Палітвязьня з інваліднасьцю асудзілі на 4 гады калёніі
У судзе Маладачанскага раёну на мінулым тыдні вынесьлі прысуд 53-гадоваму Ігару Сідаровічу, якога раней ужо двойчы судзілі паводле палітычных крымінальных артыкулаў. Гэтым разам яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Суд прызначыў палітвязьню чатыры гады пазбаўленьня волі і штраф 42 000 рублёў, паведамляе «Вясна».
Вясной 2021-га яго двойчы асудзілі ў крымінальных справах: спачатку за ўдзел у пратэстах — тады абмежаваліся штрафам, а пазьней за «абразу» начальніка Маладачанскага РАУС Вадзіма Прыгары і прызначылі паўтара года «хатняй хіміі».
У канцы 2024 году Сідаровіча зноў зьмясцілі пад варту — за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК). Палітвязьня трымалі ў СІЗА, нягледзячы на інваліднасьць — у яго няма адной нагі.
Менскую лекарку асудзілі паводле трох артыкулаў
У Менскім гарадзкім судзе асудзілі пульманалягіню Алену Рудую, піша «Наша Ніва».
Лекарцы інкрымінавалі тры палітычныя артыкулы: ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу («заклікі да прычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»), ч. 3 арт. 361-1 КК («уваходжаньне ў склад экстрэмісцкага фармаваньня»), ч. 1 арт. 368 КК («абраза Лукашэнкі»).
Мінімальнае пакараньне, якое пагражала Рудой, — 4 гады калёніі, дакладны вырак невядомы.
Алена Рудая нарадзілася ў 1969 годзе, скончыла Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт (1992). Працавала ў 10-м шпіталі Менску (1992–2022), загадвала аддзяленьнем.
«Беларускую Акадэмію» прызналі «экстрэмісцкай»
Улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» праект «Беларуская Акадэмія», паведамляе «Вясна».
Такое рашэньне ўхваліў 22 ліпеня КДБ Беларусі. Паводле ведамства, дачыненьне да ініцыятывы мае Сьвятлана Сільверстава.
У Берасьці затрымалі дызайнэра Дзьмітрыя Царука
Пасьля трох сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня яго перавялі ў берасьцейскае СІЗА № 7, паведаміла «Вясна».
Паводле непацьверджанай інфармацыі, яго вінавацяць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК).
Дзьмітры Царук працаваў у сфэры дызайну, PR, мэдыяў і сацыяльных праектаў. Быў сярод стваральнікаў брэнду «Fajno».
Намесьніцу дырэктара менскай гімназіі асудзілі на 2 гады калёніі
62-гадовую Марыну Петражыцкую, былую намесьніцу дырэктара па выхаваўчай працы гімназіі № 34 ў Менску, асудзілі на два гады пазбаўленьня волі за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаваньні», паведаміла «Наша Ніва».
У ліпені 2021 году Петражыцкую затрымалі, правялі ператрус, дапыталі ў КДБ, а затым прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Калі яна страціла працу, дакладна невядома.
Жанчыну арыштавалі ў кастрычніку 2024-га. Паводле інфармацыі Belarus Women Foundation, нядаўна яе асудзілі на два гады калёніі.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».