Сьцісла:
- «Здаецца, ідэя перамоваў вылучаная такім чынам, каб гэтага не адбылося».
- «Ідэя перамоваў павінна было б абмяркоўвацца паміж Менскам і Вашынгтонам ціха, без публічнай агалоскі».
- «Офіс Сьвятланы Ціханоўскай фактычна спрабуе перахапіць перамоўны працэс паміж Менскам і Вашынгтонам».
- «Менску атрымалася вылавіць самую вялікую рыбіну ў вадаёме міжнароднай палітыкі — ЗША».
— Дзяніс Кучынскі, прадстаўнік Офіса Сьвятланы Ціханоўскай, яе дарадца ў дыпляматычных пытаньнях, вылучыў ідэю арганізацыі міжнароднага круглага стала для перамоваў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Кучынскага, гэтую прапанову ён агучыў 16 ліпеня падчас перамоваў у Вашынгтоне з намесьнікам дарадцы прэзыдэнта ЗША Эндзі Бэйкерам. Як бы вы ацанілі гэтую ідэю стратэгічна, наколькі яна своечасовая й рэалістычная?
— Сама ідэя перамоваў, дыялёгу з менскім рэжымам (перамовы й дыялёг — гэта розныя фарматы), любое ўзаемадзеяньне з рэжымам — тэма ня новая. І ад 2020-га году яна заўсёды прысутнічала тым ці іншым чынам. Часам яна станавілася больш папулярнай, часам цалкам заціхала.
Але калі паглядзець, як гэтую ідэю цяпер прэзэнтаваў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай (ОСЦ), выглядае, нібыта крок у правільным накірунку, але зроблены такім чынам, каб гэта ня здарылася.
Гэтае пытаньне павінна было б абмяркоўвацца паміж Менскам і Вашынгтонам, ціха і без публічнай агалоскі. Трэба адзначыць, што Дзяніс Кучынскі агучыў цэлы шэраг умоваў, якія выглядаюць абсалютна нерэалістычнымі. Напрыклад, тое, што яшчэ перад перамовамі павінны быць спынены рэпрэсіі, вызвалены ўсе палітзьняволеныя. А да гэтага Аб’яднаны пераходны кабінэт яшчэ дадаў умову, што Лукашэнка сам ня можа ўдзельнічаць у перамовах, у гэтым фармаце.
Таму ўзьнікае пытаньне, наколькі рэалістычна ўвогуле бачаньне сытуацыі Офісам. Дадам яшчэ таксама да невыканальных умоваў тое, што толькі Сьвятлана Ціханоўская можа прымаць рашэньне, хто будзе ўдзельнічаць у гэтым фармаце перамоў.
У гэтым сэнсе я бачу ўзаемавыключальныя рэчы, якія робяць немагчымым рэалізацыю гэтай ідэі. То бок ініцыятыва нібыта ёсьць, але мы ведаем, што яна ня можа быць выкананая. Вось і таму выглядае гэта проста як нейкі піяр, публічны жэст, які можа прыцягнуць увагу, але ён абсалютна невыканальны.
Разам з тым, мяне турбуе пэрспэктыва працы па вызваленьні палітычных зьняволеных — наколькі гэта можа адбіцца на перамоўным працэсе, які ідзе паміж Менскам і Вашынгтонам на працягу году. Увесь гэты час Менск і Вашынгтон вельмі старанна на дыпляматычным узроўні выбудоўвалі вельмі складаны працэс. Гэты працэс адбываўся паміж дзьвюма дзяржавамі, якія знаходзяцца не ў сяброўскіх адносінах, у якіх адносіны дзесьці на нулі, а можа й ніжэй, у стане канфрантацыі. І вось тым ня менш яны знайшлі ў сабе сілы сесьці распачаць дыпляматычны дыялёг. Гэтая размова па большай частцы праходзіла ў закрытым фармаце й цэлы год яны абмяркоўвалі, што можна зрабіць, якія могуць быць быць пагадненьні, якія могуць быць контуры ўгоды наконт вызваленьня палітвязьняў і зьняцьця санкцыяў. Я асьцерагаюся, што цяперашняя прапанова ОСТ можа нэгатыўна адбіцца на гэтым працэсе.
— Але, выглядае, у палітыцы гэта даволі распаўсюджаны крок — прапанаваць нешта ня надта рэалістычнае, і калі гэта не адбылося, то аўтары ініцыятывы ў любым выпадку застаюцца ў плюсе. Маўляў, мы вылучылі такую цудоўную ідэю, але іншыя яе не прынялі.
— Сапраўды, цяпер афіцыйны Менск павінен сказаць: «Гэта непрымальныя для нас умовы. Гэта канфігурацыя абсалютна нерэалістычная. Таму мы ня пойдзем гэтым шляхам». І тут мая занепакоенасьць у тым, што, як я бачу, Офіс Сьвятланы Ціханоўскай фактычна спрабуе перахапіць перамоўны працэс паміж Менскам і Вашынгтонам, нейкім чынам убудавацца ў яго, далучыцца да яго, і магчыма нават гэты працэс адправіць у кювэт.
— Якая тут роля і інтарэс Адміністрацыі ЗША? Верагодна, калі Кучынскі вылучыў гэтую прапанову, то ён кансультаваўся з амэрыканскімі калегамі. У нейкім варыянце разьвіцьця падзеяў Вашынгтон мог бы мець пэўныя палітычныя й ідэалягічныя плюсы ад такога працэсу, калі б ён пачаўся.
— Тут важна адзначыць, што перамоўны працэс паміж Вашынгтонам і Менскам заўсёды быў сфакусаваны толькі на пытаньнях вызваленьня палітвязьняў. Ніколі не было там парадку дня пра вырашэньне беларускага палітычнага крызісу ўвогуле. Прапанова пра пачатак нацыянальнага дыялёгу вельмі моцна размывае гэты парадак дня.
Думаю, бакі асэнсавана будуць імкнуцца да таго, каб звузіць гэты перамоўны трэк менавіта да пытаньня вызваленьня палітвязьняў у абмен на адмену санкцыяў. Хапае іншых пытаньняў, звышважных для абодвух бакоў. Гэта мірны працэс па Ўкраіне, разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі. Але калі кідаць усе гэтыя пытаньні ў адзін кацёл, то фактычна гэта можа прывесьці да зрыву перамоваў. А гэта не ў інтарэсах і ЗША, і беларускай грамадзянскай супольнасьці — тых ініцыятыў, якія змагаюцца за вызваленьне палітычных вязьняў у Беларусі.
Тое, што Дзяніс Кучынскі мог прапанаваць гэтую ідэя падчас сваіх сустрэчаў у Вашынгтоне, я абсалютна дапускаю. Я таксама падчас сваіх сустрэч у Вашынгтоне адразу пасьля яго прыезду, ведаў пра тое, што такая тэма магла абмяркоўвацца. Іншая справа, што Кучынскі пайшоў у публічную прастору з гэтым яшчэ да таго, як беларускі бок мог на гэта адрэагаваць. Гэта выглядае вельмі дзіўна — людзі спрабуюць скарыстацца працэсам, заскочыць у цягнік, які вядуць зусім іншыя людзі.
— Вы кажаце пра малую рэалістычнасьць перамоўнага працэсу, круглага стала ў цяперашніх умовах. Але ў гісторыі сучаснай Беларусі было нейкае падабенства перамоваў паміж уладай і апазыцыяй. У 2000-м годзе праходзілі перамовы паміж ня самымі высокімі прадстаўнікамі ўлады і лідэрамі апазыцыйных партыяў пра пасярэдніцтве кіраўніка кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка. Відавочна, гэта не прывяло да чагосьці кардынальнага. Але чаму б менскім уладам і зараз не запусьціць нешта падобнае, імітацыю дыялёга?
