24 ліпеня Нацыянальны парк «Прыпяцкі» заявіў, 16 чэрвеня ў Жыткавіцкім раёне 16 чэрвеня 2025 года фотапастка зафіксавала эўрапейскага дзікага ката.
Каля 300 гадоў таму папуляцыя лясных катоў у Эўропе пачала рэзка скарачацца, хоць да таго яны былі вельмі шырока распаўсюджаныя. У XX стагодзьдзі ў шэрагу краінаў, у тым ліку ў Беларусі, лічылася, што дзікія каты вымерлі. Апошняга ў Беларусі, як меркавалася, забілі ў 1927 годзе ў Барысаўскім раёне, і таго лічылі «госьцем» з поўдня. Ва Ўкраіне дзікія каты заставаліся ў Карпатах, але цяпер від стаў распаўсюджвацца на ўсход, дабраўся да левабярэжжа Дняпра, а магчыма, і да Беларусі.
Такім чынам цяпер у беларускіх навукоўцаў ёсьць відэа, па якіх ім зразумела, што гэта сапраўдны эўрапейскі лясны кот. І яны пачынаюць пошук генетычнага матэрыялу для фармальнага пацверджання віду. Будуць устанаўлівацца фотапасткі і часальныя слупкі для збору воўны на аналіз.
Атрыманае відэа высокай якасьці дазволіла ідэнтыфікаваць характэрныя асаблівасьці дзікага ката:
- Вялікі памер у параўнаньні з хатнім
- Шаравата-жоўты, вохрысты колер поўсьці з размытым малюнкам і ледзь прыкметнымі палоскамі
- Чатыры даўжэйшыя і адна кароткая цёмная палоска на шыі
- Дзьве паралельныя цёмныя палоскі на плячах
- Вузкая цёмная палоска пасярэдзіне сьпіны ад лапатак да асновы хваста
- Карацейшы, тоўсты хвост з тупым канцом і 4 цёмнымі кольцамі
- Скура носа цялеснага колеру
- Доўгія, густыя белыя вусы
- Белая пляма на горле
- Слаба выяўленае кольца на шыі і інш.
Навукоўцы даводзяць, што адсутнасьць прыкмет гібрыдызацыі, такіх як плямы на крупе, завостраны кончык хваста і злучаныя кольцы на хвасьце, пацьвярджае прыналежнасьць асобіны да віду — дзікі кот.
Форум