Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў вынікі 2025 году ў сфэры правоў чалавека.
«Вясна» адзначае, што пасьля вызваленьня 189 былых палітвязьняў былі прымусова вывезеныя з краіны, і пазбаўленыя магчымасьці застацца дома.
Па стане на 23 сьнежня 2025 года ў беларускіх месцах зьняволеньня працягваюць утрымліваць 1135 палітвязьняў. З іх 968 — мужчыны, 168 — жанчыны.
На сёньняшні дзень у месцах зьняволеньня ўтрымліваюцца:
- 28 прадстаўнікоў мэдыя;
- 3 праваабаронцы;
- 21 лекар;
- 16 юрыстаў і адвакатаў.
На дадзены момант праваабаронцам вядома не менш чым пра 164 палітвязьні, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыкі. Сярод іх:
- мінімум 56 чалавек знаходзяцца ў цяжкім стане фізычнага здароўя,
- сем чалавек маюць інваліднасьць,
- 26 чалавек сталага веку, чый узрост перавышае 60 гадоў,
- 10 чалавек з мэнтальнымі разладамі.
Сярод палітзьняволеных — 34 чалавекі ў складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.
Мінімум 20 сямей наўпрост цяпер утрымліваюцца ў зьняволеньні. Так, напрыклад, сямейную пару з Гомеля — Станіслава Мачалава і Святлану Якубовіч — асудзілі за садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці да чатырох і пяці гадоў калёніі адпаведна. Таксама за кратамі знаходзяцца муж і жонка Натальля і Сяргей Дроніны.
Сёлета статус «палітвязьня» атрымалі агулам 509 чалавек.
Цягам 2025 года пры спрыяньні ЗША былі памілаваныя 342 чалавекі. Агулам зь ліпеня 2024 года на волю па памілаваньні выйшлі 569 палітвязьняў.
Сярод вызваленых палітвязьняў у гэтым годзе: кіраўнік і заснавальнік праваабарончага цэнтру «Вясна», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч. Таксама на волю выйшлі палітвязьні, якія шмат месяцаў правялі ў рэжыме інкамунікада без сувязі з мірам: юрыст Максім Знак, пэнсіянэрка Алена Гнаўк, былы прэтэндэнт у прэзыдэнцкіх прэзыдэнтаў Віктар Бабарыка, кіраўніцы выбарчага штабу Бабарыкі Марыя Калесьнікава.
У 2025 годзе пасьля памілаваньня і раптоўнага вызваленьня з месцаў няволі 189 палітвязьняў гвалтоўна вывезьлі з Беларусі. Але Мікола Статкевіч адмовіўся пакідаць краіну і зараз знаходзіцца ў зьняволеньні.
У Беларусі працягваюць выкарыстоўваць ізаляцыю вязьняў ад зьнешняга сьвету ў якасьці дадатковага ціску. Такім чынам наўпрост цяпер ня менш за 4 палітвязьні ўтрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада: Аляксандар Арановіч, Уладзімір Кніга, Мікалай Статкевіч, Аляксандар Францкевіч.
У 2025 годзе за кратамі памерлі двое палітвязьняў — Валянцін Штэрмер і Андрэй Паднябенны.
Форум