— Сам працэс нейкага дыялёгу, дзе абмяркоўваюцца тэмы, якія маюць агульны інтарэс, ня выключаны. Аднак не ў такім фармаце, які прапануе ОСТ, не са Сьвятланай Ціханоўскай і яе камандай, якая стала вельмі таксычнай для менскага рэжыму. Гэты антаганізм, які існуе ад 2020 году, нікуды не падзеўся, нават можна сказаць, што ён стаў яшчэ вастрэйшым.
Цяпер Менск адчувае сябе куды больш упэўнена, чым яшчэ некалькі гадоў таму. Фактычна яны здолелі сваю ўнутраную праблему вырашыць, стабілізавалі ўнутрыпалітычную, эканамічную сытуацыю. Так, у іх ёсьць цэлы шэраг праблем і цэлы шэраг рызыкаў унутры краіны.
Але на сёньняшні дзень няма ніякіх аб’ектыўных прычын для Лукашэнкі пачынаць дыялёг са Сьвятланай Ціханоўскай. Для Лукашэнкі гэта будзе ў пэўным сэнсе прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай як рэальнага актара беларускай палітыкі. Пры тым, што на сёньня структуры беларускай апазыцыі знаходзяцца ня ў стадыі росту, а падзеньня ў сэнсе свайго палітычнага ўплыву, тым больш у самой Беларусі. Гэта абсалютна нелягічна выглядае для палітыка любога кшталту — ці то дыктатар, ці нармальны дэмакрат. Проста так даваць апанэнту такія значныя рэсурсы, такую прастору для дзейнасьці.
І ў Беларусі цяпер ня тая самая сытуацыя, што была пры Віку. Беларуская ўлады ў гэтым сэнсе паводзяць сябе вельмі ўпарта, пасьлядоўна — адмаўляюць любую суб’ектнасьць Ціханоўскай.
— Паводле вашых словаў, беларускі рэжым сёньня адчувае сябе настолькі ўпэўненым, што ня мае патрэбу ў дыялёгу зь апазыцыяй. Але ў дыялёг з ЗША можа ўступіць, і прадметам размовы можа быць ня толькі тэма палітвязьняў.
— Менску атрымалася вылавіць самую вялікую рыбіну ў вадаёме міжнароднай палітыкі. Яны размаўляюць са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, яны размаўляюць з Адміністрацыяй Дональда Трампа. Навошта Лукашэнку размаўляць з кімсьці яшчэ? Яму нават з эўрапейцамі сёньня не настолькі цікава размаўляць — тым больш, што яны не гатовыя да гэтага.
У Лукашэнкі ў суразмоўцах кітайцы, расейцы, ЗША. Яму няма ніякага сэнсу размаўляць з кімсьці яшчэ, паколькі яны могуць вырашаць гэтыя праблемы наўпрост.
Што да парадку дня перамоўнага працэсу, які мы бачым на працягу году — сапраўды, гэта фокус на пытаньнях вызваленьня палітвязьняў у абмен на зьняцьце ці прыпыненьне санкцыяў. Вельмі важна для такога перамоўнага працэсу канкрэтызаваць, што мы хочам дамагчыся, да чаго мы хочам прыйсьці ў выніку. Але гэта не абмяжоўвае тыя тэмы, якія могуць падымацца падчас абмеркаваньняў. Напрыклад, адкрыцьцё амэрыканскай амбасады ў Менску, ці міграцыйны крызіс, ці зьвязаная з палітычнымі вязьнямі праблемы рэпрэсіяў, якія працягваюцца ў Беларусі.
Але для гэтага трэба давесьці працэс вызваленьня палітвязьняў да лягічнага канца, калі будзе посьпех для аднаго й з другога боку, тады бакі могуць перайсьці да іншых пытаньняў.
Форум