяньня з мэдыямі — як дапамагчы СМІ з экспэртамі.

Сяргей Бесараб акцэнтуе ўвагу на тым, што асобны блёк зьезду быў прысьвечаны стварэньню і разьвіцьцю беларускамоўных STEM-праектаў (Science, Technology, Engineering and Mathematics — гэта адукацыйныя ініцыятывы, якія аб’ядноўваюць навуку, тэхналёгіі, інжынэрыю і матэматыку ў рамках аднаго праекта — РС).

«Вялікі Воз» — імпрэза, дзе сабраліся менавіта дасьведчаныя, эрудыраваныя, з вынаходніцкім мысьленьнем людзі, якія бачаць усе хібы, шчыліны, што не заўважныя астатняму грамадзтву. Гэта калябарацыя патрэбна, яна запрашае: «Калі навуковец-тэхнар, ты можаш прыйсьці да нас — „Вялікі Воз“ заўсёды чакае цябе». Чырвонай ніткай і на першым, і на другім зьезьдзе праходзіла самаідэнтыфікацыя ў STEM-навуках: трэба пашыраць беларускамоўную прысутнасьць у тэхнічных, прыродазнаўчых і інжынэрных навуках. Беларускі навуковец павінен сябе самаідэнтыфікаваць найперш як беларус. А то пачынаецца: Павал Сухой — беларус, Анатоль Чубайс — беларус, Айн Рэнд — беларуска. Рабяты, вы сур’ёзна? Вось я сам з Наваградка. Нам пашчасьціла, што ў нас быў легендарны Барыс Кіт, інжынэр, матэматык, які адправіў амэрыканцаў на месяц. Ён усё сваё даўжэзнае жыцьцё ў 107 гадоў ідэнтыфікаваў сябе як беларус. Вось на такіх людзей трэба раўняцца», — перакананы Сяргей Бесараб.

Экспарт ведаў як крыніца прыбыткаў

На другім зьезьдзе «Вялікага Ваза» акцэнт быў зроблены на тым, што беларускім навукоўцам неабходна сьмялей выходзіць у адкрыты сьвет, камунікаваць, паўсюль шукаць партнэраў, ствараць устойлівую сетку калябарацый на ўсясьветным узроўні, падкрэсьлівае Сяргей Бесараб.

«Беларуская навуковая супольнасьць зараз адрэзаная ад усясьветных праграм, выключана з усясьветнага абшару. Дыяспара можа ўзяць гэта ня сябе. Патрэбна ўстойлівая сетка, якая магла нашых тэхналягічных, інжынэрных супрацоўнікаў прэзэнтаваць як беларусаў. Беларусы — нацыя прыборабудаўнікоў і дасьледчыкаў. Мая мара — галоўнай крыніцай даходаў павінен стаць экспарт ведаў і тэхналёгій. Калі мы пад санкцыямі, мы можам страціць увесь інтэлектуальны патэнцыял, палітыкі гэтым не займаюцца. А гэтага дапусьціць нельга. Хтосьці павінен гэта рабіць. Ніша абсалютна не занятая. Таму „Вялікі Воз“ можа ўзяць на сябе падтрымку беларускіх навукоўцаў», — разважае Сяргей Бесараб.

На сустрэчы таксама ішла гаворка пра тое, што неабходна вызначыць пул публічных асобаў з дасьведчаных навукоўцаў, якія б узаемадзейнічалі з мэдыя. Бо СМІ адчуваюць вострую нястачу тэхнічных экспэртаў, паўстае шмат тэхналягічных пытаньняў, выклікаў: па штучным інтэлекце, электроніцы, дронах, біялёгіі.

«Не хацелася б, каб беларускія таленты зьніклі ці згубіліся»

Беларускі хімік-дасьледчык Зьміцер Канановіч працуе ў Талінскім тэхналягічным унівэрсытэце цягам 15 гадоў. Ён кажа, што да 2020 года шмат супрацоўнічаў з навукоўцамі зь Беларусі, да яго прыяжджалі беларускія асьпіранты. Зараз 90% зь іх у эміграцыі. Канановіч дапамагаў ім з рэкамэндацыйнымі лістамі, прапаноўваў варыянты, куды можна пайсьці ў асьпірантуру, дактарантуру.

Дзьмітры Канановіч
Дзьмітры Канановіч

«Да мяне і зараз зьвяртаюцца людзі, але не па маім профілі, напрыклад, са сфэры біялёгіі, а я там нікога ня ведаю. У нас ёсьць вялікі патэнцыял, багата беларускіх адмыслоўцаў працуюць за мяжой. Шмат хто эміграваў даўно, яны ўжо адбыліся як пасьпяховыя навукоўцы. Калі мы ўсіх зьбяром разам — будзе моцная ўплывовая інтэлектуальная сіла. Мы зможам падтрымліваць дасьледаваньні адзін аднаго, напісаць рэкамэндацыйны ліст альбо знайсьці пазыцыю для здольнага маладога навукоўца — праз асабістыя стасункі ўсё робіцца нашмат лягчэй. Супольнасьць павінна дапамагаць сваім.

Хтосьці ў Беларусі папулярызуе навуку, хтосьці працуе ў Акадэміі навук, ёсьць унівэрсытэцкія дасьледчыкі. Мне цікава, каб у нас стварылася сетка для акадэмічнай супрацы, каб мы пачалі праводзіць нейкія дасьледаваньні разам», — кажа Дзьмітры Канановіч.

Ён захапляецца тым, як у Эстоніі грамадзтва паважае навукоўцаў, цэніць іх, падтрымлівае таленты.

«І мы павінны так рабіць. Трэба падтрымліваць таленавітую моладзь, такіх апантаных людзей, як той жа хімік Дзьмітры Фірага, фізык Юля Сандамірская, іншых, каго згадвалі на „Вялікім Вазе“.

Навука аб’ядноўвае людзей. Навука — яна агульначалавечая, яна належыць сусьвету. Але ёсьць здольныя беларускія навукоўцы, іх неабходна падтрымаць, каб нашы таленты зрабілі свой унёсак у скарбонку ўсясьветнай навукі. Бо ёсьць шмат разумных, адукаваных беларусаў, і не хацелася, каб таленты зьніклі ці згубіліся», — перакананы Дзьмітрый Канановіч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG